Вёска Лескавічы ў канцы мая традыцыйна ператвараецца ў цэнтр турысцкіх баталій

Молодёжь Новости Образование Спорт, туризм

Паклікала рамантыка прыгод

Вёска Лескавічы ў канцы мая традыцыйна ператвараецца ў цэнтр турысцкіх баталій. Свежае паветра, дружная кампанія, цікавыя выпрабаванні, упартая барацьба – тое, пра што мараць у апошнія дні навучальнага года юныя аматары турызму.

Сёлета раённы турысцкі злёт школьнікаў прайшоў 27 мая і сабраў каля ста вучняў, якія павінны былі паказаць не толькі добрую фізічную падрыхтоўку, турыстычныя навыкі, а і творчыя здольнасці. За перамогу змагаліся 10 каманд.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ўдзельнікаў раённага турысцкага злёту школьнікаў вітала намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.

Падчас самага галоўнага выпрабавання – кантрольна-турысцкага маршруту – юныя турысты прадэманстравалі, як яны ўмеюць устанаўліваць палатку, вязаць вузлы, пераадольваць «павуцінне», маятнік, гаць, распальваць вогнішча.

Ва ўсю сілу змагаліся на доўгай дыстанцыі турысты са Слабадской і Кардонскай школ, яны былі самымі юнымі ўдзельнікамі турысцкага фэсту. Для вучняў з Башнёўскай школы турыстычныя вандроўкі – не рэдкасць, гэта яны і паказалі, калі ўстанаўлівалі палатку і распальвалі вогнішча. Доўгую дыстанцыю каманды праходзілі хвілін за 17 (калі не заблукалі па маршруце), але хуткасць на турзлёце не галоўнае, важна прайсці «чыста» без штрафных балаў усе пікеты. Лепшы вынік паказалі турысты з Мікіціхінскай школы, дапоўнілі тройку Шумілінская СШ №1 і Амбросавіцкая школа.
Сапраўдны турыст – гэта той, хто любіць і добра ведае свае родныя мясціны. Выявіць самых эрудзіраваных турыстаў павінна была краязнаўчая віктарына. Імі сталі гімназісты, другі вынік у вучняў Мікіціхінскай СШ, трэці – з Мішневіцкай школы.
Цікавымі і арыгінальнымі выдаліся выступленні, у якіх юныя турысты ў розных формах прадстаўлялі сябе і сваю каманду. Спевы, танцы, дасціпны гумар – усё гэта было практычна ў кожным выступленні. Ну, а журы вызначыла тройку лепшых – Мікіціхінская СШ, Шумілінская СШ №1 і Амбросавіцкая школа.
Па выніках усіх конкурсаў пераможцамі сёлетняга турзлёту школьнікаў стала каманда Мікіцінскай СШ, другое месца – у Амбросавіцкай школы, трэцяе – у раённай гімназіі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №41 ад 01.06.2021 г.

Этап «Прывал» на доўгай дыстанцыі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *