Воспоминания воинов-интернационалистов

Общество

Микалай Калянкович

Полк быў падняты па трывозе
15 лютага Беларусь адзначыць 23-ю гадавіну вываду савецкіх войскаў з Афганістана. У гэты дзень ёсць пра што ўспомніць работніку Шумілінскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Мікалаю Калянковічу…
У той час Мікалай служыў у войсках сувязі Маскоўскай ваеннай акругі памочнікам камандзіра ўзвода. У адзін з лютаўскіх дзён 1980 года полк, дзе ён праходзіў службу, быў падняты па трывозе і накіраваны для аказання дапамогі народу Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан.
Маладыя і здаровыя, вясёлыя і задорныя, яны і не падазравалі, якія выпрабаванні выпадуць на іх долю. Камандаванне супакойвала: “Дапаможам брацкаму народу, будзеце ахоўваць аб’екты, усё будзе добра”.
Але добра на вайне не бывае. А тое, што ў Афганістане ішла сапраўдная вайна, савецкія салдаты зразумелі адразу, як толькі трапілі на афганскую тэрыторыю. Сяржант Мікалай Калянковіч разам з баявымі сябрамі займаўся аховай ваенных аб’ектаў, наладжваннем сувязі, не аднойчы даводзілася рызыкаваць жыццём, за што адзначаўся камандаваннем і атрымаў пазачарговае званне старшыны ад камандуючага Туркестанскай ваеннай акругі.
Пасля Афганістана Мікалай Аляксандравіч выбраў службу ў органах унутраных спраў. З 1991 года служыў у аддзяленні пазаведамаснай аховы пры Шумілінскім РАУС. Камандзір аддзялення шмат увагі надаваў выхаванню асабістага саставу, у вялікай ступені гэтаму садзейнічаў яго ваенны аўтарытэт.
І пасля адстаўкі прапаршчык Мікалай Калянковіч працуе ў родным калектыве, сёння ён дзяжурны пульта кіравання.
А. ШУМІНСКІ, начальнік Шумілінскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.

Валерый Шэдзько

Афганскі шлях камэска Шэдзько
Закончыўся вечар сустрэчы з выпускнікамі. Мы даўно ўжо старэйшыны, аднак маральная загартоўка шасцідзесятых спрацавала: на сустрэчу прыйшлі 13 былых вучняў нашых 10-х “А” і “Б”. І гэта праз 45 гадоў!
Закончылі мы школу ў 1967 годзе. У тым далёкім 67-м палова нашых хлопцаў імкнуліся ў авіяцыю. Яно і зразумела: у Кукавячыне, што каля Віцебска, быў аэрадром, і штогод праводзіўся набор на курсы пілотаў-верталётчыкаў. У Даўгаўпілсе працавала ваенна-авіяцыйнае вучылішча. Вось і трое вучняў нашага 10 “Б” сталі авіятарамі. Сярод іх быў і Валерый Шэдзько. Лётную школу верталётчыкаў ён закончыў у 1969 годзе. Пасля размеркавання служыў у горадзе Сызрань, дзе экстэрнам здаў экзамен у лётным вучылішчы і атрымаў дыплом з адзнакай. У 1971 годзе стаў афіцэрам.
З Сызрані малодшы лейтэнант Валерый Шэдзько быў пераведзены ў Сяміпалацінск. Там асвоіў баявую машыну МІ-2, стаў камандзірам экіпажа. Потым быў верталёт МІ-7, служба ў Германіі. У хуткім часе ён ужо камандуе экіпажам баявой машыны МІ-24.
“Гэта была сур’ёзная тэхніка з навейшым на той час узбраеннем”, – успамінае ён.
У 1979 годзе Валерыя Шэдзько пераводзяць у Хабараўск камандзірам эскадрыллі баявых верталётчыкаў. Камэск – хто з лётчыкаў незнаёмы з гэтай пасадай! Камэск – гэта і камандзір эскадрыллі, і настаўнік, і дарадчык, і бацька родны. Хутка гэта прыйшлося даказваць у сапраўдным баі.
1981 год. Афганістан. Яго эскадрылля знаходзілася ў гарах Шандант. Баявыя вылеты  і наземныя баі былі штодзень. У цяжкапраходных  месцах, у гарах, сярод гарачых скал, у варожым акружэнні савецкага салдата не раз ратавала “вяртушка”.
На вайне як на вайне. “Выклікае камандзір палка, — успамінае Валерый Віктаравіч, — і аддае загад: чатырма машынамі знішчыць групоўку ворага ў такім і такім квадраце. Вядучым прызначаю маёра Шэдзько…”
Нарэшце 1989 год. Савецкія войскі выведзены з Афганістана. Валерый Шэдзько вяртаецца на Радзіму. Служыць у Баравусе-1 на пасадзе намесніка камандзіра палка па лётнай падрыхтоўцы. У 1995 –м ён ідзе ў адстаўку. На здароўі пілота Афганістан пакінуў значны след. А баявы летапіс Валерыя Шэдзько на ягоных грудзях: ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Дружбы народаў, шматлікія баявыя медалі.
Антон ПАРАСКЕВІН.
Надрукавана ў №13 ад 14.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *