Чыстую ваду – у кожную вёску

Власть Главное Общество

Чыстую ваду – у кожную вёску

На чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў абмеркавана рэалізацыя падпраграмы «Чыстая вада» дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2016-2020 гады.


У рабоце сесіі бралі ўдзел старшыня райвыканкама Віктар Гутараў, намеснік генеральнага дырэктара УП «Віцебскаблводаканал» Валянціна Масько і намеснік дырэктара філіяла «Полацкводаканал» Лёдзій Лысёнак.
«Важнасць вынесенаму на разгляд дэпутатаў пытанню надае той факт, што забеспячэнне чыстай пітной вадой тычыцца кожнага, – сказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава. Пытанне ў цэлым вырашаецца – вядуцца рамонты водаправодных сетак, будаўніцтва свідравін, станцый абезжалезвання. Але існуе шэраг праблем. У 13 населеных пунктах з колькасцю жыхароў больш за 100 чалавек утрыманне жалеза ў вадзе перавышае норму ў 4-10 разоў».
З дакладам выступіў дэпутат раённага Савета намеснік старшыні райвыканкама Руслан Насцюшкін, які адзначыў, што водаправодныя сеткі з 2018 года перададзены філіялу «Полацкводаканал» УП «Віцебскаблводаканал», частка сетак засталася ў сельскагаспадарчых арганізацыях. Так, 60 артэзіянскіх свідравін знаходзіцца ў «Полацкводаканала», 7 – у сельгасарганізацыях, акрамя гэтага больш за 150 населеных пунктаў не маюць цэнтралізаванага водазабеспячэння, іх жыхары карыстаюцца шахтавымі калодзежамі. Вялікая зношанасць водаправодных сетак: з 204,3 км водаправодаў звыш нарматыўных тэрмінаў эксплуатуецца 118,4 км (58,1%), тое ж з каналізацыяй. Дзяржаўная праграма ставіць задачу забяспечыць да 2025 года на 100% насельніцтва якаснай пітной вадой. З гэтай мэтай вядзецца будаўніцтва станцый па ачыстцы вады. Уведзены ў эксплуатацыю станцыі абезжалезвання ў Амбросавічах, Крывым Сяле, Пабедзе. Разам з тым, вычарпалі свой рэсурс свідравіны ў Шуміліне, шэрагу сельскіх населеных пунктаў.
На сесіі выступіла галоўны санітарны ўрач раёна Крысціна Афанасьева і расказала пра кантроль за якасцю пітной вады.
Старшыні Мішневіцкага і Дабейскага сельсаветаў Галіна Зязюлька і Аляксандр Аляксеенка расказалі пра сітуацыю з вадой на сваіх тэрыторыях, выказалі прапанову аб стварэнні ў раёне брыгады, якая займалася б будаўніцтвам і ачысткай калодзежаў, бо гэта праблема асабліва вострая для маланаселеных вёсак, дзе малы разбор не дазваляе вадзе абнаўляцца ў калодзежах у дастатковай ступені.
Пра догляд за 155 шахтавымі калодзежамі, якія знаходзяцца на балансе арганізацыі, расказаў дэпутат райсавета дырэктар УП ЖКГ Аляксей Шпакаў.
Лёдзій Лысёнак заўважыў, што арганізацыя прыняла на абслугоўванне водаправодныя і каналізацыйныя сістэмы ў нездавальняючым стане, менавіта таму ўзнікае шмат праблемных момантаў. Тым не менш, падкрэсліў выступоўца, вядзецца актыўная работа па замене зношаных водаправодаў, будуюцца станцыі па ачыстцы вады, зараз завяршаецца экспертыза праекта па будаўніцтву дзвюх свідравін ў Шуміліне і ў кастрычніку пачнецца работа па іх будаўніцтве. На 2021 год запланаваны яшчэ дзве новыя свідравіны – у Долгіх і Гаравых, 6 станцый абезжалезвання.
Праект рашэння дэпутаты прынялі з улікам выказаных у ходзе абмеркавання прапаноў і заўваг.
Аб рабоце па распараджэнні і ўпраўленні дзяржаўнай маёмасцю расказала намеснік старшыні райвыканкама Святлана Цімашэнка. Яна засяродзіла ўвагу на ўцягванні ў абарот нерухомасці, якая не выкарыстоўваецца. Дзеючае заканадаўства дае магчымасці для іх рэалізацыі на аўкцыёнах з паніжэннем цаны, за адну базавую велічыню. Дзякуючы гэтаму ўдалося рэалізаваць комплекс будынкаў КУСГП «Сіроцінскі» інвестару, які арганізаваў вытворчасць птушкі, некаторыя будынкі райаграсэрвісу, былога райспажыўтаварыства і іншыя. Тым не менш работа па пошуку інвестараў патрабуе актывізацыі, адзначыла дакладчык.
Таксама па прапанове начальніка фінансавага адзела райвыканкама дэпутата райсавета Алены Сідарэнкі дэпутаты зацвердзілі змяненні ў раённы бюджэт і ў мясцовыя нарматыўныя акты.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №77 ад 02.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *