Семейный детский дом строится в Шумилино

Общество

У кожнага павінен быць свой дом
Хутка дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрыецца і ў нас. Ужо вядома, што пабудаваны ён у мікрараёне СШ №2 і гатовы размясціць сям’ю з 12 чалавек – мамы з татам і дзесяці дзетак, сваіх і не толькі. Гэта новая для нашай краіны форма работы закліканая пазбавіцца ад дзіцячых дамоў наогул, як недастаткова эфектыўных і не апраўдаўшых сваё існаванне ўстаноў.
І справа тут у катэгорыях, далёкіх ад проста накарміць, апрануць і забяспечыць дах над галавой. Калі ставіць сабе за мэту толькі гэта, то, безумоўна, і дзіцячага дома для любога няшчаснага малога будзе дастаткова. Але хіба не так жа важна выхоўваць людзей, якія ў далейшым будуць здатныя завесці сям’ю, добра працаваць, усведамляць адказнасць за сябе і сваіх блізкіх — паўнацэнных членаў грамадства?
Практыка паказвае, што дзіцячы дом у “класічным” яго варыянце не ў стане даць такіх вынікаў. Нават, самы сучасны і матэрыяльна незалежны. Толькі нямногія выхаванцы такіх устаноў, стаўшы дарослымі, могуць натуральна ўліцца ў грамадства, прайсці сацыялізацыю, весці нармальны лад жыцця.
Як правіла, сёння сацыяльным службам прыходзіцца працаваць ужо з дзецьмі тых дзяцей, што выхоўваліся “інтэрнатным” спосабам. Ступіўшы за парог дзіцячага дома, яны лёгка трапляюць у катэгорыю так званых нядобранадзейных, а становішча ўжо ў іх уласных сем’ях абазначаецца як сацыяльна небяспечнае. Гэта заўважыла і А. В. Налецкая, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама (сектар аховы дзяцінства), калі мы гутарылі пра адкрыццё дзіцячага дому сямейнага тыпу канкрэтна ў нашым раёне.
Былых дзетдомаўцаў лёгка пазнаць: іх выдае псіхалогія ўтрыманцаў. Ім здаецца, што ўсе вакол ім нечым абавязаны. Імі не ўсведамляецца адказнасць за свае паводзіны, учынкі і памылкі, зрэшты, адчуванне адказнасці адсутнічае наогул, у адносінах да чаго б тое ні было. Яны, як правіла, прывыклі адчуваць сябе абдзеленымі, прывыклі да шкадаванняў і  ўсялякага роду дапамогі з боку іншых. У нейкім сэнсе гэтыя дзеці растуць інфантыльнымі, не разумеючы, не ўлоўліваючы лагічнасці ўкладу жыцця.
Цяжка нешта асэнсаваць, калі ўсё тваё свядомае жыццё і ежа на стале з’яўлялася сама, і пакоі прыбіраліся таксама быццам самі, так жа, як з’яўлялася вопратка і ўсё неабходнае. Ніякаму педагогу, работніку дзіцячага дома не прыйдзе ў галаву абмяркоўваць з выхаванцам, скажам, размеркаванне бюджэту, расказваць, адкуль бяруцца грошы. Не, расказваць можна — адчуць рэальна «смаку» па расказах нельга. Толькі жыццё ў сям’і дае дзіцяці адчуванне, усведамленне сваёй вартасці, значнасці, неабходнасці. І няхай гэта будзе не самая звычайная сям’я, але ж такі варыянт куды бліжэй да жыцця.
Гэтыя дзеці разам з іншымі будуць наведваць школу, сад. У іх будуць хатнія абавязкі, будуць сямейныя святы і кішэнныя грошы, — будзе ўсё, як ва ўсіх, у самым жаданым для іх сэнсе. І ёсць сур’ёзная нагода спадзявацца, што хібнасць гэтай работы ў выніку будзе мінімальнай.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №100 ад 27.12.2011



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *