Вопросы развития животноводства были в центре внимания специалистов АПК Шумилинского района

Сельское хозяйство Экономика

Тэхналогія догляду і кармлення
У канцы мінулага тыдня адбылася раённая нарада па выніках работы жывёлагадоўлі за студзень, якую правёў першы намеснік старшыні райвыканкама В. В. Родзіч. На нараду былі запрошаны кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, галоўныя ветурачы і заатэхнікі, эканамісты.
Нарада адбылася на базе УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”. Жывёлаводы са Светласельскага паказалі, як з сенажу, сіласу і солі рыхтуюць кормасумесь. Пра тэхналогію прыгатавання кармоў расказаў галоўны заатэхнік гаспадаркі А. А. Кузняцоў, які адзначыў, што ў кармы абавязкова дадаюць харчовую соду – зніжаецца кіслотнасць кармоў. Корм, які прайшоў праз кормазмяшальнік, каровы ядуць ахвотней. Гэты прыём дазваляе павысіць надоі на 15-20%. Галоўны спецыяліст райсельгасхарчу В. Г. Шыманец заўважыла, што корм не заўсёды збалансаваны па жалезу, кальцыю, пратэіну, абмену энергіі.
Асаблівая ўвага была звернута на ўмовы працы жывёлаводаў. На ферме ў Светласельскім нядрэнны пакой адпачынку. А нядаўна на ферме абсталявалі душавыя кабіны.  Каб зрабіць два душы,  райаграсэрвісу не спатрэбілася вялікіх выдаткаў, набылі два “дожджыкі”, паставілі печку, перагародкі для душавых кабін зрабілі сваімі сіламі. Цяпер плануюць зрабіць душ на ферме Лескавічы. Віктар Віктаравіч адзначыў, што душавыя кабіны павінны быць на кожнай ферме раёна.
Нарада прадоўжылася ў актавай зале “Шумілінскага райаграсэрвісу”. Аналізаваліся вынікі работы за студзень кожнай гаспадаркі раёна. Калі ў цэлым па надоях раён выглядае нядрэнна, то па колькасці забою жывёлы, па тэхналогіі ўтрымання і догляду маладняку, па атрыманні прыплоду ў многіх гаспадарках ёсць праблемы. Напрыклад, у “Лаўжанскім” за студзень атрымалі толькі 72 цяляткі – на 24 менш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Тут ёсць пытанні да работы ветэрынарнай службы: на ферме Гаравыя, да прыкладу, праведзена вакцынацыя не ўсіх кароў. Мінусуюць і ў “Ульскім”  – атрымалі 76 цялят, што на 15 менш да мінулагодняга ўзроўню. “Зашкальвае” і выбыццё жывёлы. Напрыклад, у студзені ў «Сіроцінскім»  прырэзалі 26 кароў і цёлак (на 15 больш, чым у мінулым годзе). І ў “АграБаравінцы” прырэзалі за студзень 22 галавы (плюс адзінаццаць да ўзроўню мінулага года). І як будзе выканана задача па запаўненню другога перыяду жывёлагадоўчага комплексу? Галоўны ветурач раёна І. У. Галуза крытыкаваў “Сіроцінскі”: на фермах не вытрымліваецца тэхналогія кармлення і догляду. Былі такія факты, што малако для выпойвання цялят разводзілі сырой вадой. У гаспадарцы няма канцэнтратаў, не хапае нават саломы для падсцілкі…
Спецыялісты райсельгасхарчу адзначылі, што на многіх фермах адсутнічаюць прагулкі жывёлы. Гэта работа стала сістэмай толькі на ферме Крывое Сяло ў “Пры-дзвінскім” і на ферме Слабада ў “Сіроцінскім”. Не ўсюды навацельныя каровы выдзелены ў асобныя групы. Такія заўвагі былі зроблены і па ферме ў Светласельскім.
Такія нарады праводзяцца кожны месяц. Як падкрэсліў В. В. Родзіч, выкананне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна залежыць ад выканання тэхналагічных патрабаванняў. Гаспадаркі, якія іх прытрымліваюцца, маюць добры вынік па валавой вытворчасці малака, па надоях і таварнасці.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №14 ад 17.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *