Человек и природа. Как аукнется, так и откликнется

Общество Экология

Як цудоўна ў восеньскі сонечны дзень прагуляцца ў маладым сасонніку.

Пра сечаныя сасонкі і выкінуты тэлевізар
Кожны раз напярэдадні Новага года экалагічныя гурткі школ праводзяць акцыю “Зберажом зялёную ялінку”. Дзеці шчыра заклапочаны ўронам, які наносяць лесу дарослыя, каб (во парадокс) парадаваць іх жа, дзяцей, упрыгожанымі у хатах ёлкамі.
Менавіта перад навагоднімі святамі б’юць ва ўсе званы работнікі лесу, папярэджваюць аматараў высекчы елку ці сасну без білета і ва неўстаноўленым месцы, пра штрафы.
Адпачынак у выхадны дзень у сасновым масіве за вёскай Крупчына і ў маладым сасонніку ля вёскі Лескавічы пацвердзіў думку, што такія акцыі ў нас трэба весці без перапынку, круглы год.
У падлеску за Крупчынам абсталяваны два месцы адпачынку. Ёсць тут і сталы, і лаўкі, а непадалёк на пагорку шапацяць галінкамі статныя прыгажуні-сосны. Слухай лес, любуйся, гуляй…
Падняліся мы на пагорак да гэтых цудоўных дрэў, якія дораць людзям здароўе. Хацелася проста пасядзець на лаўцы і падыхаць гаючым сасновым паветрам. Але ўвесь настрой сапсаваў непарадак, які пакінулі каля лавак нейкія грамадзяне. Наўрад ці яны думалі, пакідаючы гэтае бязладдзе, што глядзець на параскіданыя імі наўкол бутэлькі, пакункі ад пячэння і чыпсаў, пачкі ад цыгарэт наступным наведвальнікам будзе непрыемна…

Ці ў розуме той чалавек,які скідваў тут смецце

У маладым сасонніку ля вёскі Лескавічы абсталяваных месцаў адпачынку пакуль не заўважылі. Але ёсць дарога, сухая, добрая, як- раз для павольных прагулак. Збоку ўзарана супрацьпажарная паласа. І зноў стала крыўдна ад убачанага: на канаўку нехта выкуліў дамашняе смецце. Бутэлькі, шклянкі, поліэтыленавыя пакеты і нават стары тэлевізар …
Далей на шляху сталі трапляцца абсечаныя маладыя сасонкі. Дзе макушка ссечана, дзе перасечана пад корань само дрэўца.
Каму спатрэбілася гэткае рабіць? Навошта? Да Новага года яшчэ цэлых шэсць тыдняў… А можа нарыхтоўвалі галіны для ўхутвання цеплалюбівых раслін? Дык можна ж было настрыгчы секатарам самых ніжніх, што ля зямлі, галін. Дрэвы нашто губіць? Нашто нішчыць прыгажосць, якую так шчодра нам падарыла прырода?
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №92 ад 29.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *