Уладзімір Мазейка: «Самыя прыгожыя елкі – у казьянскіх лясах»

Главное Экология Экономика

«Самыя прыгожыя елкі – у казьянскіх лясах», – перакананы ляснічы Уладзімір Мазейка

Нашы чытачы ляснічага Казьянскага лясніцтва Уладзіміра Міхайлавіча Мазейку ведаюць калі не асабіста, дык завочна. Ён пастаянны герой публікацый, Ганаровы лесавод Беларусі, ляснічы 1 класа, уладальнік знака «30 год бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь». Сёлета да ўсіх рэгалій далучылася і ганаровае званне лаўрэата «Чалавек года Шуміліншчыны».

Гэта – чарговае прызнанне яго заслуг, сумленных адносін да работы, адданасці абранай справе, шчырай улюблёнасці ў шумілінскі край.
Наконт адданасці – у працоўнай кніжцы Уладзіміра Мазейкі толькі адзін запіс. 38 год ён працуе на адным месцы – у Казьянскім лясніцтве, з якіх 30 – на пасадзе ляснічага! І тут, як кажуць, хамут па памерах: не цісне і не звальваецца. Калектыў, які сёння налічвае 26 чалавек, на добрым рахунку ў кіраўніцтва лясгаса. Па стварэнні лясных культур, па аб’ёмах нарыхтоўкі і рэалізацыі драўніны, па ахове лесу казьянцы пастаянна займаюць верхнія радкі ў рэйтынгу падраздзяленняў. Сакрэт поспеху – у падыходзе ляснічага да выканання задач, да падначаленых, наогул да лесу.
«Наша Казьяншчына багатая на лясы, прычым тут самыя прыгожыя елкі, – сцвярджае Уладзімір Мазейка. – Многія пра гэта ведаюць і ў пераднавагоднія дні за зялёнымі прыгажунямі едуць менавіта да нас».
Справа ў тым, што ў 2008 годзе У. М. Мазейка паставіў задачу вырасціць на сваіх тэрыторыях «навагоднія» яловыя плантацыі. На 5 гектарах зямлі, 3-х участках, было высаджана каля 20 тыс. штук елачак. Першы «ўраджай» рэалізоўвалі ў 2014-м. За 6 год, па падліках ляснічага, рэалізавалі дзесьці каля 3 тысяч елачак. Купляюць як мясцовыя жыхары, так і шумілінцы, прадпрыемствы і ўстановы раёна. Ёсць у шумілінскіх лесаводаў і ў Віцебску пастаянная гандлёвая кропка.
Бліц-інтэрв’ю
Аб чым марыць ляснічы Уладзімір Мазейка?
– Дастойна пайсці на заслужаны адпачынак. Перадаць лясніцтва ў надзейныя рукі. Каб чалавек хварэў за справу, быў прынцыповым, бярог прыроду і лес у першую чаргу, каб паважаў калег.
Галоўныя прынцыпы ў жыцці?
– Умець трымаць слова, быць справядлівым і чалавечным, умець дараваць і караць.
Галоўныя рэчы ў жыцці?
– Работа, сям’я і блізкія.
Любімае месца?
– Урочышча Трухоўка. Тут лес хваёвы непараўнаны, рэчка побач. У гэтых мясцінах думаецца выдатна…
Любімая пара года?
– Зіма, таму што час палявання, а я заўзяты паляўнічы. Вясна, таму што няма ў лесе камароў і машкары. Лета – цеплыня, шмат ягад і грыбоў. Ну і ўвосень знойдзецца шмат плюсаў. Адным словам, вы зразумелі…
Любімае дрэва?
– Дуб. У апошні час ўшчыльную заняліся яго пасадкай. Яшчэ ліпу люблю, меданос выдатны, а я ж пчаляр.
Хобі?
– Паляванне. З маладосці. Шкадую, што сёлета не ўдалося выбрацца. Вось выйду на пенсію, куплю пуцёўку, вазьму лайку і нацешуся…
Самая нечаканая сустрэча ў гэтым годзе?
– Сустрэча з мядзведзем па дарозе на Роўнае. Іх тут у нас на Казьяншчыне хапае. Здалёк падалося, што мядзведзь невялікі, таму рызыкнуў выйсці з машыны. Калі ён устаў на заднія лапы, зразумеў, што памыліўся… Добра, што быў на машыне. Між іншым, у нашых лясах водзяцца і рысі, і ласі, ваўкі, лісы, куніцы, норкі, бабры. А чаму б і не – кармавая база добрая. І паляўнічых, адпаведна, многа.
Ёлка сапраўдная ці штучная?
– Звычайна сапраўдная. Праўда, летась і не помню чаго, але была штучная. Сёлета ўнучка Яначка заказала з лесу прынесці. Ужо прыгледзеў прыгажуню. Парадую родных.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №98 ад 15.12.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *