Школьны партфель. Перазагрузка

Главное Образование

Школьны партфель. Перазагрузка

Галіна Карнякова прыйшла ў краму разам з дачкой, васьмікласніцай Ганнай

Лета няўмольна заканчваецца. Гэта не толькі сумна, але яшчэ і клапотна. Ва ўсякім разе, для тых, у каго ёсць дзеці-школьнікі, якіх трэба сабраць да 1 верасня. Так, кажуць, што ёсць людзі, якія ўсе і заўжды рыхтуюць зага-дзя, ледзь не з чэрвеня. Але асабіста я такіх не сустракала. Звычайна, крамы бяруць штурмам у жніўні, прытым, бліжэй да канца месяца. Памятаю, як сама аднойчы купіла школьны касцюм для сына вельмі загадзя (скідкі ж), дык давялося купляць яшчэ адзін – хлопчык вырас. Больш я такіх памылак не раблю.

Усё падлічана
«Вераснёвы» набор стандартны – варыяцый мала. Дзецям, як правіла, бяруць па двое штаноў і кашуль, спартыўны касцюм, туфлі, кеды. Дзяўчынкам патрэбныя яшчэ і сарафан ці сукенка, блузкі ці касцюм са штанамі. Ну і канцылярскае прыладдзе.
Па падліках Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь, у 2020 годзе кошт камплекта адзення дзелавога стылю складае ад 60 да 303 рублёў, набору школьна-пісьмовага прыладдзя і канцылярскіх тавараў – ад 22 до 183 рублёў. Поўны камплект адзення дзелавога стылю і абутку для малодшых класаў абыдзецца бацькам у суму ад 146 до 482 рублёў, для старэйшых класаў – ад 226 до 589 рублёў. Як сцвярджаюць у Міністэрстве, лічбы з мінулага года практычна не змяніліся.

Ці ўсім хапіла?
Сёння гандаль дэманструе не проста дастатковы, а надзвычай шырокі асартымент (што такое дэфіцыт, дзякуй богу, помняць нямногія). Мы даведаліся, што і дзе можна купіць шумілінцам, запыталіся, ці ўсяго ім хапае, і дзе яны купляюць неабходнае.
– Я ўжо не першы год вопратку і абутак для сваіх траіх дзяцей набываю ў Шуміліне ў магазіне “Каблучок”, – кажа шумілінка Надзея. – Для шматдзетных сем’яў тут заўжды прапаноўваюць скідку 10 працэнтаў.
А гаспадар крамы Аляксандр Казлоўскі дадаў, што на такую ж скідку могуць разлічваць яшчэ і пастаянныя кліенты. Параіў паспяшацца – тавар разыходзіцца хутка. Сарафан для пяці-класніцы тут каштуе 30 рублёў, касцюм для хлопчыка сярэдніх класаў – амаль 60.
А вось на базары, што на другім паверсе былога ўнівермагу, нешматлюдна. Тут таксама можна набыць тое-сёе з вопраткі. Да прыкладу, спартыўны касцюм, блузкі, штаны. Ёсць выбар ранцаў. Але прадаўцы прызналіся, што пакупніцкі попыт нізкі. Людзей няшмат нават у выхадныя.
У краме “Ёршык” у суботу быў сапраўдны ажыятаж. Сшыткі, ручкі, алоўкі, пластылін, каляровая папера і іншае разляталіся ў імгненне. У руках некаторых былі спісы неабходнага. Як, напрыклад, у адной шматдзетнай пары з Шуміліна, якая аднаго сына збірала ў дзіцячы сад, другога – у кадэцкае вучылішча, трэцяга – ва ўніверсітэт. Колькі патрацілі, падлічыць ужо не могуць – многа. На адно дзіця атрымалі сацыяльную дапамогу – 70 рублёў.
Галіна Карнякова, што прыйшла ў краму разам з дачкой, васьмікласніцай Ганнай, падлічыла, што на вопратку і абутак для школьніцы патраціла крыху больш за 200 рублёў. Трэба купіць яшчэ канцылярскія, спартыўны касцюм.
– Думаю, у 300 рублёў удасца ўкласціся, – меркавала жанчына.
Многія за пакупкамі ездзілі ў Віцебск. Кажуць, што ўсё неабходнае ў Шуміліне не купіш. Да прыкладу, касцюмы для старшакласнікаў, якасны абутак, вопратку на нестандартную дзяцячую фігуру.
Па інфармацыі Віцебскага гарвыканкама ў абласным цэнтры 80 гандлёвых аб’ектаў прапануюць школьны асартымент. Многія – са скідкамі ад 15 да 70 працэнтаў.
З аграгарадка Мікіціха за пакупкамі ў віцебскі ўнівермаг па-ехала маці чатырох дзяцей Вольга Баграцова.
– У школу збіраю траіх, адзін – яшчэ ходзіць у сад. Вопратку купілі, засталіся дробязі – фарбы, ручкі, алоўкі і іншае, – расказала Вольга.
Жанчына працуе спецыялістам у сельгаспрадпрыемтсве “Лаўжанскае”, яе муж – на АЗС. Прызналася, што заробкі ня-дрэнныя, таму па крэдыты на падрыхтоўку да школы не звярталіся. Атрымалі дапамогу як шматдзетныя, таксама – ад прафсаюза і з працы.

З добрым сэрцам
Ужо не першы раз дабрачынную акцыю для выхаванцаў Обальскага прытулка праз сацыяльныя сеткі арганізавала прадпрымальнік Святлана Сталярова. Дзясяткі людзей адгукнуліся і перадалі для дзяцей школьна-пісьмовыя прылады, цацкі, кнігі і іншае неабходнае.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №66 ад 25.08.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *