Районная премия Героя Социалистического труда С. Т. Пальвинской присуждена Н. Ф. Сергеевой из Мишневич

Актуалии Общество

“Галоўнае ў выхаванні дзяцей – праца”
Для Наталлі Фёдараўны Сяргеевай з аграгарадка Мішневічы сёлетні Дзень маці асаблівы – за ўмацаванне сям’і, выхаванне дзяцей і ўдзел у грамадскім жыцці ёй прысуджаецца раённая прэмія Героя Сацыялістычнай працы С. Т. Пальвінскай.
“Прызнацца, нечакана, – разгублена ўсміхаецца Наталля Сяргеева. – Пра такую высокую ўзнагароду нават і не марыла. У мяне сям’я самая звычайная, жывём, працуем, як усе”.
У сям’і Наталлі і Аляксандра Сяргеевых (гаспадыня працуе на ферме даяркай, а яе муж – жывёлаводам) трое дзетак. Трое сынкоў-дубкоў. Менавіта іх Наталля лічыць галоўным сваім шчасцем. Нельга тут не згадаць маці Наталлі, Валянціну Якаўлеўну, знакамітую даярку фермы Валатоўкі. Яна ў свой час таксама выхавала трое дзетак – дваіх сыноў і дачку.
“Не тое што гэта ў нас сямейная традыцыя, – гаворыць Наталля. – Бог падараваў дзетак, і дзякуй за гэта”.
Старэйшы з сыноў Сяргеевых – дзесяцікласнік Уладзіслаў. Гаспадарлівы, у яго кожная рэч ведае сваё месца. Адносіцца да ўсяго спакойна і разважліва. Вучыцца ў вучэбна-вытворчым камбінаце на трактарыста-машыніста. Уладзік у мамы навучыўся гатаваць. Асабліва любіць смажыць бульбу і дранікі. “Другі раз прыходжу з работы змораная, – расказвае Наталля. – І з ганка чую ўжо смачны пах бліноў і шкварак. Вось, думаю, якая я шчаслівая”.
А вось дзевяцікласнік Васіль узяў на сябе адказнасць за жывёлу. Ён і травы адкосіць, і вады карове наносіць, і падоіць. Калі бацькі занятыя, і трое свіней накорміць, і куры з качкамі не застануцца галоднымі. Дарэчы, хутка работы з гаспадаркай яшчэ прыбавіцца, бо Сяргеевы плануюць купіць яшчэ адну карову.
На думку Наталлі, галоўнае ў выхаванні дзяцей – праца. Яна фарміруе розныя ўменні, калектывізм, мэтанакіраванасць, выхоўвае сілу волі. Ды, і зноў жа, дзеці пачынаюць цаніць кожны рубель, зароблены мазалёвай працай. Напрыклад, старэйшыя сыны сёлета збіралі чарніцы на продаж. І малодшанькага – другакласніка Жэню – прывучаюць да працы. Хлопчык ужо ведае, што пасля прагляду мульцікаў яму абавязкова трэба памыць посуд.
Сяргеевы любяць быць разам. У сямейным асяродку адзначаюць дні нараджэння і іншыя святы, разам ходзяць у лес за грыбамі і ягадамі. Талакой і працуюць: поляць градкі, капаюць бульбу, сушаць сена. Калі ў хаце чатыры мужчыны, работа вунь як спорыцца!
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №79 ад 14.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *