Лидия Журова: «Мы родились в победном сорок пятом»

Беларусь помніць Грамадства Да 75-годдзя Вялікай Перамогі

«Мы нарадзіліся ў пераможным сорак пятым»

Час бяжыць няўмольна. Не верыцца, але 75 год прайшло з таго часу, як закончылася вайна. 75 год таму савецкі народ святкаваў Вялікую Перамогу. 75 год прайшло… І сёння мы з вялікім смуткам канстатуем: як мала з намі засталося непасрэдных сведкаў той вайны. У прыватнасці, у нашым раёне ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны зараз пражывае толькі 9 чалавек.

Лідзію Жураву віншуюць Святлана Іванова, Таццяна Цэрах і Таццяна Карніловіч.

Час бяжыць няўмольна. І ўжо цэлае пакаленне сёлета адзначае столькі ж год, колькі самой Перамозе. Гэта яны з гонарам гавораць пра сябе словамі вядомага верша “Мы нарадзіліся ў пераможным сорак пятым”.
Нядаўна віншаванні з 75-годдзем прымала жыхарка райцэнтра Лідзія Журава. Дома віншавалі родныя і блізкія, у Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей для віншаванняў яе запрасілі сябры.
Больш за пяць год юбіляр з’яўляецца актыўным удзельнікам музейнага праекта «Народная крыніца», які аб’яднаў людзей, апантаных дэкаратыўнай-прыкладной і мастацкай творчасцю. Да юбілею супрацоўнікі музея арганізавалі персанальную выставу Лідзіі Уладзіміраўны Журавай “Творчая мазаіка”. І ў дзень яе нараджэння дырэктар музея Святлана Іванова, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Цэрах і ўдзельнік “Народнай крыніцы” Таццяна Карніловіч сказалі імянінніку шмат цёплых і шчырых слоў.
Так, дырэктар музея Святлана Іванова прызналася, што па-добраму зайздросціць жыццёвай сіле і аптымізму Лідзіі Уладзіміраўны, і ў першую чаргу зычыць ёй здароўя. “У скарбонцы гэтай цудоўнай жанчыны поўна ідэй, ініцыятыў і планаў, – дадала Святлана. – Яна не спыняецца на дасягнутым, не баіцца асвойваць новае. Ідзе сваім творчым шляхам”.
Падчас чаяпіцця імянінніца падзялілася ўспамінамі пра сваё пасляваеннае дзяцінства, як яна з сям’ёй у далёкім 51-м годзе прыехала на малую радзіму бацькі ў вёску Прыазёрная. Прыехалі з Пскоўскай вобласці, дзе бацька пасля ранення быў у шпіталі, дзе пазнаёміўся з маці і дзе нарадзілася Ліда. Яна добра памятае, як бацьку кожнае 9 мая запрашалі ў райцэнтр у ваенкамат, дзе яго віншавалі з Днём Перамогі. А наогул у сям’і не прынята было шмат гаварыць пра вайну. А вось працаваць добра ўмелі ўсе. Сям’я заўсёды трымала немалую гаспадарку.
Да 1987 года Л. У. Журава жыла і працавала ў Шуміліне, выхоўвала дзвюх дачок. У 1987-м лёс закінуў яе на Поўнач, дзе яна працавала бухгалтарам, загадчыкам склада, на іншых пасадах. Дамоў Лідзія Уладзіміраўна вярнулася ў 1996 годзе ў статусе пенсіянера. Прыкладна тады і з’явілася жаданне паспрабаваць сябе ў творчасці, бо часу вольнага дадалося, і чымсьці трэба было займацца. Спачатку гэта былі вырабы з поліэтыленавых накрывак, пасля ў ход пайшлі гузікі, яечная шкарлупіна, засушаныя кветкі, ніткі, стужкі, скура, паеткі, каменьчыкі і г. д. Зараз ёй больш падабаецца маляваць. Вельмі любіць кветкі, у яе і дома і каля дома заўсёды кветкавы рай.
Наш 75-гадовы юбіляр прызналася, што з’яўляецца актыўным карыстальнікам сацыяльных сетак, валодае планшэтам і камп’ютарам, і ніводнага дня не абыходзіцца без інтэрнэту. Найперш для сувязі з дачкамі Вольгай і Валянцінай, унукамі і праўнукамі, якія жывуць далёка. А яшчэ прызналася, што адчувае сябе шчаслівай, бо ёсць пад-трымка і цесная сувязь родных і блізкіх, ёсць любімыя справы, ёсць сябры.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №19 ад 10.03.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *