«Ловжанскае» первым укосом планирует скосить 1536 гектаров

Сельское хозяйство

Пакуль травы не перараслі

Андрэй Чэклін і Сяргей Новікаў на касьбе траў.

Зараз справа першачарговай важнасці – нарыхтоўка кармоў, якая павінна весціся ў тэмпе, пакуль травы не перараслі, упэўнена кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае».

У гаспадарцы створаны кормаўборачны атрад, у склад якога ўвайшлі пяць трактароў з трохмятровымі касілкамі, два – з граблямі, па два трактары задзейнічаны на адвозцы і трамбоўцы сянажнай масы. Да мясцовых механізатараў далучыліся механізатары з Віцебскага мясакамбіната, у інтэграцыйную структуру якога ўваходзіць гаспадарка.
– Да нас прыехалі кормаўборачныя камбайны «Ягуар» і КВК, два трактары з дзевяцімятровай касілкай і граблямі, прэс-падборшчык і два «Кіраўцы» на адвозку, – расказала галоўны аграном гаспадаркі Вольга Каралёва. – Гэта дазволіла арганізаваць работу адразу на двух участках – за Мікіціхай і ў Мазурыне. За дзень нарыхтоўваем па 300-400 тон сенажу. Мяркуем назапасіць каля 30 кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы.
Акрамя сенажу, сельгаспрадпрыемства нарыхтоўвае і сілас з азімай свірэпіцы, саломы і правяленай масы шматгадовых траў. У мінулым годзе быў добры вопыт нарыхтоўкі такога корму. Вось і сёлета ля жывёлагадоўчага комплексу, дзе ўтрымліваецца больш за пяць тысяч галоў жывёлы, заклалі траншэю амаль у паўтары тысячы тон.
Разам з аграномам едзем ва ўрочышча, дзе працуюць лаўжанскія механізатары. На палетках стаіць духмяны пах разнатраўя – тут падсеяны канюшына, цімафееўка, купкоўка.
– Палеткі сухія, тэхніка ідзе добра, – кажа вопытны механізатар Сяргей Новікаў. – Ды і надвор’е спрыяе ўборцы траў, якія выраслі нядрэннымі і пойдуць на сена. Працуем увесь светлавы дзень. Я скошваю да 15 гектараў за дзень, а мой маладзейшы калега Андрэй Чэклін і таго больш, бо мае шырэйшую касілку.
Сельгаспрадпрыемству «Лаўжанскае» першым укосам трэба скасіць 1536 гектараў, нарыхтаваць сена 760 тон, 23500 тон сенажу, 19 тысяч тон сіласу. На раніцу ўчарашняга дня было скошана 44% траў ад патрэбнага.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №47 ад 22.06.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *