Парк в Шумилино заселён новыми скульптурами и МАФами

Общество

Горкі, веласіпеды, асілкі…

За красавік і май у Шуміліне з’явіліся новыя малыя архітэктурныя формы, якія ўпрыгожылі наш пасёлак. Аўтарамі шматлікіх скульптур і мастацкіх вырабаў сталі работнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
Галоўны здабытак з’явіўся ў гарадскім парку – работнікі ПМК-70 на радасць дзятве ўсталявалі  дзіцячы гульнявы комплекс з трыма горкамі і двума арэлямі.

Ілью Мурамца, Алёшу Паповіча і Дабрыню Мікіціча, што “прапісаліся непадалёк ад горкі,  выразаў з дрэва муляр участка дрэваапрацоўкі УП ЖКГ Аляксандр Сіпко. Тры асілкі сталі даволі папулярным фонам для сэлфі і фотаздымкаў не толькі малых, але і дарослых.
Работнікі лясгасу  ўстанавілі ў парку казачную печку, а спецыялісты райгазу зрабілі музычную лавачку, побач з якой размясціўся раяль з Обальскага керамічнага завода.
Дарэчы, работнікі ОКЗ вырабілі і “лавачку знаёмстваў”, што ўсталяваная непадалёк ад загса. Намёк зразумелы – пазнаёміліся, пакахалі адзін аднаго –  дык жаніцеся.
Новыя архітэктурныя формы з’явіліся ля многіх прадпрыемстваў і арганізацый райцэнтра. Каля ад-дзела адукацыі, спорту і турызму ўсталявалі глобус і веласіпед, ля бібліятэкі прымайстравалася лавачка (яе вырабілі спецыялісты ДРБУ-204) і два кветнікі (аддзел  ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі), на перакрыжаванні вуліц Юбілейная-Сіпко – веласіпед (прадпрыемства меліярацыйных сістэм), у скверы на вуліцы Вакзальнай – калодзеж (райбыткамбінат). Работнікі ПМК-70 усталявалі ля свайго адміністрацыйнага будынка птушак. Да аўтастанцыі  з аўтапарка № 2 г. Полацка прыехала альтанка-карэта.
Дарэчы, работы па вырабе малых архітэктурных формаў працягваюцца.   Зараз работнікі ПМС “чаруюць” над дзіцячым аўтамабілем, у райбыткамбінаце – над церамам, расказала начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Юлія Зянькова. А яшчэ ў ПМК-70, УП ЖКГ, ОКЗ, райгазе вырабляюць габіёны (аб’ёмныя формы і канструкцыі, запоўненыя каменнем). У бліжэйшы час яны паселяцца па вуліцы Суворава.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №42 ад 01.06.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *