Михаил Семёнов: о юбилее Шумилинской СШ №1, идеях, авторитете учителя и своих сожалениях

Актуалии Образование

Міхаіл Сямёнаў: “Першая  школа  заўсёды  была  на  першым  месцы”

А ён і сёння ўсёй душой са школай. Думае пра яе, хвалюецца, калі нахлынуць успаміны, гуртуе вакол сябе сваіх былых саратнікаў як у рэаліі, так і ў сацыяльных сетках. Дакладней, яны самі гуртуюцца, асабліва зараз, напярэдадні 100-годдзя іх роднай Шумілінскай СШ №1, быццам ён не пайшоў у адстаўку, а і сёння павінен рашаць усе школьныя пытанні.
Гэта аўтарытэт. У чыстым выглядзе. Аўтарытэт чалавека, высокага прафесіянала, дырэктара першай ва ўсіх сэнсах школы раёна.
Міхаіл Захаравіч Сямёнаў – дырэктар Шумілінскай СШ №1 з 1986 па 2012. 26 год. Няхай не крыўдуюць на нас іншыя дырэктары гэтай установы, але асоба Міхаіла Захаравіча і яго ўклад у развіццё школы падаліся нам найбольш яркімі для газетнага інтэрв’ю напярэдадні юбілею.

– Міхаіл Захаравіч, якой вам успамінаецца СШ №1 1986 года, з чаго вы пачыналі сваё дырэктарства?
– Першая школа заўсёды была флагманам, выдзялялася добрымі надзейнымі кадрамі. І мне пашчасціла прыйсці ў выдатны прафе-сійны калектыў. Умацаванне гэтага высокага іміджу школы, раскрыццё навуковага і творчага патэнцыялу кожнага настаўніка – гэта была галоўная задача на працягу ўсёй маёй школьнай кар’еры. Я ніколі не браў на работу ў СШ №1 выпадковага чалавека, а толькі таго, хто зарэкамендаваў сябе, хто хацеў расці сам і вучыць гэтаму дзяцей. Мы сабе цану ведалі.
Пачатак майго дырэктарства супаў з тым часам, калі на ўзбраенні настаўніка былі толькі падручнік, класная дошка і крэйда. Ад дошкі і крэйды да камп’ютара і інтэрактыўнай дошкі – такі быў шлях, такі быў час. Пачынаў з рамонту, з пасадкі дрэў і дэкаратыўных кустоў на ўчастку. За тры-чатыры гады пабудавалі дзве цяпліцы, сховішча для гародніны, пераабсталявалі актавую залу…
– Грошы давалі з бюджэту?
– Наша школа была пакрыўджана фінансаваннем, грошай не хапала, і мы вырашылі адкрыць у школе швейны клас, шылі там рукавіцы для ПМК-25, лясгасу і іншых прадпрыемстваў. Але я заўсёды быў супраць таго, каб школа зарабляла бульбай ці капустай. Лічу, што кожны павінен займацца сваёй справай: земляроб – вырошчваць хлеб і бульбу, настаўнік – вучыць дзяцей. Тады будзе толк.
– Міхаіл Захаравіч, за сваю дзейнасць у школе вы сталі ініцыятарам і натхняльнікам шэрага школьных праектаў, многія з якіх выраслі да раённага маштабу. Якія вы лічыце найбольш удалымі?
– Найбольш маштабны праект – стварэнне музычна-харавога ўхілу ў школе. Я моцна загарэўся гэтай ідэяй, паехаў у Віцебск ва ўпраўленне адукацыі, атрымаў падтрымку. І справа закруцілася. Па сутнасці ў нас была свая музычная школа з 23-ма выкладчыкамі. У кожнай паралелі (а тады паралелі налічвалі па чатыры класы) быў цэлы клас, які займаўся музыкай, мы яго пазначалі літарай “г”.
А потым уся школа ўзрушылася “Вясёлкай талентаў”, конкурсам вальсу (пазней ён перарос у фестываль “Вясеннія рытмы”), конкурсам салістаў “І ў песні ёсць душа”. За кожным класам быў замацаваны музычны работнік. Уся школа спявала і танцавала. Спытаеце: навошта гэта было, ці не замінала гэта вучобе? Ні ў якім разе. Толькі спрыяла ўсебаковаму развіццю кожнага школьніка, спрыяла згуртаванасці класных калектываў, дапамагала заявіць пра сябе і тым дзецям, каму не давалася навука. А для тых, каму яна давалася, мы адкрылі ў школе навуковае таварыства вучняў, ажыццявілі ідэю ўдзелу ў міжнародным матэматычным конкурсе “Кенгуру”. Дарэчы, мы стварылі і школьнае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў матэматыкі, фізікі, інфарматыкі.
Усе гэтыя праекты дапамагалі нам мацаваць марку першай школы раёна, мы мелі шмат поспехаў у вучобе, творчасці і спорце. Ганарыліся імі, паказвалі свае поспехі на адкрытай “Выставе дасягненняў”.
Наша творчасць не ўмяшчалася ў рамках школьнага будынка, і неяк сам сабою нарадзіўся праект “Творчая справаздача Шумілінскай СШ №1”. Гэтая справаздача звычайна праходзіла ў маі на сцэне раённага Дома культуры, зала якога не ўмяшчала ўсіх прагных гледачоў.
Не магу не сказаць і пра такі значны праект, як стварэнне музея гісторыі школы. Гэта вельмі важна, тым больш, што гісторыя нашай установы з гераічнымі біяграфіямі яе настаўнікаў і вучняў – сапраўды ўнікальная.
Хаця б штрыхом нагадаю пра яшчэ адзін праект, які мы паспяхова ажыццяўлялі (і сведкамі гэтаму былі ўсе жыхары Шуміліна) – стварэнне еўрапейскага ландшафту тэрыторыі школы.
– Адкуль бралі ідэі?
– Я родам з СССР і яшчэ заспеў існаванне “Творчага саюза настаўнікаў СССР”, які арганізоўваў паездкі ў розныя саюзныя рэспублікі, каб творчы настаўнік змог адкрыць для сябе нешта новае, падзяліцца вопытам. Мы тады з Аляксандрам Мікалаевічам Штокіным (былым дырэктарам Обальскай СШ – аўт.) нямала паездзілі. Я быў у Харкаве, у Сочы, у Маскве, не кажучы ўжо пра Беларусь. Мне было цікава ўбачыць, як працуюць іншыя, я заўсёды стараўся адкрыць для сябе і ўзяць на ўзбраенне нешта новае. І я сабе гаварыў: “Мы не можам жыць горш за іншых”. Так нараджаліся новыя ідэі і новыя праекты.
– Добры кіраўнік моцны добрай камандай. У вашай камандзе, як мы ўжо чулі, не было выпадковых людзей, тым не менш былі тыя, на каго вы маглі разлічваць, як на самога сябе…
– Гэта найперш мае завучы. На іх мне вельмі пашчасціла. Пачынаючы з Марыі Якаўлеўны Трашковай, якая сустрэла маё дырэктарства і вельмі дапамагла ў першыя гады работы ў школе.
Цёплымі словамі падзякі я ўспамінаю ўсіх сваіх завучаў: Ніну Іванаўну Пясоцкую, Лідзію Пятроўну Раманенку, Генадзя Іванавіча Рашэтнікава, Ларысу Уладзіміраўну Маладзечкіну, Марыну Мікалаеўну Высоцкую, Галіну Міхайлаўну Масюкову, Алену Аляксандраўну Красіцкую, Вольгу Аляксандраўну Церашчук, Марыну Васільеўну Аляксееву.
Асобныя словы ўдзячнасці і захаплення заслугоўвае Валянціна Ананьеўна Паршыкава, яна ўсёй душой балела за школу, перажывала за кожны яе дзень, літаральна дыхала школай. Калі мне трэба было куды-небудзь ехаць, я быў спакойны за школу, бо там заставалася Валянціна Ананьеўна.
Сваім творчым, граматным, інтэлігентным падыходам да школьных спраў вызначалася Наталля Станіславаўна Інц.
Надзейнае плячо дырэктару ў яго пачынаннях падстаўлялі Святлана Анатольеўна Сільчанка, Любоў Барысаўна Сіліна.
Шмат зрабіў у плане музычнага выхавання Алег Фёдаравіч Мацвяйчук.
Дарэчы, у чэрвені мінулага года ў нас была арганізавана сустрэча з завучамі. Прыйшлі 15 завучаў! Нам было што ўспомніць!
Ды і ўвесь калектыў. Я з вялікай любоўю сёння стаўлюся да ўсяго нашага калектыву і да кожнага работніка асабіста. Успамінаю 2012 год, у школе ішоў рамонт фасаду, мянялі вокны. Усе работы неяк згрудзіліся на жнівень. Да пачатку заняткаў заставалася дзён дзесяць, а вакол школы горы будаўнічага друзу. І тады на ўборку выйшаў увесь калектыў. Працавалі дружна і весела. І да 1 верасня ўся тэрыторыя ззяла.
– Кажуць, зараз прэстыж настаўніка ў грамадстве ўпаў.
– Ва ўсе часы так казалі. Я лічу, што свой прэстыж настаўнік павінен мацаваць сам. Калі ён сапраўдны настаўнік.
– Міхаіл Захаравіч, аб чым вы шкадуеце?
– Нельга ўсё адразу зрабіць правільна. Былі памылкі. Не ўсё зрабіў, што мог бы. Шкадую, што сям’і мала аддаваў часу, хаця, калі б адкруціць усё назад, наўрад ці змог нешта памяняць, першая школа заўсёды была на першым месцы.
– А ў сваім характары хацелі б што-небудзь памяняць?
– Напэўна, але абавязкова застаўся б чалавекам са сваёй думкай. Так, я многа крытыкаваў, у тым ліку і мясцовую ўладу. Не ўсім гэта падабалася. Але ж лічу, што ў разумнай крытыцы няма нічога дрэннага. Наадварот, трэба баяцца, калі цябе ўвесь час хваляць. Я вырас у вёсцы, у Амбросавічах, а вясковыя адносіны, як вы самі разумееце, не церпяць двайных стандартаў. Я з простай сялянскай сям’і, мой характар фарміравала вясковае жыццё з яго шчырасцю і працай, з тагачаснымі футбольнымі і валейбольнымі турнірамі паміж брыгадамі, з гукамі гармоніка на шырокіх сельскіх гуляннях. Нейкі штрых, напэўна, пакінула і Камчатка, дзе я служыў у арміі. Наогул, я заўсёды стараўся расці над сабой.
– Вы максімаліст?
– Так. А яшчэ я паляўнічы і рыбалоў.
– Міхаіл Захаравіч, ваш педагагічны вопыт дазваляе зрабіць высновы пра памылкі, якія дапускаюць бацькі ў адносінах да сваіх дзяцей.
– Галоўнае – больш праводзіць часу са сваімі дзецьмі. Добра апрануць і смачна накарміць – гэтага мала, трэба жыць інтарэсамі дзяцей. І быць на справе для іх прыкладам.
– А раней школа адзначала свае юбілеі?
– Заўсёды, і з размахам, з удзелам грамадскасці. І 80-, і 90-годдзе адзначалі так. Прыходзілі прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, дарылі падарункі. Так, райспажыўтаварыства, якое сёння ўшчэнт абанкруцілася, на 80-гадовы юбілей падарыла нам пасудамыечную машыну. Хаця тут мне ўспамінаецца, як былы дырэктар СШ №1 Аляксей Анісімавіч Калкоў расказваў: “Калі было 50-годдзе школы, мне дарылі адны бюсты Леніна”.
Але акрамя жартаў, лічу, што такая дата, як 100-годдзе Шумілінскай СШ №1, заслугоўвае ўвагі і павагі грамадскасці.
– Напярэдадні юбілею вы маеце магчымасць перадаць свае пажаданні ветэранам і сённяшняму калектыву Шумілінскай СШ №1.
– Найперш я хачу ўсіх павіншаваць са 100-гадовым юбілеем нашай роднай школы і пажадаць здароўя. Ветэранам хачу сказаць вялікі дзякуй за іх працу, неабходную для грамадства ў любыя часы, пажадаць ім доўгіх сонечных дзён, асалоды ад кожнага жыццёвага імгнення. А сённяшняму калектыву школы жадаю толькі поспехаў, толькі перамог на карысць Шумілінскай СШ №1.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №7 ад 23.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *