«Шумная ночь» прошла в Шумилинском историко-краеведческом музее

Культура Новости

Гэта была «Шумная ноч»-2

У Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі ў рамках культурна-адукацыйнай акцыі «Ноч музеяў», прысвечанай Міжнароднаму дню музеяў, прайшла «Шумная ноч»-2

Калі вы думаеце, што ў музеі можна толькі знаёміцца з экспазіцыямі, вы глыбока памыляецеся. Музеі, і наш Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей у тым ліку, у апошні час сталі больш чым проста музеі. Яны сталі цэнтрамі, што паспяхова рэалізуюць новыя метады ўзаемадзеяння з людзьмі, якія імкнуцца быць крыху бліжэй да высокага мастацтва. Музеі сталі ўстановамі, дзе можна цікава, разнастайна і змястоўна правесці, скажам, вечар суботы.
Адзначу адразу: арганізатарам мерапрыемства ўдалося зрабіць гэты вечар сапраўдным святам, напоўненым цікавымі сустрэчамі, рознымі забавамі, яркімі ўражаннямі і нават канцэртам пад адкрытым небам, прама на пляцоўцы перад музеем. З танцамі і падарункамі!
Першая падобная сустрэча ладзілася два гады таму (летась з-за разгару пандэміі было вырашана адмовіцца ад ідэі), і дужа запомнілася ўдзельнікам цікавым сцэнарыем. На гэты раз наведвальнікам, верным сябрам і пастаянным удзельнікам музейных мерапрыемстваў, сярод якіх былі і цэлыя сямейныя пары, напрыклад, сем’і Архіпавых і Шынкевічаў, таксама прапанавалі разнастайную праграму. Спачатку ў рамках музейнага праекта «Атма-Сфера» адбылася сустрэча з галоўным рэдактарам газеты «Герой працы» Сяргеем Ермалаевым, які згадзіўся выступіць у ролі музейнага экспаната і адказаць на пытанні пра сябе, чытачоў газеты, захапленні, мары і погляды на жыццё. Пасля прысутных чакаў майстар-клас «Мойдадыр», на якім прадстаўнікі кампаніі «Фаберлік» пазнаёмілі з выпускаемай прадукцыяй.
Інтэлектуальны батл «Бітва розумаў» акунуў удзельнікаў сустрэчы ў свет спорту і мастацтва, дзе дзве каманды – «Эрудыты» і «Самы лепшы экспанат» – дэманстравалі свае веды.
Пераходзім у другую залу – і дзівімся з прэзентацыі-выставы чайных кубкаў і кружак «Чайныя незвыЧайныя» Святланы Сталяровай. Зразумела, што гаспадыні выставы давялося адказваць на пытанні: якая кружка самая першая, самая любімая, самая дарагая, самая ўнікальная, самая нечаканая… Дарэчы, калі вам цікава, можаце на працягу тыдня завітаць у музей і пабачыць на свае вочы выставу кружак.
Пасля лагічнай кава-чая-паўзы ўсіх чакаў сюрпрыз – на ганку музея на музычную праграму за-прасіў аўтаклуб Шумілінскага РЦК на чале з загадчыцай Вольгай Пырх. Нягледзячы на вялікую стомленасць (удзельнікі мастацкай самадзейнасці бралі ўдзел у абласным свяце гумару «Смяяцца не грэх» у Мікіцісе), артысты прынялі запрашэнне арганізатараў паўдзельнічаць у «Шумнай ночы». З сабой прыхапілі і нашага вядомага земляка Сяргея Бачкова, акцёра і рэжысёра, кіраўніка народнага тэатра-студыі «Бачонак» Гродзен-скага ГДК, які прыехаў з Гродна на свята гумару, і тут, каля музея, таксама з вялікім задавальненнем спеў для шумілінцаў, прызнаўшыся ў любові да малой радзімы…

Наогул цэлы тыдзень быў прысвечаны Міжнароднаму дню музеяў, які штогод святкуецца 18 мая. Супрацоўнікі Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея з радасцю і ўласцівай ім гасціннасцю сустракалі гасцей, прымалі віншаванні і словы прызнання ў свой адрас. Віншавалі былыя калегі Валянціна Кобзун і Людміла Голубева, прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, калегі-музейшчыкі. Прыйшлі і вучні 3-х класаў групы падоўжанага дня СШ №1 разам з выхавальнікам Аляксандрай Селіванавай. Галоўны захавальнік фондаў Таццяна Цэрах з нагоды свята правяла для юных экскурсантаў тэматычную экскурсію па залах музея, за што дзеці аддзячылі вершамі і падарункамі, зробленымі сваімі рукамі.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №39 ад 25.03.3021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *