“Подводные камни маркетинга”. Товар тот, да не тот

Общество Экономика

Разглядаем, чытаем, а потым купляем
Вось калі па-сапраўднаму адчуваеш (на ўласным кашальку) работу прафесійных маркетолагаў, дык гэта ў час павальнага падаражання. Дарэчы, у еўрапейскіх вучэбных установах даўно існуюць спецыяльныя прадметы з асаблівай методыкай, якая даводзіць будучым прафесіяналам вытворчасці і гандлю як, мякка кажучы, прыцягнуць кашалёк пакупніка да тавару.
На тэрыторыі постсавецкіх краін яна пачала паспяхова прыжывацца ў апошнія гады, мы ж пакуль асобныя вынікі дзейнасці маркетолагаў ўспрымаем як увядзенне ў зман.  Зразумела, што мы сёння шукаем тавары ў суадносінах з тым, што ў кішэні. І во радасць, калі знойдзеш, напрыклад,  пральны парашок – пакет на тры кілаграмы ўсяго за 36 тысяч. І толькі дома, надзеўшы акуляры і разгледзеўшы тавар, разумееш, што даў сам сябе ашукаць. Пакет выглядае таксама, як і той, што быў зусім нядаўна на тры кілаграмы. Але ёсць акалічнасць: унізе, так, што на вочы адразу не кідаецца, пазначана вага ўсяго на два кілаграмы чатырыста грамаў. На жаль, бянтэжыць не толькі гэта, а і тое, што замест адзнакі “аўтамат” маленькімі літарамі напісана “аўтарытэт”. А ў магазіне чамусьці чыталася, як “аўтамат”. Што гэта? А тое самае: сыграла псіхалогія ўспрымання няўважлівага пакупніка. Вынік: мала таго, што парашку менш, дык і для аўтаматычнай машыны ён не падыходзіць. Ну што, распазналі сакрэт яго прывабнага кошту?
Такая ж “вуда” ловіць пакупніка і ў прадуктовых магазінах, калі, напрыклад, у танным пакеце грэчкі ўсяго дзевяцьсот грамаў (а то і менш) крупы, а не прывычны кілаграм. Недагледзелі? Драбяза? А непрыемна, грошы зноў дарэмна патрачаны…
Безумоўна, павінна быць упакоўка на розную вагу. Гэта зручна. А мы павінны прывыкаць сачыць за маркіроўкай тавару, які купляем. Нічога не папішаш: новы час, новыя падыходы. Таму – разглядаем, чытаем і толькі потым купляем…
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №84 ад 01.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *