Доска почета Шумилинского района: Ирина Овсянникова

Главное Общество Сельское хозяйство

Укладвае душу ў справу
За гады сумленнай і бездакорнай працы можна дасягнуць многага. У тым ліку і звання аднаго з лепшых у раёне працаўнікоў: за плённую работу на раённую Дошку гонару занесена прозвішча Ірыны Мікалаеўны Аўсяннікавай, аператара машыннага даення малочнатаварнай фермы «Латкова» сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае».

Ірына Аўсяннікава родам з Сенненскага раёна, але больш за 25 гадоў яна працуе з буйной рагатай жывёлай у «Лаўжанскім». Хаця пасля заканчэння школы Ірына выбрала прафесію повара, нават закончыла вучылішча і працавала ў Віцебску. Аднак лёс склаўся так, што ў 1994 годзе пасля вяселля пераехала да мужа ў Мікіціху. «На пераезд згадзілася без усялякіх ваганняў, – расказвае Ірына Мікалаеўна. – У «Лаўжанскім» прапанавалі работу даяркай. Сама я з вёскі, так што даіць кароў для мяне ніколі не было праблемай. Маці мяне яшчэ ў шостым класе навучыла гэтаму, і ў школе ў старэйшых класах вучылася на аператара машыннага даення. Але вырашальным было тое, што прапанавалі жыллё. І дзесьці праз паўтара года атрымалі трохпакаёвую кватэру». Пра пераезд Ірына Мікалаеўна ніколі не пашкадавала і сёння адназначна называе сваёй малой радзімай менавіта аграгарадок Мікіціху, бо тут яе сям’я, яе дом і яе работа.
З дня ў дзень Ірына Аўсяннікава ўстае з першымі крыкамі пеўняў і едзе на веласіпедзе на ферму. Ранішняя дойка пачынаецца ў 5.30, потым – яшчэ дзённая і вячэрняя.
Толькі чалавек, прывучаны з дзяцінства да цяжкай сялянскай працы, можа затрымацца ў жывёлагадоўлі і пры гэтым укладваць усю душу ў сваю справу. Таму і не дзіўна, што Ірына Мікалаеўна дзякуючы сваёй працавітасці лічыцца адной з лепшых работніц у гаспадарцы.
Пад наглядам жанчыны 48 кароў, і да ўсіх яна адносіцца з пяшчотай, кожнай абавязкова ласкавае слова скажа, бо лічыць, што толькі так можна дасягнуць высокіх паказчыкаў. І жывёла аддзякавае сваёй гаспадыні добрымі надоямі. Адказная і добрасумленная Ірына Мікалаеўна пасля дойкі старанна і акуратна памые апараты, прывядзе ўсё ў парадак, абы-дзе сваіх падапечных і толькі потым едзе дадому.
– Люблю сваю справу, – упэўнена кажа І. М. Аўсяннікава. – Лічу, што трэба працаваць з поўнай аддачай і сумленна, толькі тады і добрых вынікаў можна чакаць.
У перапынках паміж дойкамі жанчыне не надта ёсць часу адпачыць, бо хапае і хатніх клопатаў. Ірына Аўсяннікава з мужам выхавалі траіх дзяцей. «Калі раней хацелася пачаставаць нечым смачным сваіх дзяцей, – з усмешкай кажа жанчына. – То зараз частую ўнукаў. Асаблівая радасць, калі дома збіраецца ўся наша вялікая сям’я».
Безумоўна, жыццё Ірыны, як і большасці вяскоўцаў, не вельмі багатае на падзеі, тым не менш яна з усмешкай і не без агеньчыку ў вачах расказвала пра свае будні, што ва ўсім імкнецца знаходзіць толькі станоўчае. І размаўляючы з гэтай жанчынай, упэўніліся яшчэ раз у тым, што чалавек сам каваль свайго лёсу.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №6 ад 24.01.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *