Мікалай МАРОЗ: “Калі ты прыстойны чалавек…”

Духоўнае

“Калі ты прыстойны чалавек…”
Чалавек выйшаў на пенсію і ўзяўся чытаць.  Узяўся нагульваць, вобразна кажучы, інтэлектуальны “тлушч”. Іншы бярэцца за вудзільна, надзімае сваю рыбацкую “шлюпку”, іншы радуецца, што, нарэшце, зможа пабываць  у святых мясцінах, едзе ў складзе вандроўнікаў (калі, вядома, дазваляюць “пенён-дзы”) на Валаам, Салавецкі манастыр або на гару Бялуху, што ў горным Алтаі.   А той-сёй нібыта ім  у піку залягае, як сурок, “у спячку” – яму хочацца выспацца. А ёсць такія, што чакаюць пенсію, як Бога, бо засумавалі рукі па сталярна-слясарным рыштунку, па вышыванні “крыжыкам” ці бісерам, па пэндзлі і мальберту. Хапае, аднак, і тые, хто па-ранейшаму акалачваецца  ў піўнушках, зараз ужо з самае раніцы.

А працаголікам такі “спакой толькі сніцца”. Адзін настаўнік, які вучыць дзяцей разьбе па дрэве, даўно дарос да “Дзеда-Барадзеда” – яму прыспела ці не 75. Але трымаецца, бо, як прызнаўся сам, маладзее душой побач з маладымі.  Сухі, як вобла, з упалымі вачыма, тварам ад маршчын і “барознаў”, як тое павуцінне, ён паходзіць на казачнага Кашчэя Бессмяротнага.
На ўсё свой час. Ведаю і мянушкі, якімі надзялілі маладыя тых, каму “не сядзіцца ў хаце”: мужчына – Стары Хатабыч, жанчына – Старая Шапакляк. Што трымае на рабоце людзей да дамавіннай дошкі? Вядома ж, грошы. А лепш сказаць, даважак да пенсіі. І гэта прытым, што ў іх, хутчэй за ўсё, няма іншага занятку – дома, занятку для душы! У іх “вузкая спецыялізацыя”, як казаў класік-сатырык. Яны баяцца аказацца на “свабодзе”, баяцца гэтага, як агню. Залегчы ў спячку, катацца па святых мясцінах – не хочацца, няма патрэбы. Сталярыць яны не ўмеюць, кніг не чытаюць…
Куды ім, калі прыйдзе “свабода”?!
А той, хто чытае, знойдзе ў вядомай расійскай пісьменніцы І. Грэкавай словы: ”Калі б я быў прыстойным чалавекам і не быў баязліўцам, я даўно пайшоў бы на пенсію. Але я гэтага баюся…”. Словы галоўнага героя з аповесці “Кафедра”. Прачытаў бы гэты “мошчавы” разьбяр кнігу і задумаўся б, парадаваўся б за тое, што будзе маладзець не з чужымі дзецьмі, а са сваімі ўнукамі, якіх мусіў бы вучыць прыгожаму і светламу. Трэба знайсці ў сабе мужнасць, а галоўнае – мудрасць у пару сысці, саступіўшы месца маладому і энергічнаму, свежаму і крэатыўнаму. Клеткі павінны абнаўляцца, інакш амярцвее ўсё цела. Гэта закон прыроды, і ніхто не можа яго адмяніць. Нават самы магутны з людзей, самы багаты крэз-таўстасум.…
Не бывае так, каб чалавеку хапала грошай. А чым больш грошай, тым большыя запыты. І многія лезуць са скуры, каб дакласці ўнуку да аўто, не могуць наталіць “голад” на жыллё, на розныя канапы і ВК-тэлевізары – каб хапіла гэтых дабротаў і дзецям, і ўнукам, і нават праўнукам. Адзін добра знаёмы не мог парваць з работай, бо хацелася яму закрыць прыватызацыю кватэры ў маляўнічай мясціне, каб хоць нешта са спадчыны засталося нашчадкам, а другі так зашкадаваў сваю дачушку, што перадаў ёй на дробныя сямейныя выдаткі сваю пенсійную картку, пераконваючы і сябе, і тую ж дачку: ”Мы сабе заробім. Што мы, зломкі?!”
Вось такія “ахвяры”.  І вельмі сумняваюся, што такія падарункі на карысць “чадам”, бо жыць на гатовым – дрэнна, калі хочаце, амаральна. Каго выхоўваем – утрыманцаў? Хаця калі па шчырасці, то маладым сёння нясоладка, і тыя з нас, хто пры рабоце, “выцягваюць” з яе па максімуму. Пакуль ходзяць, пакуль не зваліць сур’ёзная хвароба…
Калі ж адпачыць гэтаму самаахвярніку? Калі захварэеш, і тыя грошыкі, якія ты зарабіў “звышурочна”, аддасі на лячэнне? Не дай Бог! І ці думаў хто з гэтых працаголікаў, якое кароткае, як знічка на небе, яго зямное жыццё?! Не сумняваюся, думаў, але гэтую думку неадольна адсоўвала на трэці, на дзясяты план шкадаванне сваіх дзетак і ўнукаў, нібыта ты сталёвы, ты бессмяротны і можаш  забяспечыць дабротамі свой род па самае пятае ці шостае калена…
Што ж, такія мы, скажа нехта, не дбаем пра сябе (“Мы пажылі, а дзяцей шкада!”– разважаем). Але ж не думаем мы пра духоўнае, а ўсё – пра меркантыльна-мяшчанскае. Быццам без аўто ўнук не абыдзецца (абыходзяцца тысячы ўнукаў, і нічога), быццам пажыць гадоў дзесяць, як мы жылі некалі, у інтэрнаце “западлянку”, ім адразу, па заканчэнні вучобы, падай кватэру ў Мінску, у Віцебску, у Барысаве. Ці будзе такім жа самаахвярным да сваіх дзетак той унук, якому звалілася з неба кватэра? Вось тут і пачынаецца трагедыя, бо чалавек сам (падкрэсліваю – сам) нічога не зарабіў.
І апошняе, з адценнем трывогі. Бывала не раз – зойдзеш у краму ў рабочы час, людзей мала, падыдзеш да касы, а касірка быццам няўзнак і скажа: ”Зайздрошчу пенсіянерам. Ім не трэба працаваць, а тут распінаешся за чатырыста рэ”. І гэтак з крыўдай скажа, гэтак  зларадна, што табе стане няёмка, стане прыкра ад думкі, нібыта ты дармаед і забіраеш чужыя грошы…
Зайздросціць старасці?.. Паважаць яе – разумею, але ніяк не зайздросціць. На каго ж ты злуешся, маладзічка, падмывала адказаць, усе будзем старымі. Мы сёння, вы – праз трыццаць ці сорак гадоў. Іншая справа, што падоўжаны ўзрост для выхаду на пенсію, і хто ведае – ці апошняе гэта падаўжэнне. Можа, тут, як кажуць, і зарыты сабака. Але ўсё адно не дай Бог пачуць ёй у твар падобныя словы праз сорак гадоў ад тых, каму працаваць да “пенсіёна”, як меднаму кацялку.
Мікалай МАРОЗ,
в. Баёўка.
Апублікавана ў №97 ад 13.12.2019 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *