У Шуміліне прайшоў раённы конкурс “Вучань года-2019”

Адукацыя Актуалии Моладзь Навіны

11 смельчакоў выйшлі на сцэну
У Шуміліне прайшоў раённы конкурс “Вучань года-2019”
Каля Шумілінскай СШ №1, дзе 17 мая праходзіў конкурс, сустракаю групку малодшых школьнікаў.
–  Што цікавае ў вас тут сёння адбываецца? – пытаюся ў іх.
–  Нічога цікавага, – як па камандзе ўздыхаюць два хлопчыкі, – адны ўрокі.
–  А вось і няпраўда, – кажа бойкая дзяўчынка з дзвюмя касічкамі, – сёння выбіраюць самага лепшага вучня.
–  Лепшага? Гэта ж якім трэба быць, каб трапіць на такі конкурс?
– Напэўна, трэба вучыцца на адны дзясяткі, толькі гэта немагчыма, – зноў уздыхаюць хлопчыкі.
–  Магчыма, – упарта пярэчыць дзяўчынка і дадае: – А яшчэ, каб трапіць на такі конкурс, трэба ўсюды ўдзельнічаць, спяваць, танцаваць і быць прыгожым…
Вось такія крытэрыі. І трэба сказаць, што ўсе 11 прэтэндэнтаў на званне “Вучань года-2019” менавіта такія: і да вучобы здатныя, і да творчасці, і на спорт у іх хапае часу, і на іншыя захапленні. І ўсе прыгожыя сваёй маладосцю і жаданнем жыць актыўна.
Візітка Марка Бурлакова

Ды яны самі ўсё пра сябе расказалі падчас конкурсу візітак “Сам сабе рэжысёр”. Вядома, нехта з іх быў больш сціплы, іншы, наадварот, па максімуму выкарыстоўваў сцэну, каб як мага яскравей раскрыць усе свае здольнасці. Некаторым нават і аднакласнікі дапамагалі. У Кіры Гуйдо, напрыклад, магутная падтрымка была ў зале, Марку Бурлакову выдатную характарыстыку далі аднакласнікі, а з Дзіянай Пушновай на сцэну ў якасці падтрымкі і падтанцоўкі выйшлі не толькі яе аднакласнікі, але і тата з мамай і нават малодшыя сястрычкі. Во якая каманда!

Праўда, адчувалася, што шумілінцы (а названыя дзеці – усе вучні Шумілінскай СШ №1) больш нязмушана адчувалі сябе: і сябры побач, і родныя сцены дапамагалі. Хаця некаторыя дзеці і з сельскіх школ не спужаліся, як, напрыклад, чацвёртакласніца Амбросавіцкай школы Ірына Рабчаева ці сямікласнік Арсеній Якаўлеў са Слабады.
Інтэлектуальны этап конкурсу “Я ведаю”

Але ўжо другі інтэлектуальны этап конкурсу “Я ведаю” зраўняў шансы канкурсантаў. Для трох груп удзельнікаў (3-4 класы), (5-7) і (8-9) арганізатары падрыхтавалі па 10 вельмі няпростых пытанняў. І 10 секунд на роздум па кожным пытанні. Было складана, і не на ўсе пытанні ў дзяцей знайшліся адказы.

“Арт-усход”. Кіра Багданава (першая злева) разам з калектывам барабаншчыц
Затое заключная частка конкурсу, якая насіла гучную назву “Зорны час”, была проста феерычнай. Усё пачалося з верша пра хлеб, які чытала сціплая Ксенія Кавалеўская з Кардона, з нясмелага музыцыравання Канстанціна Іванова з Мішневіцкай школы. А потым гэты канцэрт пачаў набіраць абароты. Ірына Рабчаева, маршыруючы, гучна выканала песню “Прадедушка”, Кіра Багданава з Шумілінскай СШ №1 выдала баянны варыянт “Рускага сувеніра” і танцавальную кампазіцыю “Арт-усход” разам з калектывам барабаншчыц, дзе яна займаецца. Арсеній Якаўлеў разважліва прачытаў вершы пра тое, што ён дамашні хлопчык, і прадаваў песняй “Востраў дзяцінства”. Дзіяна Пушнякова была вельмі пераканаўчай і як спявачка (“Свет, у якім я жыву”), і як цымбалістка. На роднай мове пра Беларусь спявала Аляксандра Барысевіч з Кардонскай школы, Кацярына Сільвестрава з Шумілінскай СШ №2 проста напавал уразіла сваім вакалам джаза.
Кіра Гуйдо праводзіць майстар-клас

А Марк Бурлакоў і Кіра Гуйдо скарылі публіку сваімі неабсяжнымі талентамі. Абодва чыталі вершы пра сябе, спявалі, прэзентавалі выставы сваіх вырабаў, відэазапісы пра свае творчыя выступленні. У дадатак Марк паказаў элементы вавінам в’ет во дао, якім ён паспяхова займаецца (шматлікія медалі і граматы, якія вынеслі на сцэну аднакласнікі Марка, пацвярджалі гэта), а Кіра правяла майстар-клас па вырабе брошкі.

Данііл Даніловіч падарожнічае ў 1979 год

Тэатралізаваным падарожжам у мінулае, а дакладней у 1979 год, калі дзеці яшчэ і не здагадваліся пра сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі, якое цікава прадставіў Данііл Даніловіч з Шумілінскай раённай гімназіі (які, заўважым, ужо паспяхова  займаецца навуковай дзейнасцю і завочна вучыцца ў школе пры БДУ) завяршыўся трэці этап і ў цэлым конкурс.

І вось на сцэне ўсе 11 смельчакоў, якія не пабаяліся заявіць пра сябе на ўвесь раён. І яны сапраўды ўсе вялікія малайцы!
А прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам. Званне “Вучань года-2019” атрымалі Кіра Гуйдо і Марк Бурлакоў. Дыпломы намінантаў атрымалі Данііл Даніловіч – за поспехі ў вобласці вывучэння натуральна-матэматычных навук; Ірына Рабчаева – за актыўную грамадзянскую пазіцыю; Арсеній Якаўлеў, Дзіяна Пушнякова і Кіра Багданава – за творчасць. Астатнія ўзнагароджаны дыпломамі ўдзельніка куонкурсу.
Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова, павязваючы пераможцам стужкі і ўручаючы грашовыя прэміі, падбадзёрыла астатніх і запрасіла да ўдзелу на наступны год. Конкурс абяцае набіраць размах.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №40 ад 24.05.2019 г.