Валянціна Безгіна: “Калі я паставіла перад сабой мэту, то я абавязкова яе дасягну”

Актуалии Общество

Валянціна Безгіна: “Калі я паставіла перад сабой мэту, то я абавязкова яе дасягну”

Усе мы розныя, кожны са сваімі перакананнямі, устаноўкамі і поглядамі на жыццё. Некаторыя рысы нашага партрэту ўпісваюцца ў характар ужо пры нараджэнні, над іншымі гранямі сваёй асобы мы працуем усё жыццё, шліфуючы іх, дапаўняючы новымі. Тут важна ўсё – і людзі, што сустрэліся на жыццёвым шляху, і ў час прачытаная кніга, і здольнасць мяняцца і развівацца. З чалавекам напоўненым, багатым духоўна, які нечым выдзяляецца сярод іншых, заўжды цікава мець зносіны.
Менавіта такім чалавекам, цікавым і надзвычай шматгранным, і з’яўляецца Валянціна Безгіна. Няма сумненняў, што жанчыну на партрэце многія ўжо пазналі. Валянціна не толькі аўтарытэтны ў раёне медыцынскі работнік, яркая артыстка самадзейнасці, спартыўны трэнер, які прапаведуе законы здаровага ладу жыцця, яна адкрыты чалавек, гатовы дзяліцца з людзьмі пазітыўнымі поглядамі на жыццё. Яе ніколі не ўбачыш панурай ці разгубленай. Яна заўжды ведае, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі. Яна моцная духам жанчына. І сапраўды цікава даведацца, як жа ёй усё гэта ўдаецца.

Пра сябе
Пра тое, што пайшла ў медыцыну, Валянціна ніколі не пашкадавала, хаця прызналася, што збіралася стаць банкаўскім работнікам – у сям’і многія выбралі гэту дарогу. Але менавіта таму маці і перанакіравала яе памкненні ў іншы бок. Бадай, гэта адзінае ўмяшанне ў сваё жыццё, якое дазволіла Валянціна. Далей яна ўсё і заўжды вырашала сама. Такі характар.
Скончыўшы Полацкае медыцынскае вучылішча, вярнулася працаваць у родны раён загадчыкам ФАПа. Пачынала з Лескавічаў, але за сваю доўгую працоўную біяграфію давялося папрацаваць у розных кропках раёна.
З юнацтва была салісткай ансамбля, расказала, што за два тыдні засвоіла ігру на гітары. Са спортам таксама пасябравала аднойчы і назаўжды. Яшчэ ў вучылішчы ўзяла некалькі груп па аэробіцы, і да сённяшняга дня ў Валянціны як трэнера ёсць свая група прыхільнікаў.
Цікава, што будучы зусім юнай, яшчэ ў час вучобы, хадзіла ў ваенкамат і прасілася ў Афганістан.
– Што гэта – нейкі рамантызм, юнацкі максімалізм, вострае жаданне дапамагаць людзям?
– Гэта быў патрыятызм. Так нас выхоўвалі. Мне абавязкова хацелася трапіць у “гарачую кропку”, служыць радзіме.
Праўда, абышлося без Афганістана, але затое была камандзіроўка ў Чарнобыль. Два з паловай месяца ў 30-кіламятровай зоне ў вёсцы Рудакоў.

Пра характар
Так, Валянціна Безгіна – жанчына з характарам, асобную партыю ў якім выконваюць менавіта мужчынскія ноткі. Адсюль, напэўна, і прага подзвігаў, і ўпэўненасць ва ўласных сілах, і ўменне вырашаць пастаўленыя задачы.
– Так, я па жыцці змагар. Калі я паставіла перад сабой мэту, то я абавязкова яе дасягну. Па-іншаму я не ўмею. Я заўжды ведала, што мне трэба ад жыцця і ўсяго дабівалася сама, сама вырашала ўсе свае праблемы. Я нават крэдыты ніколі не брала, але заўжды магла купіць сабе ўсё, што захачу. Іншая справа, што мне многага не трэба.
Валянціна лёгка сыходзіцца з людзьмі, не баіцца новых знаёмстваў. Яе заўжды пазітыўны настрой прываблівае многіх. Таму і кола знаёмых у яе надзвычай шырокае.
Яна прызналася, што не даруе падману і здрады, а ўсё, што думае, гаворыць у твар. А добра развітая інтуіцыя дапамагае разбірацца ў людзях.

Пра мужчын
Валянціна лёгка знаходзіць агульную мову з мужчынамі, кажа, што яны яе разумеюць, найперш бачаць у ёй асобу і ніколі не дазваляюць сабе нейкага нахабства.
– А якія жанчыны падабаюцца мужчынам?
– Наогул, мужчыны ўсе розныя, але ўсе любяць, каб пра іх клапаціліся. Так, зараз шмат гавораць пра тое, што жанчына павінна быць эгаісткай і любіць толькі сябе, маўляў, тады і мужчыны яе любіць будуць. Я з гэтым не згодная. Закахацца ў такую можна, але ўсё жыццё з ёй пражыць наўрад ці. Мужчыны любяць, каб жанчына была працавітай, каб бралася вырашаць пытанні, умела дараваць. А, наогул, кожнага мужчыну робіць жанчына. Якога злепіць, такім ён і будзе. Мужчын гатовых не бывае.
– А што рабіць, калі вазіцца няма ахвоты?
– Вось адсюль і ўсе праблемы. Чаму зараз замуж дзяўчаты позна выходзяць – таму што ніхто не хоча нічога ляпіць, усе хочуць на гатовае. А няма яго, гатовага. А нам жа хочацца, каб было так, як у кіно.
– Добра. А што, калі лепіш, лепіш, а нічога не лепіцца? Мае сэнс жыць разам ці ўсё ж трэба разыходзіцца па розных берагах?
– Тут трэба ўспомніць, што і ты не ідэальная. Трэба знайсці тыя струны, якія дазволяць трымацца разам. У любым выпадку, мяняць іх, мужчын, бясконца таксама сэнсу ніякага няма.

Пра жаночае і жаноцкае
У жыцці жанчыны самае галоўнае сям’я і дзеці, упэўнена Валянціна Безгіна. І калі сёння яна пра што-небудзь і шкадуе, дык гэта толькі пра тое, што нарадзіла толькі аднаго сына. Сёння яе Мікіта ўжо дарослы, і яна будзе шчаслівая, калі і ў ягоным жыцці ўсё складзецца добра.
Размаўляць з гэтай жанчынай і не пацікавіцца сакрэтамі яе маладосці было б проста недаравальна.
– Ніякіх асаблівых сакрэтаў у мяне няма. Ды, і наогул, я не імкнуся выглядаць молада, проста хачу быць здаровай. Ніколі не лячуся хіміяй – толькі якасныя натуральныя прэпараты. Не ем пасля шасці, хаця на здаровым харчаванні я не зацыклена. Лічу, што есці варта тое, што патрабуе арганізм, але не перабольшваць. У маім халадзільніку ніколі няма, бадай, толькі маянэзу. А так – спорт, актыўны лад жыцця і пазітыўны настрой – вось і ўсе сакрэты.
У жанчыны абавязкова павінны быць сяброўкі, з якімі заўжды можна пагаварыць, правесці час, лічыць наша гераіня. Яна ўпэўнена, што для жанчыны вельмі важныя самарэалізацыя і некаторая незалежнасць.
*  *  *
Валянціна пакідае ўражанне шчаслівай жанчыны. Яна сама напісала сваё жыццё і працягвае гэты раман з задавальненнем і цікавасцю. Яна захоўвае вернасць творчасці і спорту, не баіцца адчыняць перад сабой новыя дзверы. Ва ўсялякім разе, няма такога, за што пабаялася б узяцца гэта жанчына, калі вельмі захоча. Цвёрдасць характару, эмацыянальная адкрытасць, нежаночая смеласць робяць яе такой, якая яна ёсць. Так атрымаецца далёка не ў кожнай, але ўсе мы нараджаемся пад рознымі зоркамі. Зорка Валянціны Безгінай свеціць ярка, няхай гэтага святла хопіць яшчэ на доўгія гады актыўнага напоўненага жыцця.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №3 ад 09.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *