Любители спорта из Шумилино побывали на II Европейских играх в Минске

Актуалии Новости Спорт, туризм

На хвалі пазітыўных эмоцый
Асабістыя ўражанні ад спартыўнага свята
Калі хварэць, дык хварэць на стадыёне. Менавіта з гэтай думкай адправілася ў пятніцу на II Еўрапейскія гульні група аматараў спорту з нашага раёна. Атмасфера спартыўнага свята пачынала фарміравацца яшчэ па дарозе, паступова ўзмацняючыся па меры набліжэння да Мінска. На будынках прыдарожных кафэ, аўтазапраўках – яркія банеры з рэкламай гульняў, выявы лісяня Лесіка, талісмана Еўрапейскіх гульняў.
У сталіцы у гэты вечар галоўным цэнтрам стаў Нацыянальны алімпійскі стадыён “Дынама”, да якога з усіх бакоў падцягваліся натоўпы аматараў спартыўных бітваў. На вуліцах сталіцы поўна валанцёраў, якія дапамагаюць іншагароднім знайсці дарогу да стадыёна, ахвотна пазіруюць у сваіх яркіх касцюмах для фотасесій.
Стадыён “Дынама” ўяўляе цікавае спалучэнне старой, яшчэ 30-х гадоў, архітэктуры, так званага “сталінскага ампіру”, і сучаснай – плаўныя формы, нібы з фантастычных касмічных фільмаў. Унутры – праходы да шматлікіх сектараў, зручныя сядзенні для гледачоў, шматлікія кафэ. Добра прадуманы ўмовы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. І зноў валанцёры, якія дапамагаюць знайсці сваё месца. Прыцягвае ўвагу факел гульняў, зроблены ў выглядзе папараць-кветкі, у якім трапеча на ветры яркае полымя.
А на спартыўнай арэне тым часам усё гатова для “каралевы спорту” – лёгкай атлетыкі. Да пачатку спаборніцтваў стадыён запоўнены амаль поўнасцю, сярод гледачоў – Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Спаборніцтвы праводзяцца ў новым фармаце – DNA (дынамічная новая лёгкая атлетыка) – змешаныя камандныя спаборніцтвы, якія ўключаюць у сябе бег (100 м, мужчыны і жанчыны), бег з бар’ерамі (мужчыны (110 м) і жанчыны (100 м), кіданне кап’я (жанчыны), скачкі ў даўжыню (жанчыны), скачкі ў вышыню (мужчыны), змешаная эстафета (4х400 м) і змешаная эстафета – гонка праследавання.
Распачынаюцца спаборніцтвы, і між волі ўцягваешся ў азарт спартыўнай барацьбы, разам з усім стадыёнам падтрымліваеш усіх спартсменаў, якія выходзяць на старты, і, канешне ж, хварэеш за сваіх – беларусаў. Разам з усім стадыёнам узнімаеш хвалю падтрымкі, разам крычыш – радасна ці расчаравана. І спартсмены апраўдваюць надзеі балельшчыкаў: вось Крысціна Ціманоўская фінішуе першай у стомятроўцы, першымі пераадолелі ўсе бар’еры на сваіх дарожках Віталь Парахонька і Эльвіра Герман. Вышыня 2,17 скарылася Максіму Недасекаву – на 1 см больш, чым у яго ўкраінскага калегі. На 67 м 22 см кінула кап’ё Таццяна Халадовіч і не толькі прынесла камандзе дадатковыя ачкі, але і заваявала пуцёўку на Алімпійскія гульні 2020 года ў Токіа. Да апошняга старту беларуская каманда мела столькі ж ачкоў, колькі і ўкраінская, таму ў гонцы-праследаванні яны стартавалі разам. У выніку – золата заваявалі ўкраінскія спартсмены, у беларусаў – сярэбраныя медалі, бронзавыя – у каманды Германіі.
Тры гадзіны праляцелі як адно імгненне, аказваецца, ужо трэба разыходзіцца. Але як ўзняўся настрой, якія добрыя эмоцыі – менавіта дзеля гэтага варта было прыехаць на гульні. І дарога дамоў была карацей, бо ўсе былі пад уражаннем ад спаборніцтваў і свята, якое падарылі спартсмены гледачам.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №51 ад 02.07. 2019 г.