Доска почета Шумилинского района: Елена Головко

Актуалии Экономика

Надоі ў яе групе самыя лепшыя
Вёска займае асобнае месца ў жыцці Алены Яўгенаўны Галаўко з Ляжнёў. Яна нарадзілася на Казьяншчыне ў сям’і жывёлаводаў, потым, калі пераехалі жыць на Обальшчыну, часта разам з маці хадзіла на ферму Гаравыя, дапамагала даіць кароў, а цяпер вось і сама працуе ў ААТ “Ляжні” даяркай.
Алена пасля заканчэння школы пайшла вучыцца ў Ульскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча на майстра-агародніка, паралельна атрымала і другую прафесію хіміка-лабаранта. Але так здарылася, што ў калгасе “Обальскі”, дзе жыла сям’я, гэтыя прафесіі не спатрэбіліся.
Калі ў Алены з’явілася сям’я, захацелася самастойнасці і ўласнага жылля. А на той час, у 1998 годзе,  кіраўніцтва ААТ “Ляжні” запрашала да сябе работнікаў на ферму, давала дом сядзібнага тыпу. Вось так Алена Галаўко аказалася ў Ляжнях. Пайшла працаваць даяркай, а муж жывёлаводам.
Спачатку Алена Галаўко працавала аператарам машыннага даення на фермах Данілава і Забор’е, а зараз працуе на ферме Ляжні-1. Але ўсюды вынікі працы залежалі ад сумлення і шчырасці. А гэтага Алене Яўгенаўне не пазычаць. Яшчэ зацемна яна спяшаецца на ферму, каб паглядзець, ці дастаткова ў кароў корму, ці прыйшла каторая з іх у ахвоту, ці не захварэла. Цікава, што хворую карову вопытная даярка можа выдзеліць па адсутнасці бляску ў вачах.
Галоўнае правіла жанчыны – працаваць так, як вучыла маці, гэта значыць, шчыра. Яна і неабходныя тэхналагічныя патрабаванні даення кароў выконвае, і да жывёлы ставіцца з душой. Гэта і ёсць самыя галоўныя крытэрыі атрымання высокіх надояў. Валавы надой у групе Алены Галаўко за студзень-верасень гэтага года склаў 139831 тону. Гэта самы лепшы паказчык сярод усіх даярак сельгас-прадпрыемства.
Алена Галаўко ахвотна расказвае пра сваю работу. Мы даведаліся, для чаго патрэбны каровам масаж, як здойваць першыя струмені малака, з якой мэтай трэба кожную карову называць па імені, якім канцэнтратам аддае перавагу жывёла. Гэтае і многае іншае ўваходзіць у шматлікія складаемыя работы даяркі.
Акрамя трохразовага даення кароў, Алена Галаўко адказвае за маленькіх падапечных – цялятак.  Іх даглядае, нібыта немаўлят. І сваімі рэцэптамі догляду можа падзяліцца і на раённым, і на абласным узроўнях: захаванасць маладняку ў яе групе за дзевяць месяцаў бягучага года склала 99%.
Зараз, калі Алена Галаўко адпрацавала на ферме дваццаць гадоў, яна прызнаецца, што не можа без гэтай работы. Быў час, калі вырашыла пайсці з фермы, але неўзабаве вярнулася зноў. Ну, як жа абысціся без Звяздоні, Лялькі і Эльдары?
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №85 ад 02.11.2018 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *