Как встречали Новый год в 1947 году

Актуалии

Навагодні цуд 1947-га
У кожнай сям’і ёсць свае ўспаміны. Напярэдадні навагодняга свята я ўспамінаю чаканне новага 1947 года. Якраз перад самымі святкамі мы пераехалі з зямлянкі, маме ўдалося купіць недабудаваную хатку ў вёсцы Грышаны Сіроцінскага сельсавета. Пасяліліся ў прыбудове. Была печка, палаці. У вугал паставілі скалочаны дзядулем столік. Гэтага нам было дастаткова для поўнага шчасця.
Ва ўсе часы людзі адзначалі, хто як мог, свята Новага года і святога Ражаства. Незадоўга да свята мама атрымала крыху ячменю і аўса. Высушылі, змалолі ў суседскіх жорнах. Атрымалася мука. Мама рашыла парадаваць нас, дзяцей – мяне і сястру: “У новым доме мы паставім ёлачку і ўпрыгожым яе смачнымі самаробкамі”.
Затрашчалі дровы ў печцы. Мама даручыла мне чысціць сталовыя буракі. Спачатку мне было незразумела, навошта яны, пакуль мама не патлумачыла: “Трэба было б цукру ў цеста пакласці, ды дзе ж яго браць?” Я ведала, што такое цукар, да вайны ў нас у кладоўцы ён ляжаў пастаянна – тата падкормліваў пчол. А вось сястра, якая нарадзілася ў хрышчэнскія маразы 1941 года, яшчэ не разумела, што гэта за ласунак.
Мы падсаладзілі цеста буракамі. “Заадно буракі будуць натуральным фарбавальнікам для нашай выпечкі”, — мудра патлумачыла нам мама.
У печцы гарэлі дровы, а мы з цеста ляпілі розныя фігуркі: зайчыкаў, птушачак, чалавечкаў…
У час прыгатавання ласункаў мне і ў галаву не прыходзіла, што я нечаму вучуся, што ўсё гэта мне запомніцца да сканчэння веку.
Пакуль нашы навагоднія пачастункі запякаліся ў печцы, мама дастала трафейную санітарную сумку з крыжам, знайшла там жмуток белай ваты, прынесла тоненькі дроцік: “Будзем рабіць ёлачныя цацкі”, — адказала яна на нашу цікаўнасць.
З ваты мы зрабілі некалькі шарыкаў, з дапамогай дроціка надалі ім  форму яблычкаў, груш, вішань. Сокам бурака пафарбавалі бакі яблыкаў, вішанькі акунулі цалкам, усё павешалі сушыць. Калі нашы цацкі высахлі, мы абмакнулі іх у клей, звараны з крухмалу, і пакінулі падвешанымі на вяровачцы сушыцца да раніцы…
Божа, як мала патрэбна парой чалавеку для бязмежнай радасці! Прычым, чым больш ён пазбаўлены даброт жыцця, тым менш яму трэба для шчасця. Гэту заканамернасць у дадзены момант я цудоўна пацвярджаю ўласным прыкладам.
Вечар перад Новым годам. Мы з сястрычкай, шчаслівыя і задаволеныя, любуемся спечанымі фігуркамі, назіраем, як мама асцярожна пратыкае фігуркі іголкай, працягвае нітку, робіць пяцелькі. Як самы найдаражэйшы цуд, мы бяром “цацкі” ў рукі, вешаем на ёлачку, што стаіць на стале…
У першы дзень новага 1947 года да нас прыйшлі суседскія дзеці, нашы сябры. Яны не зводзілі захопленых позіркаў з нашай ёлачкі, яшчэ больш было захаплення, калі мы іх пачалі частаваць “ёлачнымі цацкамі”…
Прайшло шмат часу. А гэта не забываецца, не выходзіць з галавы. Ні час, ні крутыя павароты лёсу не змаглі сцерці з памяці той навагодні цуд.
Аліна БАСТАВА. г. Гарадок.
Надрукавана ў №100 ад 27.12.2011



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *