У дзіцячых траўмах часцей за ўсё вінаватыя дарослыя

Безопасность

У дзіцячых траўмах часцей за ўсё вінаватыя дарослыя

Траўмы ў дзяцей могуць быць самымі разнастайнымі, а вось прычыны, што выклікаюць іх, – тыповыя. Гэта неўладкаванасць навакольнага асяроддзя, недагляд дарослых, неасцярожныя, няправільныя паводзіны дзіцяці ў побыце, на вуліцы, падчас гульняў, заняткаў спортам. Узнікненню траўмаў спрыяюць і псіхалагічныя асаблівасці дзяцей: дапытлівасць, вялікая рухомасць, эмацыйнасць, недахоп жыццёвага вопыту, а адсюль і адсутнасць пачуцця небяспекі. Што канкрэтна нясе небяспеку для здароўя дзіцяці, акрамя неасцярожнага абыходжання з агнём, як гэтага пазбегнуць – паспрабуем разабрацца.

“Гарачая” траўма
Чым меншае дзіця, тым небяспечней апёкі, цяжэй іх лячэнне і сур’ёзней псіхалагічная траўма. Большая частка пацярпелых – дзеці да 7 гадоў.
Што рабіць:
– адкручваць ручкі канфорак, хаваць лёгкаўзгаральныя вадкасці, а таксама запалкі, свечкі, запальніцы, бенгальскія агні, петарды.
– не ставіць на край стала (пліты) кубкі з гарачым чаем, талеркі з супам, каструлі і патэльні, сачыць, каб малы не пацягнуў на сябе абрус;
– не дапускаць знаходжання дзіця паблізу агню пры гатаванні шашлыку, спальванні смецця.

Яны не ўмеюць лятаць
Аналіз здарэнняў паказвае, што сітуацыі вельмі падобныя паміж сабой: дзеці застаюцца без нагляду, з дапамогай мэблі залазяць на падаконнік, адкрываюць акно і вывальваюцца. Малым незнаёмае пачуццё страху, а вось дапытлівасць, жаданне спазнання ў іх вельмі моцныя.
Гэта дапаможа пазбегнуць трагедыі:
– здыміце ручкі са шклопакетаў, выкарыстоўвайце “дзіцячыя замкі” – гэтыя фіксатары не змогуць разабраць нават самыя цямлівыя дзеткі;
– не выкарыстоўвайце маскітныя сеткі – дзіця ўспрымае іх як нейкую перашкоду і ўпэўнена абапіраецца на яе;
– не пакідайце дзіцяці без нагляду, а вокны адкрытымі, асабліва калі побач з імі ёсць мэбля ці іншыя прадметы, што дапамогуць малому ўскараскацца туды;
– з жалюзі і рулонных штор не павінны звісаць шнуры і ланцужкі. Дзіця можа з іх дапамогай узлезці на акно ці заблытацца да ўдушша.

Жывёлы бываюць кусачымі
Якой бы бяспечнай ні здавалася жывёла ў папулярным зараз кантактным заапарку, трэба пільна сачыць за дзіцём і строга выконваць усе правілы заапарка. Дзіця можа, напрыклад, выпадкова наступіць жывёле на лапу, на што апошняя можа агрэсіўна адрэагаваць. Пры сустрэчы з дзікай жывёлай ні ў якім выпадку нельга падпускаць да яго дзіця нават для таго, каб яно проста на яго паглядзела. Жывёла заўжды застаецца жывёлай, нават хатняя, а таму яе паводзіны цяжка прадказаць і даросламу, не тое, што дзіцяці.

Вада, вада, кругом вада
Як бы нам ні хацелася думаць інакш, але вада – гэта перш за ўсё небяспека, а не забава. Ад уважлівасці і падрыхтаванасці бацькоў напрамую залежыць жыццё і здароўе дзяцей. Небяспеку, асабліва для маленькага дзіцяці, прадстаўляе любая ёмістасць з вадой. Хочацца верыць,  што пра тое, што дзяцей нельга адпускаць адных на вадаёмы, нагадваць не трэба. Трагедыі здараюцца нават пад наглядам дарослых, проста ў бацькоў на вачах, а што гаварыць пра дзяцей, якія на возеры прадастаўлены самі сабе.

І на забавы –“у поўнай баявой гатоўнасці”
На дзіцячай пляцоўцы мала проста кантраляваць дзіця, трэба пастаянна вучыць яго бяспецы. Дзеці часта з галавой ныраюць у працэс гульні і губляюць інстынкт самазахавання. Калі бацькі не падстрахуюць у патрэбны момант, бяды не абмінуць. Летась у Мінску з-за шчыліны ў горцы 7-гадовы хлопчык страціў палову пальца. Траўмы часта здараюцца з аматарамі арэляў, асабліва з тымі, хто робіць так званае “сонейка”.
Жаданне старэйшых дзяцей “уразіць” сваёй смеласцю равеснікаў таксама часта заканчваецца бальніцай. Дзеці наладжваюць гульні ў закінутых будынках, ставяць пад пагрозу жыццё дзеля арыгінальнага сэлфі, займаюцца экстрэмальнай яздой на веласіпедзе, спрабуюць сябе ў паркуры і іншых няпэўных занятках. Бацькі часта і не ведаюць, як іх дзеці праводзяць свой вольны час.
Выратавальнікі канстатуюць, што дзіцячых траўмаў не становіцца менш, за мінулы год па вобласці, напрыклад, было траўміравана каля 170 дзетак. Пільнымі трэба быць усім дарослым, засцерагаць ад небяспекі, па магчымасці не толькі сваіх, але і чужых дзяцей.

Падрыхтавала Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №39 ад 22.05.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *