Круглосуточный магазин в Шумилино, новый магазин и скоростной Интернет в Мишковичах и другие новости Шумилинсокго района

Актуалии Новости

магазин "Юбилейный" в Шумилино

У магазін можна і ў тры ночы схадзіць
Такая магчымасць для не вельмі клапатлівых гаспадынь з’явілася літаральна перад самым Новым годам. У райцэнтры перайшоў на кругласутачны рэжым работы магазін “Юбілейны”. Для тых, хто не ведае, нагадаем: гандлёвы аб’ект размешчаны ў густанаселеным мікрараёне Верхняга горада, да таго ж на бойкай трасе Віцебск-Полацк. Магчыма, гэтыя дзве акалічнасці і сталі важкімі аргументамі ў выбары аб’екта. Кіраўніцтва райспажыўтаварыства разлічвае на максімальную аддачу ад кругласутачнай работы магазіна. Атрымліваецца, што такім рашэннем адразу двух зайцоў забілі: прыдарожны аб’ект ды яшчэ кругласутачна працуе.
Пакуль што начная выручка ў магазіне не такая, як хацелася б — ад 500 тысяч да 1 мільёна. Але ж гэта толькі пачатак, упэўнены ў райспажыўтаварыстве. Не хапае магазіну і кідкага  афармлення — светлавой рэкламы аб тым, што магазін працуе кругласутачна.
Квіткі па электраэнергіі
У першых чыслах студзеня жыхары пяці новых шматпавярховых дамоў (чатырох у райцэнтры і аднаго ў Мікіцісе) знайшлі ў сваіх паштовых скрынях квіткі па спажытай электраэнергіі. “Гэта новаўвядзенне звязана з пераходам на адзіную разліковую інфармацыйную прастору, – паведаміла начальнік участка энергазбыту Н. Л. Шнявіна, – і тычыцца тых абанентаў, у якіх устаноўлены лічбавыя электралічыльнікі з сістэмай АСКУЭ, дзе паказанні аўтаматычна ў 0.00 гадзін апошняга дня месяца перадаюцца на цэнтральны пункт”.
Алена КАРПУШЭНКА.
Душавая кабіна
Сапраўдны падарунак да Нараджэння Хрыстова зрабіла кіраўніцтва ААТ “Прыдзвінскі” жывёлаводам фермы Крывое Сяло-1 – купілі на ферму душавую кабіну. У пачатку бягучага тыдня займаліся яе ўстаноўкай. Душавая кабіна, як нам расказаў дырэктар гаспадаркі У. І. Дзятлаў, каштуе больш за чатыры мільёны рублёў.
Новы магазін
Напярэдадні Новага года ў Мішкавічах адкрыўся прыватны  магазін “Апрель”. Гаспадар Валерый Прыгун назваў так гандлёвы аб’ект таму, што сваю справу распачаў менавіта ў красавіку.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Конкурс
З вершам “У казцы жыць і са спортам дружыць” вучаніца Слабадской д/с-СШ Крысціна Беланошка заняла другое месца ў конкурсе паэтычных твораў “Выбірай жыццё”, які праходзіў у рамках абласнога завочнага конкурсу “Моладзь за здаровы лад жыцця”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Высокахуткасны інтэрнэт – вяскоўцам
Распачаты работы па будаўніцтву валаконна-аптычных ліній сувязі да станцый АТС у Вялікіх Ляжнях і Мішкавічах. Па заканчэнні будаўніцтва жыхарам гэтых населеных пунктаў адкрыецца доступ да інтэрактыўнага тэлебачання і высокахуткаснага інтэрнэту.
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №4 ад 12.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *