Пишите, звоните. Мы опубликуем и ваши предложения

Общество

Чакаем вашых прапаноў

Падказваць тэмы, праблемы і накірункі, якія трэба рашаць і развіваць у рэгіёне – з такой просьбай, нагадваем, звярнуўся да жыхароў Шумілінскага раёна старшыня райвыканкама Віктар Гутараў падчас сустрэчы з калектывам рэдакцыі раённай газеты. Да нас працягваюць паступаць прапановы, чарговую падборку якіх мы зараз вам і прапануем.

Вярніце кіёскі «Саюздруку»!
Чаму закрыты кіёскі «Саюздруку» – з абурэннем пытаюцца людзі.
У прыватнасці, Зоя Ягіпцава з райцэнтра наракае, што закрыццё кіёска выклікала шматлікія нязручнасці. Раней яна мімаходзь магла прыпыніцца на рагу Ленінскай і Вакзальнай, купіць газеты «Друг пенсіянера», «Жаночую газету», праграму тэлебачання, тое-сёе з парфумы. А цяпер трэба ісці на пошту, а там то чарга, то няма любімых газет…
Зою Аляксееўну падтрымлівае і другая жыхарка Шуміліна, якая прывыкла купляць у кіёску пятнічны і суботні выпускі «Камсамолкі», а на пошце іх чамусьці няма ў продажы.
Гул абуральных галасоў прагучаў ад пацыентаў раённай баль-ніцы, для якіх кіёск «Саюздруку» ў сценах лячэбнай установы быў проста незаменным, дапамагаў трымаць сувязь са светам і хутчэй выздараўліваць.
Затое, заўважылі пацыенты бальніцы, кіёскі «Табакерка» красуюцца ў Шуміліне на самых бачных месцах. Адзін з іх – практычна насупраць бальніцы – як выклік урачам, што змагаюцца з лёгачнымі захворваннямі.

Трэба зрабіць Язвіна больш прывабным
Наталля Назарава з Язвіна не можа змірыцца з непрывабнай знешнасцю сваёй вёскі, якой выпала доля размясіцца на вялікай трасе, але не пашчасціла стаць ні аграгарадком, ні вёскай будучага. І глядзяць на бягучыя караваны аўтамабіляў – айчынных і замежных – адблупленыя фасады шматпавярховак, нібы просячы прабачэння за сваю непрэзентабельнасць. Наталля Кірылаўна ад імя жыхароў усёй вёскі просіць не адкідваць убок язвінскае пытанне і знайсці магчымасць надаць вёсцы больш статусны выгляд.

Рытуальная зала
Яшчэ адна праблема, якую акрэслілі многія жыхары Шуміліна, – адсутнасць у нашым гарадку рытуальнай залы. Праблема набалелая, асабліва для жыхароў шматпавярховак. У некаторых пад’ездах настолькі цесна, што даводзіц-ца труну выцягваць амаль у вертыкальным становішчы, ці (як па-чорнаму жартуюць некаторыя землякі) прасіць нябожчыка, каб сам выйшаў з пад’езда.
У цывілізаваным свеце ёсць шмат прыкладаў удалага рашэння гэтай далікатнай праблемы. Недзе царква за пэўную плату бярэ на сябе такія функцыі, а часцей будуюцца спецыяльныя залы, куды для развітання можна запрасіць свяшчэнніка любой канфесіі, родных і сяброў нябожчыка.
Відаць, наспеў час і шумілінцам далучыцца да цывілізацыі.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №3 ад 14.01. 2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *