Пока не похоронен последний солдат…

Актуалии Векапомнае

Памятник на воинском захоронении в агрогородке Мишневичи Шумилинского района

Пакуль не пахаваны апошні салдат…
Яшчэ некалькі год таму лічылася, што на тэрыторыі нашага раёна пахавана каля 8500 воінаў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Сёння гэтая лічба вырасла ўжо амаль на дзве тысячы, але і яна не можа прэтэндаваць на дакладнасць – загінуўшых і пахаваных на шумілінскай зямлі намнога болей. Хутка ўжо 70 год, як скончылася вайна, але мы ўсё яшчэ не можам дазволіць сабе спыніцца ў пошукавай дзейнасці, пакуль тысячы (!) імёнаў не ўнесены ў спісы, не ўвекавечаны, не праслаўлены.
На мінулым тыдні наш раён наведала Ларыса Бруева, кіраўнік Віцебскага рэгіянальнага цэнтра героіка-патрыятычнага выхавання “Пошук”. Ларыса Навумаўна апантана і абсалютна бескарысліва займаецца ўвекавечаннем загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, і да нас прыехала з прапановай і канкрэтнымі метадычнымі рэкамендацыямі па стварэнні банка дадзеных па загінуўшых на тэрыторыі нашага раёна. Яна заклікала паўдзельнічаць у гэтай высакароднай справе ўсіх неабыякавых да сваёй гісторыі, звярталася да настаўнікаў, моладзі, грамадскасці.
Ларыса Навумаўна расказала, што ва Упраўленні па ўвекавечанні памяці над стварэннем рэспубліканскага банка дадзеных працуюць усяго тры чалавекі. А што могуць зрабіць тры чалавекі, нават калі яны кругласутачна будуць працаваць?
“Гэта надзвычай важная работа, якая з гадамі не траціць сваёй актуальнасці. Раней да мяне звярталіся жонкі ці маці загінуўшых, — расказвае Бруева, — сёння — усё больш унукі і праўнукі адшукваюць сваіх родных. Ім хочацца ведаць, дзе магіла дзеда, хочацца прыехаць, пакланіцца, пакласці кветкі. А куды іх адправіць, калі нічога невядома? У пашпартах воінскіх пахаванняў, з якіх фарміруецца рэспубліканскі архіў, менш за палову тых, хто ляжыць на вашай тэрыторыі.
Сёння работа сур’ёзна палегчана: за інфармацыяй няма неабходнасці, як раней, ехаць у архіў Міністэрства абароны РФ у Падольск. Ёсць сайт “ОБД–МЕМОРИАЛ”, дзе вам адкрыюцца ўсе дадзеныя, якія ёсць у цэнтральным архіве па загінуўшых воінах. Там і вашы землякі, і тыя, хто загінуў на вашай тэрыторыі. Дзесьці праз месяц запрацуе сайт “Кніга “ПАМЯЦЬ” Рэспублікі Беларусь”, куды трапіць і ўсё тое, што будзе зроблена вамі”.
Л. Н. Бруева параіла нам весці работу па трох накірунках: “Абеліск на карце”, “Дзе загінулі мае землякі”, “Без вестак прапаўшыя”. Прапанавала форму справаздачнасці, спосабы збору матэрыялаў.
Сур’ёзна пошукавай работай разам са сваімі падапечнымі ўжо не першы год займаецца Н. С. Пахомава, кіраўнік гісторыка-краязнаўчага клуба, які дзейнічае ў Суравенскай школе. Наогул, у гэтай рабоце на вучняў самыя вялікія спадзяванні, на іх цікаўнасць і апантанасць. Дарэчы, Ларыса Навумаўна заўважыла, што самыя актыўныя ў справе ўвекавечання абавязкова будуць адзначаны, заахвочаны матэрыяльна.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *