Установлено место гибели нашего земляка Виктора Иванова

Новости

Яны не прапалі без вестак…

Знойдзена месца гібелі нашага земляка Віктара Іванова з Мішневіцкага сельсавета, які з 1941 года лічыўся прапаўшым без вестак.
Калі гаворка ідзе пра мільёны загінуўшых, пра сотні тысяч прапаўшых без вестак, на хвіліну можа падацца, што за гэтымі шматзначнымі лічбамі губляецца лёс асобнага чалавека. Але гэта не так. Пацвярджэнне таму – работа разнастайных пошукавых атрадаў па ўсім былым Савецкім Саюзе, якая не спыняецца і да сённяшняга дня. Іх ніхто не прымушае гэтым займацца, акрамя абвостранага пачуцця доўгу перад людзьмі, якія падарылі нам мір.
Нядаўна ў сацыяльных сетках з’явілася паведамленне пошукавага атрада “Пераправа” з горада Ладзейнае Поле Ленінградскай вобласці, у якім паведамляецца пра лёс адной стралковай роты, што поўнасцю загінула, прыняўшы няроўны бой супраць фінскіх захопнікаў. Сярод трох выяўленых імёнаў ёсць імя і нашага земляка.
“Прывітанне, Віцебск! Піша атрад “Пераправа” з горада Ладзейнае Поле Ленінградскай вобласці. Мы займаемся пошукам і пахаваннем байцоў Чырвонай Арміі, якія загінулі на тэрыторыі нашага раёна. Нядаўна да нас трапілі фінскія баявыя данясенні, у якіх апісваецца, як 10 кастрычніка 1941 года да іх у тыл зайшла ўзмоцненая 7-ая стралковая рота 116 стралковага палка 21 стралковай дывізіі. Быў дадзены бой. Рота трапіла ў акружэнне і загінула. Пра яе лёс нашаму камандаванню так нічога і не было вядома. Таму ўсе байцы гэтай роты проста сталі лічыцца без вестак прапаўшымі.
Мы знайшлі гэтае месца. Праўда, зараз там пабудаваны дарога і мост, пракладзены ЛЭП і кабель, ішлі меліярацыйныя работы, што, вядома, спрыяла знішчэнню астанкаў.
Аднак нам усё ж удалося знайсці астанкі некалькіх байцоў. Імёны траіх з іх вядомыя. Зараз мы вядзем пошук іх родных. Хочацца, каб людзі ведалі дакладнае месца і дату гібелі слаўных сыноў сваёй радзімы. Магчыма, нехта з іх ужо пахаваны як безыменны. Магчыма, мы іх наогул ніколі не знойдзем. Але усё роўна гэтыя людзі не прапалі без вестак. Яны бясстрашна біліся і палі смерцю храбрых на ладзенапольскай зямлі. Калі знойдуцца родныя, яны будуць ведаць дакладныя месца і дату смерці герояў сям’і”, – звяртаюцца пошукавікі да жыхароў Віцебскай вобласці.
“Герой працы” далучаецца да пошукаў родных і блізкіх Віктара Піліпавіча Іванова, які нарадзіўся ў 1918 годзе на тэрыторыі Мішневіцкага сельсавета тады яшчэ Сіроцінскага раёна. Ён прызываўся Сіроцінскім РВК, апошняе месца службы – 21 стралковая дывізія. Воінскае званне – чырвонаармеец-стралок. У выпісцы з данясенняў аб беззваротных стратах 7 роты 116 с.п. 21 с.д. значыцца, што Віктар Піліпавіч прапаў без вестак паміж 23.09.1941 і 01.12.1941 у Ленінградскай вобласці. Родным пазначаны ягоны бацька Піліп Іванавіч Іваноў.
Вайна па адным аддае нам герояў, каб і цяпер, больш як праз 70 год, яны атрымалі належную пашану. І хлопчык ці дзяўчынка, якія вайну бачылі толькі ў кіно, павінны ведаць, дзе і як загінуў іх прадзед.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №45 ад 12.06.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *