7 красавіка споўнілася 30 год з дня крушэння атамнай падводнай лодкі “Камсамолец”

Актуалии Общество

Вечная вахта
7 красавіка споўнілася 30 год з дня крушэння атамнай падводнай лодкі “Камсамолец”
“На чем проверяются люди, если войны уже нет?”, – пеў некалі Уладзімір Высоцкі. Але бывае, што  і мірнае жыццё выпрабоўвае твой дух на трываласць. І пад мірным небам здараюцца подзвігі.
7 красавіка 1989 года ў Нарвежскім моры патанула АПЛ К–278 “Камсамолец” – субмарына 3-га пакалення, якой належыць абсалютны рэкорд па глыбіні пагружэння сярод падводных лодак – 1020 метраў. Што стала прычынай пажару на, здавалася, непатапляльным судне, устанавіць так і не ўдалося. З 69 членаў экіпажа загінулі 42. Вечны спакой на ніжняй палубе затопленага трэцяга адсеку знайшоў і наш зямляк капітан 3-га рангу Анатоль Іспянкоў.
Вахценны матрос, які павінен быў забяспечваць работу дызель-генератара, страціў прытомнасць. Яго месца заняў Анатоль. Ён разумеў, што аварыйнай лодцы патрэбна электраэнергія, патрэбна святло, каб як мага больш таварышаў змаглі выратавацца. Афіцэр не пакінуў свой гераічны пост, нават калі застаўся ў трывалым корпусе зусім адзін. Не адрэагаваў ён і на заклік мічмана-пасыльнага тэрмінова ісці на выхад. Ён упарта працягваў несці сваю вахту ля печы тонучага карабля. Да апошняй секунды. Ён і сёння яе нясе, сваім гераічным учынкам нагадваючы кожнаму з нас пра каштоўнасць жыцця, пра такія высакародныя характарыстыкі асобы, як смеласць, адвага, бескампраміснасць, уменне ўзяць на сябе адказнасць за іншых. Можна не сумнявацца, што, узгадваючы подзвіг Анатоля Іспянкова, кожнаму хочацца стаць хаця б крыху лепшым, зрабіць нешта добрае і карыснае для бліжніх. Гэта становіцца асабліва важна, калі гаворка ідзе пра падрастаючае пакаленне.
Імя А. Іспянкова носіць віцебская СШ № 8, дзе будучы марак-падводнік вучыўся з 5-га па 10-ы клас. У 2015 годзе на будынку школы была ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар памяці пра славутага земляка. Ваенныя маракі там частыя госці. Яны папаўняюць “Куток памяці” каштоўнымі экспанатамі, удзельнічаюць у патрыятычных мерапрыемствах.
Сябар марака-падводніка Анатоль Каваленка ўжо шмат год праводзіць у Віцебску турнір па вольнай барацьбе ў памяць пра тых, хто загінуў на “Камсамольцы”.
Шануе памяць пра свайго земляка і шумілінскае ваенна-марское братэрства. Анатоль Бычкоў, лідар гэтага грамадскага руху, якога ўжо таксама няма з намі, у свой час слушна заўважыў, што менавіта памяць пра нашага выдатнага земляка дазволіла стварыць і згуртаваць дружную ваенна-марскую арганізацыю ў Шумілінскім раёне.
Так, у Беларусі няма свайго мора. Але некалі агульная для ўсіх вялікая краіна здзяйсняла мары і нашых хлопцаў аб ваенна-марской службе. Яны сумленна служылі. Яны і сёння з гонарам надзяваюць цяльняшкі і накіроўваюцца на Шумілінскае возера – іх баявую базу. Спускаюць на ваду ял імя А. Іспянкова. Яны ідуць да яго магілы ў Язвіне, дзе пахавана капсула з марской вадой, каб зноў і зноў адчуць сябе адной баявой камандай. І сёння яны моцныя гэтай еднасцю.
Усмешлівым і добразычлівым успамінае свайго брата Зінаіда Вінаградава.
– Калі ўжо пасля смерці да нас у  госці прыязджалі аднакласнікі Толі, адна з аднакласніц заўважыла, што сваёй усмешкай ён мог “замаўчаць” любога. І гэта сапраўды так.
Пра мора Анатоль марыў з дзяцінства. На Ваенна-марскім флоце 5 год адслужыў яго бацька, мараком быў і дзядзька ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Анатоль Іспянкоў скончыў Севастопальскае вышэйшае ваенна-марское інжынернае вучылішча. Баявыя таварышы па экіпажу падводнай лодкі ведалі яго як смелага, высакароднага чалавека, надзейнага таварыша, клапатлівага патрабавальнага камандзіра.
7 красавіка стала для Расіі Днём памяці загінуўшых падводнікаў. Шануюць гэтую памяць і ў нас. У гэты дзень у Свята-Георгіеўскім храме ў Віцебску па традыцыі прайшла жалобная паніхіда. Прадстаўнікі абласной і раённай арганізацый Беларускага саюза ваенных маракоў наведалі магілу героя. Прайшлі мерапрыемствы і ў СШ № 8 Віцебска. Памяць працягвае жыць.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №28 ад 09.04.2019 г.