В хозяйствах района идёт уборка кукурузы

Актуалии Сельское хозяйство

А кукуруза сцяной стаіць
Сёлета ў раёне пасеяна 4700 гектараў кукурузы. На 12 верасня ўбралі 1216 гектараў, або 25,9% да патрэбнага.
Па ўраджайнасці кукурузы на другім месцы (пасля “Сіроцінскага”) – ААТ “АграБаравінка”. Намеснік дырэктара па вытворчасці В. А. Туркоў прызнаецца, што такога небывалага ўраджаю не бачылі даўно. Парадаваў беларускі гатунак “крэмень” – месцамі з гектара бяруць амаль чатырыста цэнтнераў. Уборку вядуць і ў даждлівае надвор’е. Аграномы перакананы, што лішкі вільгаці не ўплываюць на якасць корму. Вельмі важна, каб па норме дадавалі кансервант і каб трамбоўка вялася якасна. А з гэтым усё нармальна, хвалілі механізатара Саята Караева, які на К-700 трамбуе сіласныя траншэі.
На мінулым тыдні ў “АграБаравінцы” механізатары ўбіралі ўраджай ля жывёлагадоўчага комплексу. “Бачыце, кукуруза сцяной стаіць, – паказаў у бок поля механізатар Ігар Бегуноў (на здымку). – На МТЗ паспяваю адвезці за дзень да дзевяноста тон”. Праўда, магло быць і больш, калі б да МТЗ зачапіць ПІМ. Але такі прычэп, які змяшчае тон дзесяць зялёнкі, буксуе на палетках. Такая ж карціна і з МАЗамі, іх нават не ставяць на адвозку. Затое ў даждлівае надвор’е вялікім попытам карыстаюцца невялікія прычэпы ПСТ-6, на якіх звычайна вывозяць гной ад фермаў. Усё роўна на полі прыходзіцца пакідаць адзін трактар: ці мала якая тэхніка забуксуе?
Кіраўніцтва гаспадаркі мела рацыю, калі яшчэ летась выбірала палеткі для кукурузы: практычна ўсе пяцьсот гектараў пасеяны непадалёк ад фермаў. Больш як па сто гектараў расце ля ферм Саладухі, Мазекі, Язвіна. А дзве сіласныя траншэі ля жывёлагадоўчага комплексу ўмесцяць па сем тысяч тон сіласу кожная. Цікавімся, што ў гаспадарцы мяркуюць рабіць з лішкамі корму. “Многа – не мала, – гаворыць дырэктар ААТ “АграБаравінка” А. І. Мясаедаў. – Прададзім суседнім раёнам, грошы нам патрэбны”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №70 ад 13.09.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *