В Шумилино — аншлаг на концерте рок-группы «Эксперимент-12»

Культура Молодёжь

“Эксперымент” працягваецца
Шумілінскі рок гурт “Эксперымент-12” неаднаразова выступаў у Віцебску і Оршы, Полацку і Наваполацку, Мінску і Барысаве, іншых гарадах Беларусі. “Эксперымент-12” ведаюць у Расіі і ва Украіне. Шумілінскія рокеры — лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных рок-фестываляў. Яны выступалі на адной сцэне з такімі вядомымі гуртамі, як “Аліса”, “Арыя”, “Король и шут”, “Пілот” і іншымі.
За час існавання ў гурце некалькі разоў мяняўся састаў. На сённяшні дзень “Эксперымент-12” – гэта Максім Крыгін (вакал), Аляксандр Раманенка (бас-гітара), Дзмітрый Пракопчык (гітара), Міхаіл Жукаў (гітара), Раман Юматаў (барабаны) і Дзяніс Дубянок (клавішныя).
Сёлета “Эксперыменту-12” споўнілася 18 год, і да свайго дня нараджэння рокеры падрыхтавалі адмысловую канцэртную праграму “Паўналецце”, у якую ўвайшлі як старыя, так і новыя кампазіцыі. Музыканты – народ своеасаблівы, творчы, таму і да святкавання свайго юбілею падышлі крэатыўна, арганізаваўшы вялікі рок-канцэрт з удзелам іншых рокавых калектываў.
У суботу 10 снежня ў Шумілінскім ГДК “Эксперымент-12” прэзентаваў гледачам сваю юбілейную праграму “Паўналецце”. У фэсце прынялі ўдзел рок-гурты “Небо-скрёбы”, “Дэнатурат” (абодва з Віцебска) і “Акно” (Обаль). Музыканты даўно пачалі рыхтавацца да гэтай падзеі.
“Хацелася парадаваць землякоў якасным жывым гукам, арганізаваць такі канцэрт, каб не было сорамна, — дзеліцца лідар групы Максім Крыгін. – Нам ёсць што паказаць, у нас запісана звыш шасцідзесяці песень, выйшла пяць паўнацэнных альбомаў і два сінглы. Вядома, перад роднай публікай цяжка працаваць, больш нярвуешся…”
Рок-вечарына “Паўналецце” выклікала інтарэс у гледачоў. Рокеры змаглі сабраць шмат прыхільнікаў альтэрнатыўнай музыкі. Зразумела, пераважная большасць – моладзь, але на канцэрт прыйшлі і людзі сярэдняга, і больш сталага ўзросту – тыя, хто вырас на “Бітлз”… Прыхільнікі року былі не толькі шумілінскія, а і з суседніх раёнаў, Віцебска (рэклама мерапрыемства па інтэрнету спрацавала). Асаблівы антураж фэсту надалі байкеры, іх выгляд, паводзіны, (матацыклы).
Больш чым тры гадзіны жывой музыкі праляцелі як адно імгненне.
Адкрыў канцэртную праграму рок-гурт “Небо-скрёбы” (да слова, на барабанах тут – Раман Юматаў). Меладычны лірычны рок адразу даў усяму мерапрыемству пазітыўную хвалю і настрой. Саліст Дзмітрый Герасімовіч цудоўна адчувае залу, заводзіць яе, ды і песні падбірае менавіта пад публіку. І ўжо праз кампазіцыю-другую рок-н-рольны дух цалкам панаваў у ГДК. А калі “Небоскрёбы”  пачалі выконваць песню “Эксперымента-12” “Я кахаю цябе”, зала літаральна ўзарвалася ад авацый.
Наступнымі выступала обальскае “Акно”. Алег Мулькоў і кампанія прапанавалі цяжкі рок. Ніякай лірыкі. Жорсткі стыль. Гранж музыкі і тэксту. Але і такая музыка цудоўна ўпісалася ў вечарыну. А вось сваю кампазіцыю “У тваім акне цёмна” “Эксперымент-12” наўрад ці пазнаў бы– “Акно” зрабіла яе жорсткай, у сваім стылі.
Музыканты з “Дэнатурата” нават сваім знешнім выглядам нагадваюць традыцыйны вобраз рок-музыкаў: доўгія валасы, татуіроўкі, скураное і джынсавае адзенне. Выконваюць класічны рок прафесійна. Сола на гітарах ды барабанах, мелодыка і тэксты песень – тое, што падабаецца прыхільнікам року – ёсць у кожнай кампазіцыі.  Энергетыка саліста Сяргея (Арыстарха) міжволі вымушае кожнага падпяваць яму. А кампазіцыю “Я хацеў бы застацца з сябрамі”  можна з лёгкасцю назваць лозунгам усёй вечарыны.
І нарэшце на сцэне “Эксперымент-12”. На “ўра” ўспрымалася “Я кахаю цябе”, “Свабода”,  “Мая муза”, “Казка”. Не ведаю, ці чуў сябе Максім Крыгін пры выкананні гэтых песень, бо ўсе ў зале гучна спявалі з ім. Не абышлося тут і без старых, добра вядомых кампазіцый. Успомнілі і пра ранейшых удзельнікаў гурту: песню  “На Ліцейным” выконваў сённяшні састаў разам з былымі ўдзельнікамі Аляксеем Івановым і Валерыем Латковічам.
Не мог “Эксперымент-12” абысціся ў гэты вечар і без прэм’еры. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што “Анёл” стане новым хітом шумілінскіх музыкаў. А тэкст прымусіць многіх задумацца пра наша жыццё і маральныя каштоўнасці.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №98 ад 20.12.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *