Сёння Шумілінскі ўчастак электрасувязі прадстаўлены трыма падраздзяленнямі: сэрвісным цэнтрам, лінейнай і станцыйнай групамі, дзе працуюць 26 чалавек

Главное Экономика

Быць патрэбнымі і надзейнымі, зручнымі і гібкімі

Такую задачу ставяць шумілінскія электрасувязісты на чале з Юрыем Маскальковым. І трэба прызнаць, у іх многае атрымліваецца.

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і ўчастак Белтэлекама пачынаецца з сэрвіснага цэнтра, ці групы продажаў, дзе адбываецца прыём заявак і заключэнне дагавораў як з фізічнымі, так і юрыдычнымі асобамі, кансультаванне, прасоўванне паслуг.
На здымку: спецыялісты па продажах Бяззубенка Рыта і Шарыпава Алеся з начальнікам участка Юрыем Маскальковым.

Сувязістаў можна бачыць па ўсім раёне. Па-першае, яны кожны дзень працуюць з кліенцкай базай, рамантуюць збудаванні сувязі, задавальняюць заяўкі па ўстаноўцы і падключэнні паслуг сувязі.
Акрамя гэтага, ідзе планавая мадэрнізацыя сетак сувязі (старыя медныя правады мяняюцца на сучаснае «оптавалакно») і тэхналагічнага абсталявання з пераключэннем тэлефонных нумароў на сучасныя платформы прадастаўлення паслуг (IMS). Гэта дае больш шырокія магчымасці для кліентаў і высокую якасць. У прыватнасці, зараз вядуцца работы ў Шуміліне – перападключаюцца арганізацыі і прадпрыемствы. У аграгарадках Мікіціха і Слабада вядзецца замена лініі сувязі на оптавалакно да шматкватэрнага жылля.
«У стадыі распрацоўкі праектна-каштарысная дакументацыя для мадэрнізацыі сеткі сувязі прыватнага сектара ў Шуміліне, – расказвае Юрый Маскалькоў. – Сёлета плануем распачаць работы».

У станцыйнай групе шумілінскага ўчастка электрасувязі працуюць выключна высокакваліфікаваныя і вопытныя інжынерна-тэхнічныя работнікі. Бо тут мець справу даводзіцца са складаным тэхналагічным абсталяваннем. І трэба забяспечваць пастаянную працаздольнасць электронных тэлефонных станцый, вузлоў перадачы дадзеных, міжстанцыйнай сістэмы і аператыўна ліквідаваць аварыйныя сітуацыі.

Задачы ў шумілінскіх сувязістаў напружаныя і складаныя, аднак зладжаны высокакваліфікаваны калектыў здольны іх выконваць. Стаўку робяць тут на забеспячэнне якасных характарыстык, аператыўную ліквідацыю пашкоджанняў на лініях сувязі, на аднаўленне працаздольнасці паслуг па заяўках кліентаў.

Пабудаваць, пракласці кабельныя лініі сувязі, падключыць – рэалізацыяй тэхнічных магчымасцей падключэння кліента да паслуг сувязі і тэхнічным абслугоўваннем існуючых лінейна-кабельных збудаванняў займаюцца работнікі лінейнай групы.

Сёння Шумілінскі ўчастак электрасувязі цэха СТС Віцебскага філіяла РУП «Белтэлекам» прадстаўлены трыма падраздзяленнямі: сэрвісным цэнтрам, лінейнай і станцыйнай групамі, дзе працуюць 26 чалавек.
З 2007 года ўчастак сувязі ўзначальвае Юрый Маскалькоў. Маладому і амбіцыйнаму кіраўніку ўдалося сфарміраваць працаздольны калектыў кваліфікаваных спецыялістаў, згуртаваць яго і кожны год паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы. Трэба працаваць так, каб не было сорамна за зробленую работу – так проста ён вызначае прынцып свайго кіравання і прынцып работы прадпрыемства.
«Мы дакладна разумеем сваю важнасць, бо без сувязі немагчыма сёння рэалізацыя ніводнага эканамічнага праекта, немагчыма існаванне інфраструктуры, – кажа Юрый Рыгоравіч. – Але ж хочацца быць яшчэ патрэбнымі, зручнымі і гібкімі для кожнага жыхара раёна. І шумілінскія сувязісты стараюцца быць у ліку лепшых. Кругласутачная служба 123 заўсёды рада прыняць заяўкі кліента».
7 мая на ўрачыстым калектыўным сходзе лепшыя работнікі ўчастка будуць адзначаны ганаровымі граматамі і падзякамі. За тое, што працуюць на сумленне, годна трымаюць імідж Белтэлекама.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №34 ад 05.05.2020 г.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *