В Витебском облисполкоме состоялась встреча руководства области с представителями СМИ

Главное Новости Общество

Крочыць у нагу з часам

5 мая у Віцебскім аблвыканкаме адбылося традыцыйнае ўрачыстае мерапрыемства з нагоды двух прафесійных святаў – Дня друку і Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі.

Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў павіншаваў прадстаўнікоў рэдакцый рэгіянальных друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі, друкарняў, прадпрыемстваў паштовай і электрасувязі з прафесійнымі святамі, адзначыў значнасць і важнасць іх работы для ўсіх жыхароў вобласці. Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што ва ўмовах імклівага часу, калі пастаянна змяняюцца інфармацыйныя патокі, важна ісці ў нагу з часам, забяспечваць насельніцтва аб’ектыўнай інфармацыяй, удзельнічаць у фарміраванні грамадскай думкі. Мікалай Шарснёў высока ацаніў ролю рэгіянальных журналістаў, адзначыўшы, што Віцебская вобласць – самы чытаючы рэгіён Беларусі, дзе выпісваецца самая большая колькасць газет і часопісаў у разліку на жыхароў, а работнікі пошты дастаўляюць выданні да чытача ў самыя аддаленыя вёскі.
Старшыня аблвыканкама ўручыў дыпломы пераможцам абласнога конкурсу сярод рэдакцый і журналістаў рэгіянальных СМІ. Лепшымі рэгіянальнымі СМІ прызнаны рэдакцыя віцебскіх гарадскіх газет «Віцьбічы» і «Вячэрні Віцебск» і рэдакцыя газеты «Патрыёт» Ушацкага раёна і рэдакцыя тэлепраграмы “Вектар ТВ”. Дыпломамі лаўрэатаў прэміі былі адзначаны і лепшыя журналісты абласных сродкаў масавай інфармацыі. Ганаровымі граматамі аблвыканкама і Падзякамі старшыні аблвыканкама былі адзначаны працоўныя калектывы і работнікі прадпрыемстваў паштовай сувязі, электрасувязі, Віцебскай абласной друкарні.

Пасля ўзнагароджання старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў правёў прэс-канферэнцыю для журналістаў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ.
Журналістаў цікавілі пытанні вакцынацыі ад каранавірусу, рамонту дарог, прысутнасці прадстаўнікоў улады ў сацыяльных сетках, падтрымка прыватнага сектара эканомікі, сітуацыя шуміхі вакол фестывалю «Славянскі базар у Віцебску». Адказваючы на апошняе пытанне, кіраўнік вобласці заўважыў, што «Славянскі базар» – гэта брэнд не толькі вобласці, але і краіны, ніякія спробы знешняга ўздзеяння не паўплываюць на яго правядзенне.
Падрабязна Мікалай Шарснёў спыніўся на пытанні развіцця сельскай гаспадаркі рэгіёна ў рамках указа Прэзідэнта №70 «Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці».
«Сёння малыя сельгаспрадпрыемствы няздольныя ўкладваць сродкі ў сваю мадэрнізацыю, нават пакупка аднаго трактара можа з’есці ўвесь бюджэт прадпрыемства. Таму зліццё асобных гаспадарак у адно буйное і жыцця-здольнае прадпрыемства – галоўная перспектыва развіцця. Калі ў такога сельгасаб’яднання ў падпарадкаванні каля 100 тысяч га і ёсць магчымасць развярнуцца тэхніцы, мы маем адпаведныя вынікі. Прывяду ў прыклад Чашніцкі раён, дзе адзін механізатар узараў 5 тысяч га, а гэта чвэрць ворыўных зямель раёна. Вось гэта будучае сяла. Чалавек павінен працаваць у сучасных умовах, на сучаснай тэхніцы і якасным абсталяванні. І як вынік, будзе высокая заработная плата. У цяперашніх умовах буйнатаварная вытворчасць – гарант дабрабыту АПК Віцебшчыны, за ім будучае», – адзначыў кіраўнік вобласці.
Ён падкрэсліў, што «сэрцам» кожнага аграаб’яднання з’яўляюцца прадпрыемствы па перапрацоўцы мяса і малака. Яны задаюць тон сельгаспрадпрыемствам, ствараюць закончаны цыкл вытворчасці ад поля да прылаўка, забяспечваюць развіццё сваёй сыравіннай зоны.
Каб сітуацыя ў сельскай гаспадарцы паляпшалася, неабходна пераходзіць на новыя тэхналогіі. «Колькасць занятых у сельскай гаспадарцы на красавік гэтага года складае каля 30 тысяч чалавек. Праз 5-6 гадоў 24 тысячы з іх пойдуць на пенсію. Пры меншай колькасці людзей трэба дабівацца павелічэння вытворчасці прадукцыі. Таму стаўку трэба рабіць на прыцягненне моладзі на сучасныя агракомплексы і на ўжыванне новых тэхналогій. У якасці прыкладу можна назваць тэхналогіі дакладнага земляробства, калі шыроказахопную тэхніку на палях вядзе спадарожнік. Гэта павышае якасць апрацоўкі, эканоміць паліва і павялічвае ўраджай», – расказаў старшыня аблвыканкама.
На пытанне аб інвестыцыях і накірунках работы па іх прыцягненні Мікалай Шарснёў адказаў, што да інвестара павінны быць уважлівыя адносіны, трэба аператыўна вырашаць усе ўзнікаючыя пытанні, інакш інвестар сыдзе. А інвестыцыі – гэта павелічэнне паступаючых у бюджэт падаткаў у будучым, якія вернуцца ў рэгіён і пераразмяркуюцца на сацыяльную сферу.
Сёлета фармат прэс-канферэнцыі быў дапоўнены відэапытаннямі ад жыхароў вобласці. Яны тычыліся рэканструкцыі вуліцы Гагарына ў Віцебску, работы сферы ЖКГ. Жыхарка аграгарадка Будзілава Бешанковіцкага раёна задала пытанне аб закрыцці базавай школы. Мікалай Шарснёў расказаў, што аптымізацыя выклікана эканамічнай немэтазгоднасцю ўтрымання школы, дзе ў класах вучыцца ад 2 да 5 вучняў, а выдаткі перавышаюць нарматыў у 4 разы. «Сёлета пройдзе другая хваля аптымізацыі. Яна накіравана найперш на паляпшэнне якасці адукацыйных паслуг і дасягненне больш высокіх вынікаў як у алімпіядным руху, так і на ўступных экзаменах. Хацелася б, каб бацькі зразумелі і падтрымалі гэты працэс», – сказаў кіраўнік Віцебшчыны.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №35 от 07.05.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *