Суд вынес приговор хулиганству, мерзости и разгильдяйству

Общество Происшествия

Начныя “жарты”, ад якіх мароз па скуры ідзе

Супрацьпастаўляць сябе агульнапрынятым правілам і нормам, адчуваць сваю перавагу над іншымі людзьмі, паводзіць сябе так, быццам табе дазволена крыху больш, чым усім астатнім. Прыемна так пра сябе думаць, можна нават лічыць гэта сваёй філасофіяй.

Праўда, у перакладзе на мову, зразумелую ўсім астатнім, гэта значыць – здзекавацца са слабейшага і губляць чалавечую годнасць перад тым, хто мацней за цябе; адчуваць сябе гаспадаром жыцця, быць смелым і адважным толькі пасля бутэлькі піва; поўнасцю адмаўляць такія важныя для развіцця асобы рэчы, як літаратура, тэатр, кіно, мастацтва; не мець прыхільнасцяў і нікога не любіць.  Не вельмі прывабны  партрэт атрымліваецца. І не кожны хуліган і нахабнік згадзіцца пазнаць сябе ў ім. Яны наогул думаюць, што нармальна жывуць, а тое, што ў міліцыі іх даўно пазнаюць у твар і памятаюць па розных дробных паскудствах, тое, што людзі стараюцца абыходзіць іх бокам – гэта ж, прабачце, крута.
І толькі перад судом такія людзі падціскаюць хвост і праяўляюць сваю сутнасць – нікчэмную і баязлівую. Хаця Варона (прозвішча зменена) і ў зале суда паводзіў сябе нахабна. Не дапускаў, відавочна, для сябе дрэннага зыходу, не разлічваў трапіць за краты. Да свайго паўналецця хлопец ужо шмат чаго “паспрабаваў”, і ўсё яму шчасліва сыходзіла з рук. То кашалёк выцягне з сумачкі, то на сцяне аптэкі непрыстойнасці пакіне, то Бураціну ля бібліятэкі нос зламае, то акно ў чужой кватэры каменем выб’е. І нічога – даруюць, ну, не псаваць жа хлопцу жыццё з-за такіх “дробязяў”. Ён і прывык. Ва ўсялякім разе ўзаемасувязі паміж брыдкімі ўчынкамі і абавязковым пакараннем не бачыў.
І ў гэты раз, выбраўшы аб’ектам сваіх здзекаў людзей, на яго погляд, маргінальных, асацыяльных, ён быў упэўнены, што за гэта ўжо дакладна нічога не будзе, што іх жа крыўдзіць колькі хочаш можна. Праўда, для сябе яны з сябрам Андрэевым (прозвішча зменена) свае дзеянні назвалі “прыколамі”. Толькі ад гэтых “прыколаў” у любога нармальнага чалавека мароз па скуры ідзе, і становіцца страшна ад усведамлення таго, што такое можа адбывацца ў нашым ціхім спакойным Шуміліне.
Выпіўшы, як звычайна, хлопцы пайшлі гуляць па Шуміліне. Дагуляўшы да гэтага злашчаснага дома, яны ўзяліся за свае “жарты”. Спачатку адключалі электраэнергію: адключаць рубільнік – і бягом з пад’езда, дачакаюцца, пакуль людзі вернуць святло, – і зноў. Потым хуліганы ўтрымлівалі дзверы адной з кватэр, не даючы гаспадару выйсці і разабрацца, у чым справа, а калі таму ўсё ж удалося іх адкрыць, то ён тут жа атрымаў нагой у грудзі. Людзі зачыніліся на ўсе замкі і пазванілі ў міліцыю – можна ўявіць, што гэтыя начныя “жарты” іх зусім не рассмяшылі.
Але за гэты час Варона паспеў выклікаць на пляцоўку іх суседа, выцягнуць яго на вуліцу, адмалаціць чалавека нагамі і кінуць пад колы праязджаючага аўтамабіля. Мужчына цудам застаўся ў жывых.
Варона і Андрэеў перад судом спрабавалі неяк абгрунтаваць свае ўчынкі, надаць ім больш мяккую афарбоўку, але па факце ўсё было менавіта так –  жудасна, нізка, пачварна і жорстка. Яны, вядома, не хацелі яго забіваць, проста штурхнулі, а што атрымалася прама пад машыну – выпадковасць. І біць першапачаткова не хацелі – проста падалося, што ён нецэнзурна выказаўся. Вось такія “тонкія” асобы. А самі развярнуліся і пайшлі, нават не пацікавіўшыся, пераехала бедалагу тая машына ці не.
Шчыра прызнацца, усё гэта нават апісваць непрыемна. А той факт, што маладыя людзі, якім нядаўна споўнілася па 18 год, не могуць знайсці для сябе іншага занятку, як здзекавацца з людзей, асабліва засмучае.
Варона быў прызнаны вінаватым па ч.1, ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Беларусі, і яму было прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання свабоды з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на год і 6 месяцаў. Андрэеў атрымаў пакаранне на падставе ч. 2 арт. 339 у выглядзе абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на год. Справу вяла старшыня суда Алена Сініцкая, дзяржаўным абвінаваўцам выступаў пракурор раёна Сяргей Зайцаў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №20 ад 13.03.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *