Обальскія «Дзеці сцэны» ведаюць, дзе браць запал

Культура Общество

«Дзеці сцэны» ведаюць, дзе браць запал

На выставе Insitus-2020 «Дзеці сцэны» выступілі з праграмай «Я цябе малюю».

Лістапад. Світае позна, цямнее рана. Птушкі рванулі на поўдзень. Ім бясплатна, межы адкрытыя і віза не патрэбна. А мы тут. Глядзім у хмурае неба і думаем: дзе браць жыццёвы запал?

– У калектывах мастацкай самадзейнасці, – нечакана раіць кіраўнік тэатральнага калектыву «Дзеці сцэны» Обальскага гарадскога дома культуры Таццяна Партная. – Так-так, не ўсміхайцеся, усе, хто аднойчы да нас прыйшоў, ужо і не ведаюць, што такое сум.
– А што рабіць чалавеку, у якога няма ніякага сцэнічнага таленту?
– Ісці ў гледачы. Гэта таксама выдатны сродак атрымаць добрую порцыю запалу.
Культарганізатар Таццяна ведае, што раіць. У сферы культуры яна без малога дваццаць год. І ўвесь гэты час працуе на тое, каб гледачу не было сумна. Дарэчы, назву «Дзеці сцэны» для тэатральнага калектыву, што існаваў пры Обальскім ГДК, у 2013 годзе прыдумала яна.
А калі хто яшчэ не ведае, што гэта за калектыў, дык мы тут раскажам. Обальскія «Дзеці сцэны» – гэта такі сучасны, крэатыўны, вельмі цікавы тэатральны калектыў. У сваіх пастаноўках ён выкарыстоўвае элементы пантамімы, камедыі, драмы і яшчэ многіх жанраў, пра якія мы толькі здагадваемся. Само сабой, яго ведаюць і любяць у роднай Обалі.

У Шуміліне таксама добра ведаюць. Успомніць хаця б абласны фестываль «Смяяцца не грэх». Напрыклад, май мінулага года. Калі па вуліцах райцэнтра крочыў гэты фестываль, яркіх «Дзяцей сцэны», якія ўяўлялі сабой жывыя кветкі, нельга было не заўважыць. Мы заўважылі, журы таксама заўважыла і нават прысудзіла трэцяе месца за вулічнае прадстаўленне «Зона МІМ».

З 2013 года «Дзеці сцэны» – пастаянныя ўдзельнікі міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску», таму што без іх там ну ніяк. Толькі сёлета обальскі калектыў узяў на гэтым абласным фестывалі два першыя месцы: перамог у абласным конкурсе клубна-гульнявых праграм з заяўкай «Адзін планшэт, а колькі бед», а таксама атрымаў перамогу ў праекце «Лялечны дворык» – за лепшы перформанс.

А зусім нядаўна калектыў атрымаў запрашэнне на ўдзел у VI адкрытай абласной выставе інсітнага мастацтва Insitus-2020, якая пачала работу ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. (Варта сказаць, што інсітнае або наіўнае мастацтва – гэта адзін з накірункаў непрафесійнага мастацтва. Яно ўключае ў сябе выяўленчую творчасць мастакоў-самавукаў: жывапіс, графіку, разьбу па дрэве, скульптуру, архітэктуру, арт-аб’екты, інсталяцыі. Insitus-2020 прысвечана 380-годдзю з дня нараджэння разьбяра і друкара беларускага паходжання Васіля Кораня – стваральніка Бібліі ў карцінках – знакавага твора народнага мастацтва, друкарскага рамяства і духоўнай культуры ХVII стагоддзя.)

Обальскія «Дзеці сцэны» палічылі за гонар выступіць на адкрыцці выставы і спецыяльна для гэтай нагоды падрыхтавалі праграму «Я цябе малюю», замешаную на перформансе і фокусах. Відаць, спадабалася, бо фотаздымкі нашых тэатралаў адразу з’явіліся ў абласных і рэспубліканскіх СМІ.
– Таццяна, у вашага калектыву свой твар, незвычайныя касцюмы, цікавыя праграмы. Вы самі з’яўляецеся галоўным генератарам ідэй?
– Калектыў мне ва ўсім дапамагае, – сціпла кажа Таццяна, – мы разам абмяркоўваем сцэнарыі, робім дэкарацыі, рэквізіты. Матэрыялы таксама прыносім самі. А з шыццём касцюмаў дапамагае касцюмер дома культуры.
– Яркія касцюмы, загрыміраваныя твары, гратэскныя эмоцыі. Хто хаваецца за гэтым знешнім партрэтам, якіх людзей аб’ядноўвае калектыў?
– Сёння ў тэатральным калектыве «Дзеці сцэны» 15 чалавек. Узрост – ад 18 да 50+. Сярод іх прадстаўнікі інтэлегенцыі і рабочыя. Некаторыя ў нас з самага пачатку, як, напрыклад, работнікі керамічнага завода Аляксандр Лысанаў і Віктар Цітоў, а таксама былы дырэктар Дома культуры Валянціна Сіценка.
– Напэўна, складана знайсці час для рэпетыцый, які быў бы зручны для ўсіх?
– Мы праводзім рэпетыцыі ў суботу і нядзелю. І паверце, для сапраўдных тэатралаў, а ў нашым калектыве менавіта такія (смяецца-аўт.), – гэта зусім не перашкода, а наадварот, нагода сабрацца разам, цікава правесці час і так, набрацца запалу на ўвесь наступны тыдзень.
– Па ўсім відаць, вы задаволены сёлетнімі поспехамі?
– Сапраўды, так. Толькі да вышэйпералічанага трэба яшчэ дадаць гран-пры ў раённым аглядзе-конкурсе тэатральных куткоў «Тэатральная афіша», які мы заваявалі разам з дзіцячым тэатральным калектывам «Пунцовыя ветразі» Обальскага ГДК. А галоўнай узнагародай гэтага года мы лічым званне «Лепшы ўдзельнік (калектыў) мастацкай творчасці» – гэты «шумілінскі оскар», атрыманы на раённым свяце з нагоды дня работнікаў культуры, мы асабліва цэнім.
– Поспехі надаюць сілы, натхняюць на новыя пастаноўкі. Напэўна ж, вы выношваеце ўжо новыя планы, цікавыя задумы. Падзяліцеся.
– Пра ўсе казаць не буду, гэта няўдзячная справа, а вось пра бліжэйшае мерапрыемства раскажу. Да Новага года для жыхароў і гасцей Обалі мы рыхтуем спектакль «Як дзед Мароз ледзь Новы год не праспаў» – спектакль з цудоўнымі пераўтварэннямі і добрым канцом. Будзе цікава, прыязджайце.
– Абавязкова прыедзем, тым больш, што ў вас там поўным ходам ідзе рамонт, і Дом культуры хутка сустрэне сваіх гледачоў абноўленым светлым абліччам.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №90 ад 17.11.2020 г.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *