Іна Літвінава: «У маім узросце нямала плюсаў: многа вольнага часу, можна вышываць, чытаць, вырошчваць кветкі»

Людзі і лёсы Общество

«Умейце радавацца жыццю»

Жыхарка аг. Крывое Сяло Іна Іванаўна Літвінава сцвярджае, што яна шчаслівая жанчына і ўвогуле не адчувае, што ёй стукнула восем дзясяткаў. «Душой я намнога маладзейшая, – кажа жанчына. – У маім узросце ёсць нямала плюсаў: многа вольнага часу, якім сам распараджаешся. Можна заняцца любімымі справамі: вышываць, чытаць, вырошчваць кветкі».


Вось так аптымістычна, на пазітыўнай ноце пачала расказваць пра сябе пастаянная чытачка раённай газеты з Крывога Сяла. Родам з Бешанковіцкага раёна, Іна Літвінава закончыла Смальянскі сельгастэхнікум і ў 1959 годзе прыехала ў калгас «Новае жыццё», цэнтрам якога была вёска Крывое Сяло (на той час у Бешанковіцкім раёне). «Паеду за Дзвіну. Там, напэўна, лепш, там рамантыка», – вось як патлумачыла дзяўчына свой выбар родным і тое, што не засталася ў калгасе «Палітаддзелец», дзе працаваў яе бацька спачатку старшынёй, а потым брыгадзірам.
Новае жыццё за Дзвіной адразу забурліла, падхапіла і панесла па шырокай жыццёвай хвалі. Старшыня калгаса «Новае жыццё» Парфен Тарасавіч Угнявёнак вывеў маладога спецыяліста з канторы на вуліцу і паказаў рукой: «Вунь там Курылаўшчына, там Фатынь, а там Сінякова. Усе палеткі ў тваім распараджэнні. Працуй». Былы франтавік, Парфен Угнявёнак палічыў, што такой навукі дастаткова, да астатняга «дойдзе сама».
І яна дайшла. Пачала работу са знаёмства з брыгадамі. Іх на той час было ў калгасе пяць, і ў кожнай налічвалася амаль па дваццаць чалавек. Прыехала малады галоўны аграном на поле, дзе жанчыны сярпамі жалі жыта. Тыя паглядзелі на яе, прыгожанькую, худзенькую і маладую і сказалі з недаверам: «Ці надоўга да нас? Папярэдніца твая вытрымала тры месяцы і збегла». Не ведалі тады яшчэ вяскоўцы, што Іна Іванаўна застанецца ў Крывым Сяле на ўсё жыццё.

Навуку за плячыма не насіць
У 60-ыя гады ў калгасе «Новае жыццё» вырошчвалі 120 гектараў лёну і столькі ж бульбы, больш за 500 га зерневых. У гаспадарцы налічвалася 1200 га пашы. Каб справіцца з усім гэтым багаццем, каб атрымліваць лепшыя ўраджаі, трэба было авалодваць навуковымі прыёмамі гаспадарання на зямлі. Так на той час думала малады аграном, актывістка і сакратар пярвічнай камсамольскай арганізацыі «Новае жыццё» Іна Літвінава. Зыходзячы з таго пункту погляду, што «навуку за плячыма не насіць», жанчына паступіла вучыцца на агранома ў сельскагаспадарчую акадэмію ў Горкі. Атрыманыя веды вельмі спатрэбіліся, бо на той момант у калгасе было дзве свінафермы, некалькі кароўнікаў і цялятнікаў. Каб накарміць усю жывёлу, каб кармоў уволю хапала на ўвесь год, патрэбны былі добрыя ўраджаі. І да іх імкнулася малады аграном. Працаваць было нялёгка, бо ў асноўным работа была ручная: пад плуг саджалі бульбу, на конях вывозілі гной на палеткі і раскідвалі яго віламі, сярпамі жалі збожжавыя, уручную ўбіралі лён. Неўзабаве ў гаспадарцы з’явілася першая тэхніка – камбайн СК-4 на гусенічным хаду. А галоўнай сілай былі коні, якіх у гаспадарцы было многа. Прычапныя агрэгаты (плугі, бароны) рамантавалі кавалі ў мясцовай кузні.
У пачатку 60-х у гас-
падарцы пачалі займацца новай культурай – кукурузай. «Сеялі яе квадратна-гнездавым спосабам 70 на 70, – успамінае Іна Іванаўна. – Глебу апрацоўвалі з дапамогай коней, а сеялі кукурузу ўручную. Было трывожна за новую культуру, стараліся ва ўсім захоўваць тэхналогію. Затое якое было задавальненне бачыць, што кукуруза вырасла добрай. Сілас з яе атрымаўся выдатны».

Двойчы ў адну рэчку
Чамусьці бытуе думка, што нельга двойчы ўвайсці ў адну і тую ж рэчку. «Глупства ўсё гэта, у людзей па-рознаму бывае ў жыцці, – кажа Іна Літвінава. – Калі не было каму ўзначаліць Каўлякоўскі сельвыканкам, мяне выклікалі ў аблвыканкам і прапанавалі гэту пасаду. Будучы камуністам, сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса «Рассвет» (які аб’яднаў два калгасы), я вымушана была згадзіцца. Не знайшла прычын адмовіцца: адпрацаваўшы дваццаць гадоў галоўным аграномам, добра ведала гаспадарку, вёску, людзей, іх праблемы і клопаты.
Але праз пяць гадоў, калі калгас «Рассвет» узначаліў Аляксей Шаршун, ён падбіраў сабе каманду. Больш надзейнага і адданага сваёй справе агранома, як Іна Іванаўна, не знайшоў. І сакратар райкама партыі Ўладзімір Пясоцкі прапанаваў Іне Літвінавай зноў узначаліць агранамічную службу гаспадаркі. Жанчына прызнаецца, што нават рада была такой прапанове. Падчас работы на палетках яна адчувала сябе на сваім месцы. Аддала прафесіі агранома амаль трыццаць гадоў жыцця. Працавала шчыра, аддана, за што была ўзнагароджана медалямі «За доблесную працу» і «За працоўную доблесць», а таксама Ганаровымі граматамі раённага і абласнога ўзроўняў.

Дзеці – яе багацце
Адзначаючы свой чарговы жыццёвы юбілей, І. І. Літвінава кажа, што ўсё ў яе жыцці склалася гладка: выйшла замуж у Крывым Сяле за Валянціна, які працаваў механізатарам, а потым механікам і інжынерам. Разам нарадзілі і выхавалі трох дачок. Цяпер яны жывуць далёка ад маці: у Германіі, Расійскай Федэрацыі і Мінску. Але ж наведваюцца па святах. Прыязджаюць 6 унукаў і 5 праўнукаў. Каб не эпідэміялагічная сітуацыя, дык і сама б Іна Іванаўна паехала ў госці да дзяцей, Ірына даўно запрашае да сябе ў Германію. А так прыходзіцца сядзець дома. Праўда, на юбілей маці прыехала дачка Мая з Мінска, яе дзеці і ўнукі, прыйшлі суседзі і блізкія. Шмат падарункаў атрымала юбіляр у свой дзень нараджэння. А самым жаданым быў плазменны тэлевізар, які купілі дзеці. Яны ж зрабілі добры рамонт у хаце: і дах перакрылі металачарапіцай, і ламінат на падлогу паклалі. «Дзеці – мае крылы і зоркі, багацце і радасць, працяг жыцця і божы дар», – кажа Іна Іванаўна.

Актывістка і аптымістка
Пасля таго, як звольнілася з пасады агранома, Іна Іванаўна працавала некалькі гадоў касірам у вясковым аддзяленні «Беларусбанка», што быў у Крывым Сяле. І на заслужаным адпачынку не сядзела без работы. А яшчэ доўгі час была старэйшынай вёскі, вырашала розныя грамадскія праблемы. Акрамя гэтага, больш за 20 год узначальвае ветэранскую арганізацыю Каўлякоўскага сельсавета. Актывістка вызначаецца творчым падыходам да любімай справы, пошукам новых форм работы. І калі пяць гадоў таму па ініцыятыве Савета аб’яднання ветэранаў Рэспублікі Беларусь, грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь» і «Беларускі саюз жанчын» пабачыла свет энцыклапедыя «Хто ёсць Хто ў Рэспубліцы Беларусь», туды было занесена і прозвішча Іны Літвінавай. Чалавека, які сваімі працоўнымі дасягненнямі ўплываў на жыццё ў раёне і краіне.
І зараз Іна Іванаўна стараецца з аптымізмам глядзець на жыццё. Яна чытае Чэхава і цытуе Някрасава, творчасць якіх вельмі падабаецца, вучыцца бісерапляценню, асвоіла інтэрнэт, выпісвае і чытае перыядычныя выданні. Калі здараюцца хвіліны смутку, падыходзіць да бяроз, што пасадзілі дзеці і абдымае іх – сілы прыбаўляюцца. А ўвогуле ўсім сваім сваякам і знаёмым раіць: «Умейце радавацца жыццю і цаніць яго».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №92 ад 17.11.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *