95 год з дня ўтварэння адзначыў Дабейскі сельсавет

Актуалии Новости

95 год з дня ўтварэння адзначыў у мінулыя выхадныя Дабейскі сельсавет

Мерапрыемствы распачаліся з мітынгу і рэспубліканскай акцыі памяці “У славу агульнай Перамогі” на брацкай магіле ў Дабеі. Пасля арганізатары запрасілі прысутных на свята “Мой край родны, табе паклон зямны”, якое  прайшло на пляцоўцы каля будынка сельскага Савета. Адчуць у поўную моц святочны настрой перашкаджаў дождж, хаця некаторыя на гэтую не дужа прыемную акалічнасць зусім не звярталі ўвагу.

Трэба заўважыць, што вельмі змястоўны сцэнарый падрыхтавалі арганізатары свята. У першую чаргу, неацэнны ўклад унесла Ала Бубен, бібліятэкар Дабейскай бібліятэкі, мясцовы краязнаўца, якая сабрала грунтоўную і цікавую гістарычную даведку літаральна па кожнай вёсцы. І на працягу мерапрыемства намаляваная карта савета, змешчаная на імправізаванай сцэне з пазначанымі населенымі пунктамі, дабаўлялася зоркамі.
Выступае краязнаўца бібліятэкар Дабейскай сельскай бібліятэкі Ала Бубен.

Першай зорачкай на карце Савета стала маленькая вёска Прыдумкі, яна згадваецца ў 1904 годзе ў статыстычных дадзеных Віцебскай губерні. Тады тут налічваліся 4 двары, дзе пражывала ажно 46 чалавек. Самай старой лічыцца вёска Гародна (1618 год), да рэвалюцыі яна належала праваслаўнай дваранцы Марыі Калчаноўскай. Самай гістарычнай зоркай з’яўляецца аграгарадок Амбросавічы. Сёлета 370 год спаўнілася вёскам Сосніна і Вялікія Ляжні. Невялічкая зорачка – вёска Горкі – вядомая на ўсю краіну і нават за яе межамі, бо на яе землях знаходзіцца помнік прыроды – Вялікі камень. Быць цэнтрам сваёй старонкі вось ужо сёмае стагоддзе выпадае вёсцы Дабея – адной з самых старых вёсак Савета. І гэтак па кожнай вёсцы быў зроблены гістарычны экскурс. Практычна ва ўсіх іх слаўнае мінулае, багатая гісторыя і цікавыя людзі.

У сувязі з утварэннем Віцебскай акругі на падставе пастановы 2-й сесіі Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР 6-га склікання ад 20 жніўня 1924 года быў утвораны Дабейскі сельскі Савет рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Сіроцінскага раёна Віцебскай акругі з цэнтрам у вёсцы Дабея.
Адным з першых старшыняў Дабейскага сельсавета быў Шыёнак Аляксандр Васільевіч. У студзені 1926 года на тэрыторыі Дабейскага сельсавета налічваліся 43 сяленні, дзе пражывала 4047 чалавек.  Сёння ў   сельсавеце 29 вёсак, у якіх пражывае 1131 чалавек.
Зараз на тэрыторыі савета дзейнічаюць два сельгаспрадпрыемствы: ААТ “Прыазёрны мір” (Ю. Савіцкі) і ААТ “Ляжні” (А. Папіна). Савет у свой час вызначыўся тым, што ў лютым 1928 года ў вёсцы Боськава пад кіраўніцтвам Міхаіла Аляксандравіча Ільінца быў створаны першы ў раёне (тады ён называўся Сіроцінскі) калгас “Іскра”.
Гісторыя савета стваралася дзякуючы працы, упартасці, мудрасці людзей, якія жылі і жывуць на гэтай зямлі. І такіх людзей многа.
З юбілеем сельсавета павіншавала землякоў намеснік старшыні райвыканкама, былы кіраўнік сельсавета, Ірына Шалахава.
Старшыня Дабейскага сельсавета Аляксандр Аляксеенка ўручыў падарункі былым і сённяшнім работнікам Савета: Я. Бараноўскаму, І. Васюковічу, І. Шалахавай, Р. Гусараву, Л. Маліноўскай, І. Ласянковай, Е. Галубовіч, Н. Несцярэнка, В. Бараноўскай, Т. Жэдзік. Памятныя дыпломы аб занясенні на Дошку гонару Дабейскага сельсавета ўручаны механізатару ААТ “Ляжні” С. Лазуку, старэйшыне в. Вялікія Ляжні загадчыцы сельскага клуба-цэнтра духоўнага выхавання Н. Лазука, дэпутату сельскага Савета, старэйшыне в.Войлавічы, загадчыцы склада ААТ “Прыазёрны мір” Л. Несцярэнка, дэпутату сельскага Савета загадчыцы Дабейскага ясляў-сада В. Попелавай, дэпутату сельскага Савета, загадчыцы Амбросавіцкага ФАПа В. Безгінай, дэпутату сельскага Савета настаўніку Амбросавіцкай яслі-сад-базавай школы Г. Шчарбакову, бібліятэкару Дабейскай сельскай бібліятэкі А. Бубен і механізатару ААТ “Прыазёрны мір” А. Раманятаву.
Словы віншаванняў былі адрасаваны самаму старэйшаму жыхару Савета Зінаідзе Верамьёвай з Амбросавіч, самаму маленькаму Яраславу Дашкевічу з Дабеі, шчырыя словы ўдзячнасці за гаспадарлівасць і ўзорны парадак на падворках – сем’ям Кавалеўскіх з Дабеі, Жогаляў з Ляжнёў, Кучмаровых з Амбросавіч.
Канцэрт артыстаў мастацкай самадзейнасці, выставы надавалі мерапрыемству асаблівую нотку святочнасці, стваралі настрой. І само свята ўнесена чырвоным колерам у летапіс гісторыі нашага раёна.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №76 ад 27.09.2019 г.