Питомник Шумилинского лесхоза расширяет ассортимент и географию реализации продукции

Экономика

Полцеўскі  гадавальнік  пашырае  межы  і  асартымент

У Полцеўскім гадавальніку, які належыць ДЛГУ «Шумілінскі лясгас», зараз гарачая пара. У кіраўніцтва лясгаса і ў майстра Сяргея Пятровіча Басава планаў і задач на сезон-2020 шмат. Разам з брыгадай рабочых (5 лесаводаў і адзін механізатар) ён шчыруе на давераным яму ўчастку.

Актыўныя работы ў гадавальніку пачаліся ў сакавіку з рэалізацыі пасадачнага матэрыялу. Саджанцы бралі на веснавую пасадку як свае лясніцтвы, так і калегі з Суражскага і Глыбоцкага лясгасаў. Па падліках Сяргея Пятровіча, суседзям было рэалізавана 220 тысяч штук хвойных парод – пераважна елкі еўрапейскай. Свае лясніцтвы высадзілі 300 тысяч хвойных і 40 тысяч ліставых.

– Як перазімавалі культуры? – пытаюся ў майстра. – Зімы ж сапраўднай не было…

– Дуб перазімаваў. Хвойныя таксама перанеслі зіму добра. Захворваемасці не назіраецца – восенню апрацавалі саджанцы фунгіцыдамі.

У майстра С. П. Басава, вопытнага агранома з 32-гадовым стажам, усе работы вядуцца строга па тэхналогіі. У красавіку падкармілі азотнымі ўгнаеннямі. На некаторых плошчах правялі вапнаванне даламітавай мукой. Пасля правялі хімпраполку гербіцыдамі супраць пустазелля. Зрабілі ўжо і другую падкормку.

Вельмі дарэчы для гэтых работ прыйшлася машына для ўнясення цвёрдых мінеральных угнаенняў, якую лясгас набыў зімой. Таксама да сезона-2020 былі закуплены глебаапрацоўчы камбінаваны агрэгат для рыхлення і выроўнівання і самазвальны прычэп для работы на гадавальніку. Засталося толькі пасадачную машыну прыкупіць – і тэх-нікай гадавальнік будзе забяспечаны як мае быць. Хутчэй за ўсё сёлета атрымаецца, спадзяецца майстар.

Вяліся вясной і пасяўныя работы. У пачатку мая ў пасяўное аддзяленне былі высеяны 0,59 га сасны звычайнай і 0,82 га елкі еўрапейскай, з якіх мяркуюць атрымаць не менш за 3,7 млн штук сеянцаў.

Пашырае гадавальнік асартымент лясных культур. У прыярытэце хвойныя пароды, яны займаюць 70% плошчы. Але, калі ёсць попыт, павінна быць і прапанова. Таму ўпершыню шумілінскія лесаводы сабралі шышкі лістоўніцы. Пера-працавалі, атрымалі 700 грамаў насення, яго і высеялі. Заняліся кедрам і піхтай, насенне якіх таксама сабралі самастойна. Усходы піхты ўжо з’явіліся. Цяпер справа догляду. А догляд у С. П. Басава на высокім узроўні.

Гадавальнік, відавочна, разам з пашырэннем асартыменту пашырае і свае межы. Да першапачатковай плошчы 8 га, якую займаў гадавальнік доўгі час, увосень афіцыйна дадаліся землі ААТ “АграБаравінка” – 6 га. Так што ўсяго атрымалася 14 га. З іх пад папарам знаходзіц-ца 4,6 га, астатняе занята рознымі ляснымі культурамі. Вялікую ўвагу надаюць папаравым палям, якія засяваюць сідэральнымі культурамі. У гадавальніку 2,6 га папару засеяна рэдзькай маслічнай, што абагаціць глебу біягумусам.

Па падліках Сяргея Пятровіча, у школьным аддзяленні вырошчваецца 1,3 млн. штук хвойных (2017-2020 гг. пасадкі), у пасяўным (2018-2019 гг. пасадкі) – 600 тыс. штук хвойных і 90 тыс. штук ліставых (пераважна дуба).

Некалькі год таму Шумілінскі лясгас узяў накірунак на вырошчванне культур з закрытай каранёвай сістэмай, па перадавым польскім вопыце. І зараз у касетах высеяна 17 тысяч штук ясеня звычайнага. Для гэтых мэт пераязджаюць паціху ў Полцева цяпліцы, якія дагэтуль знаходзіліся на тэрыторыі лясгаса. Адна ўжо зманціравана з восені, дзве будуць перавезены летам. У іх плануюць шумілінскія лесаводы вырошчваць сасну звычайную і ліставыя культуры. Такая тэхналогія дасць магчымасць скараціць плошчы, тэрміны вырошчвання і аблегчыць догляд, бо цяпліцы будуць полікарбанатныя, аснашчаны супрацькропельнай сістэмай.

Словам, Полцеўскі гадавальнік набірае сілу, працуе на перспектыву. На яго тэрыторыі ўкараняюцца новыя тэхналогіі, сістэма паліву, кампасціравання, пашыраюцца пасевы сасны, елкі і іншых лясных культур. Гадавальнік поў-насцю забяспечвае патрэбы не толькі лясгаса, але і рэалізуе прадукцыю насельніцтву, у іншыя раёны і нават вобласці.

Да гонару шумілінскіх лесаводаў, полцеўскі гадавальнік знаходзіцца ў вобласці на чацвёртным месцы (з 16 гадавальнікаў). Калі браць рэйтынг па краіне, за апошнія два гады гадавальнік Шумілінскага лясгаса з 36 месца падняўся на 24 (у краіне 73 гадавальнікі). І ў гэтым, вядома, немалая заслуга калектыву, за гэтым – штодзённая карпатлівая і нялёгкая праца.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *