Адзін у лодцы і без ратавальнай камізэлькі: рэйд па возеры Будавесць

Общество Экология

Іван Маскалькоў і Уладзімір Грабёнкін падчас праверкі дакументаў і прафілактычнай гутаркі

Адзін у лодцы і без ратавальнай камізэлькі: рэйд па возеры Будавесць

З 9 чэрвеня, калі пачаўся рыбалоўны сезон, актывізавала сваю работу дзяржаўная інспекцыя па маламерных суднах, якая мае на мэце сачыць за выкананнем рыбакамі-ўладальнікамі маламерных суднаў правілаў выкарыстання лодак.
У мінулую нядзелю ў патруль на адно з самых папулярных у рыбакоў возера Будавесць, што ў Башнях, адправілася і адказны сакратар раённай газеты разам з дзяржінспектарам Віцебскага ўчастка ДІМС Уладзімірам Грабёнкіным і пазаштатным інспектарам намеснікам начальніка
райаддзела па надзвычайных сітуацыях Іванам Маскальковым.
У пачатку восьмай раніцы на возеры Будавесць можна было налічыць з паўтара дзясятка лодак. Судна інспектараў падае сігнал, падплываючы да першай лодкі. «Будзьце асцярожныя, падыходзім да борта!» – Уладзімір Грабёнкін прадстаўляецца.
Лодку, на якой сядзіць рыбак,  рэгістраваць у інспекцыі не трэба. Аднак у яго парушэнне – няма ратавальнай камізэлькі.
“Гэта ж ваша бяспека! – пераконвае інспектар. – За падобнае парушэнне заканадаўствам прадугледжаны штраф да 3-х базавых велічынь. Набыць жа ратавальны сродак намнога танней абыдзецца.
Рыбак абяцае зрабіць гэта ў бліжэйшы час. Інспектар абыходзіцца афіцыйным папярэджаннем і словамі “Ваша рыбалка з лодкі на сёння закончана,  можна лавіць рыбу толькі з берага”.
Пакуль афармляем паперы з парушальнікам, мужчына, які ловіць рыбу непадалёк, паспявае апрануць камізэльку. У нас да яго прэтэнзій няма, дакументы таксама ў парадку. Між іншым, як і ў яшчэ аднаго рыбака.
Рухаемся далей. Падплываем да чарговай лодкі. На просьбу паказаць камізэльку мужчына абураецца, маўляў, «прыдумалі невядома што, я плаваць добра ўмею, і наогул бяру яе з сабой, толькі калі сын са мной».
“А калі едзеце за рулём аўто, не прышпільваецеся?» – пытае Уладзімір Вітальевіч.
“Абавязкова, гэта ж дарога, павышаная зона бяспекі”, – адказвае той.
Інспектары зачытваюць парушальніку правілы, якія абавязваюць уладальніка судна мець ратавальны сродак, і выпісваюць за парушэнне штраф – 0,5 базавай велічыні.
Наступны на нашым шляху кліент – вядомы інспектару, літаральна на днях яны сустракаліся на іншым возеры, і ў яго і тады, і зараз, усё ў парадку і з дакументамі, і сам ён у камізэльцы. З пажаданнямі ўдалага клёву адпраўляемся далей.
“Гэта не мая лодка, – кажа мужчына, – жончына. Бяру рэдка, бо працую ў Расіі. Дамоў прыязджаю раз у паўгода”.
Дакументы, якія прад’яўляе рыбак правяраючым, не зусім у парадку: пратэрмінаванае тэхнічнае засведчанне судна. Няма і ратавальнага сродку. Так што і тут, зразумела, таксама не абыходзіцца без штрафу – 0,5 базавай велічыні давядзецца выкласці мужчыну за парушэнне.
“Як клюе? – пытае інспектар чарговага рыбака. – Дзяржаўная інспекцыя па маламерных суднах. Прад’явіце, калі ласка, дакументы.”

Так рэгістрацыйны нумар на лодку цяпер нельга мацаваць. Усё наносіцца фарбамі

Дакументы ў парадку: тэхзасведчанне пройдзена, пасведчанне на права ваджэння лодкай ёсць. Праўда, не зусім адпавядае нормам і правілам рэгістрацыйны знак, заўважае інспектар.  Рэгістрацыйныя лічбы наносяцца фарбай на само судна, а не мацуецца знак да лодкі вяроўкамі. Гэта старыя нормы. “Так што, калі ласка, прывядзіце ўсё ў норму, інакш у наступны раз атрымаеце штраф, – кажа на развітанне У. Грабёнкін, і мы адплываем.
Такім чынам аб’язджаем усіх рыбакоў на возеры і адпраўляемся да берага. Парушэнняў больш не выяўлена.
Рэйд скончаны. Ужо на беразе Уладзімір Вітальевіч Грабёнкін падсумоўвае яго вынікі, адзначаючы: “Адметна, што ў асноўным лодкі зарэгістраваны. Як бачыце, самае распаўсюджанае парушэнне – адсутнасць ратавальнай камізэлькі”. Пасля слушных каментарыяў з вуснаў інспектараў і ўвядзення ў курс справы недасведчанага журналіста мы збіраемся і ад’язджаем дадому. Інспектары абяцаюць за сезон яшчэ некалькі разоў пабываць на нашых азёрах з рэйдамі.
Па словах інспектара, на Віцебскім участку ДІМС на ўліку больш за 9 тысяч маламерных суднаў. Па законе рэгулярнасць тэхзасведчання залежыць ад узросту судна. Лодкі не старэй за 10 год трэба засведчваць так: маторную – 1 раз у 3 гады, грабную – 1 раз у 5 год. Усе лодкі, якім больш за 10 год, патрабуюць тэхзасведчвання кожны год. Пасведчанне вадзіцеля маламернага судна абавязковае для тых, хто кіруе маторнай лодкай больш за 5 конскіх сіл.
Афіцыйна.
Згодна з КаАП кіраванне маторным суднам асобай у стане алкагольнага ап’янення вядзе да накладання штрафу ў памеры ад 10 да 50 БВ з пазбаўленнем права кіраваць маторным суднам тэрмінам на 3 гады.
Кіраванне маторным маламерным суднам асобай, якая не мае права кіраваць такім суднам, а таксама перадача кіравання такой асобе вядзе да накладання штрафу ў памеры ад 5 да 10 БВ.
Парушэнне асобай, якая кіруе маламерным суднам, правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі маламерных суднаў вядзе да папярэджання ці накладання штрафу ў памеры да 3-х БВ.

Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 50 ад 29.06.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *