40 молодых шумилинцев получили призывные повестки

Актуалии Общество

Былі мы рабяты,                     а цяпер – салдаты
На дзень прызыўніка, які адбыўся ў першы лістападаўскі дзень, павесткі ў армію былі ўручаны 40 хлопцам нашага раёна. Гэта самы шматлікі прызыў за апошнія гады.
Пад гукі духавога аркестра хлопцы строем накіраваліся да брацкіх могілак, каб ускласці вянкі і кветкі. Прызыў-нікам хацелася ісці ў нагу, але, вядома, не ўсё яшчэ атрымліваецца. Тым не менш, на калону хлопцаў звярнулі ўвагу ўсе прахожыя. Галоўнае ж, падкрэсліў у сваім наказе-віншаванні прызыўнікам намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, каб звярталі ўвагу не толькі на статнасць, але і на сапраўдныя мужчынскія ўчынкі, на мужнасць. Менавіта гэтаму і вучаць у арміі. Праходзіць службу хлопцы будуць у розных войсках – танкавых, дэсантных, пагранічных, унутраных, адзначыла намеснік  раённага ваеннага камісара Н. В. Жандарава.
Ад раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў у Доме культуры выступіў Г. К. Шынкевіч. Наказ Генадзя Канстанцінавіча ў адрас прызыўнікоў  гучаў па-ваеннаму дакладна і выразна.  Словы былі такімі шчырымі, пранікнёнымі, што ўсхвалявалі кожнага.
Усмешкі і слёзы, абдымкі і шчымлівае расставанне – усё гэта  было на дні прызыўніка. Але ж як тут адкінеш гэтыя перажыванні, калі твайму сыну ўручаюць павестку, калі заўтра ён апране ваенную форме, зменіць утульны бацькоўскі дом на ваенную казарму!
“Вельмі перажываю, – шчыра прызнаецца Марыя Сініцына з Шуміліна. – Думаю, а як там будзе ў танкавых войсках майму сыну Андрэю, ці здолее справіцца з ваеннай навукай?”.
“Мама, я ўсё змагу, – заспакойвае сын. – Не маленькі ж ужо.” Сапраўды, Андрэю дваццаць пяць. У свой час з-за траўмы некалькі разоў  давалі адтэрміноўку. Але хлопец перакананы, што служба ў арміі – гэта доўг сапраўднага мужчыны, і кожны з ім павінен справіцца годна.
“А ў нашай сям’і будуць два салдаты, – пахвалілася Антаніна Аляксеева з Шуміліна. – Са студзеня гэтага года старэйшы сын Віталь служыць у Віцебску ў  войсках Міністэрства ўнутраных спраў. А малодшы Дзмітрый будзе дэсантнікам”.
Людміла Кузняцова з Амбросавіч дадае: “Такое пачуццё, быццам сама збіраюся  ў армію. На душы і  трывога, і гордасць, і радасць, і непакой. Спадзяюся, што мой сын Яўген будзе годным салдатам”.
Таццяна Салаўёва з Кардона ад імя ўсіх бацькоў пажадала прызыўнікам моцнага здароўя, цярпення і настойлівасці, надзейных сяброў. “Ну, а мы, родныя, будзем чакаць кожнай вестачкі, кожны тэлефонны званок, – запэўніла Таццяна Анатольеўна. – Не сумняваемся, што вы станеце сапраўднымі абаронцамі нашай Радзімы. Памятайце, што за вашымі плячыма родны дом, спакойны сон родных і каханых. Мы чакаем вашага вяртання дадому здаровымі, сталымі і самастойнымі”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №85 ад 04.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *