Республиканский турнир по греко-римской борьбе памяти членов подпольной комсомольской организации “Юные мстители” прошёл в Оболи

Актуалии Спорт, туризм

Да алімпійскіх перамог
5-6 лістапада ў Обалі прайшоў рэспубліканскі турнір па грэка-рымскай барацьбе, прысвечаны памяці членаў падпольнай камсамольскай арганізацыі “Юныя мсціўцы”.
Традыцыі: турнір праходзіць ў Обалі 25-ы раз, праз яго прайшлі многія майстры спорту па грэка-рымскай барацьбе.
Удзельнікі: звыш 100 юных спартсменаў з Обалі, Шуміліна, Віцебска, Гарадка, Сянно, Талачына, Мінска, Маладзечна. Дванаццаць вагавых катэгорый.
Суддзі: турнір абслугоўваюць толькі суддзі міжнароднай і вышэйшай нацыянальнай катэгорый.
Погляд арганізатара
Дырэктар Обальскай СШ А. М. Штокін:
– Наш турнір стаў знакавай падзеяй не толькі для мястэчка, але і для раёна і вобласці. Радуе, што пастаянна павялічваецца кола спонсараў турніру. Так, сёлета прыз “За прагу да перамогі” ўпершыню прапанаваў раённы аддзел унутраных спраў. Гэты факт паказвае, што турнір папулярны і патрэбны. У гэтым годзе пераможцы атрымлівалі не толькі медалі, а і кубкі з гравіроўкай. Безумоўна, вельмі хацелася, каб на турнір прыехалі з паказальнымі выступленнямі дзеючыя чэмпіёны свету і Алімпійскіх гульняў – гэта яшчэ больш узняло б прэстыж спаборніцтваў.
Трэнер П. В. Ганушчанка:
– Турнір у Обалі можна назваць турнірам аднадумцаў. Вялікі дзякуй І. Р. Гігаўры, які стаяў каля вытокаў. Дарэчы, Рэваз Ірадзівонавіч не прапусціў ні аднаго спаборніцтва. Многія з трэнераў таксама з першых спаборніцтваў. Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што турнір выхаваў цэлую плеяду не толькі таленавітых спартсменаў, але і стаў добрай школай для трэнераў. Ды і прадстаўнічыя госці тут не ў навіну. Летась прыехаў прызёр Алімпійскіх гульняў Ігар Каныгін.
Погляд трэнера
Юрый Сцяпанаў (Шуміліна): Ведаю турнір і як трэнер, і як спартсмен. Хлопчыкам выступаў на обальскім барцоўскім дыване, быў прызёрам. Апошнія гады тры значна ўзрос узровень спаборніцтваў. Можна сказаць, што турнір вырас у сапраўднае прафесійнае мерапрыемства. Добрая арганізацыя, добрыя прызы. Перамога на обальскім турніры, якую з кожным годам атрымліваеш у  большай канкурэнцыі, – яскравы паказчык работы трэнера і таленавітасці спартсмена.
Ігар Галуза (Талачын): Са спартсменамі прыязджаю ў Обаль гадоў шэсць. Адразу адзначу цудоўную арганізацыю. У Пятра Ганушчанкі не ўзнікае арганізацыйных нюансаў, усё на вышэйшым узроўні. Тут сутыкаюцца розныя школы грэка-рымскай барацьбы, асабліва карыснымі былі паядынкі з барцамі з Санкт-Пецярбурга, на жаль, сёлета яны не змаглі прыехаць. Турнір дае магчымасць не толькі дэбютаваць спартсменам на прафесійным дыване, але і рыхтавацца больш вопытным барцам да адказных абласных і рэспубліканскіх стартаў.
Погляд прафесіянала: начальнік РАУС майстар спорту па грэка-рымскай барацьбе В. В. Мядзведскі: За два дні на спаборніцтвах проста адпачыў душой. Безумоўна, вялікая настальгія па тых часах, калі сам выходзіў на барцоўскі дыван. А што пра турнір? Парадавалі якасць барацьбы многіх спартсменаў, дух спаборніцтваў і прага да перамогі. Бачна, што бароліся і сапраўдныя прафесіяналы, і навічкі. Хапала ўсяго – радасці і слёз, прыёмаў і памылак, надзей і паражэнняў.
Погляд удзельніка: бронзавы прызёр Кірыл Драздоў: Вельмі хваляваўся перад турнірам. Складана выступаць перад сваімі балельшчыкамі. Калі цябе так падтрымліваюць, няёмка прайграць. Ды і сорамна. Таму і выкладваешся поўнасцю – робіш усё, каб стаць пераможцам, парадаваць сяброў, родных.
Погляд бацькі Аляксандр Сачыўка, бацька бронзавага прызёра Яўгена Сачыўкі:
– Не знаходзіш сабе месца, калі на дыване твой сын. Занадта перажываеш. Часам хочацца не толькі падказаць, а і самому выйсці на дыван. Памятаю, як раней самому хацелася тут перамагчы, а цяпер так перажывае перад обальскім турнірам Жэнька. Прыемна, што турнір з гадамі не толькі не згубіў сваёй значнасці, але і вырас.
Нашы пераможцы:
Прызёрамі і пераможцамі обальскага турніру сталі выхаванцы Пятра Ганушчанкі у вагавой катэгорыі:
27 кг Мікіта Барсукоў (першае месца);
29 кг Павел Гулакоў (трэцяе месца);
32 кг Дзмітрый Кучмароў (першае месца);
35 кг Кірыл Драздоў і Яўген Грачухін (абодва трэція месцы);
38 кг Ягор Ганушчанка (другое месца);
47 кг Аляксандр Храмцоў (першае месца);
53 кг Кірыл Чухноў (другое месца);
59 кг Уладзіслаў Грачухін (першае месца) і Яўген Сачыўка (трэцяе месца).
Трэція месцы на турніры заваявалі выхаванцы Юрыя Сцяпанава ў вагавых катэгорыях:
27 кг Ігнат Гудкоў; 32 кг Вадзім Лягчонак; 53 кг Станіслаў Мацуганаў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №87 ад 10.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *