В Шумилино прошел рождественский турнир по баскетболу

Молодёжь Новости Спорт, туризм

Перамаглі ратавальнікі

23 снежня ў Шумілінскай СШ №1 прайшоў калядны турнір па баскетболе, у якім удзельнічалі каманды старшакласнікаў з СШ №1 і СШ №2, раённага аддзела ўнутраных спраў і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Арганізатарам спаборніцтваў выступіў раённы камітэт ГА БРСМ.

На пачатку спаборніцтваў першы сакратар райкама ГА БРСМ Вікторыя Бяляева, намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі і старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Алена Селязнёва ўручылі медалі і дыпломы пераможцам абласной спартакіяды для падлеткаў і членаў добраахвотных дружын (Маладзёжных атрадаў аховы правапарадку), прысвечанай Году народнага адзінства. Абласная спартакіяда праходзіла ў завочнай форме, маладыя людзі выконвалі нарматывы па бегу, сілавых практыкаваннях і стральбе з пнеўматычнай зброі, спаборнічалі ў конкурсе відэаролікаў «История PROЖизнь!» і ўдзельнічалі ў абласным грамадзянска-патрыятычным анлайн-квізе «#ЕдинстВО». Каманда нашага раёна паказала лепшы вынік сярод 19 каманд-удзельніц і выйграла абласную спартакіяду.
Баскетбольныя гульні праходзілі ў цікавай барацьбе, асабліва стараліся старшакласнікі. Канечне, супрацьстаяць камандам з РАНС і РАУС яны не маглі, але ратавальнікам і міліцыянерам прыйшлося нялёгка на пляцоўцы, прыходзілася змагацца за кожны мяч. «Каманды старшакласнікаў выдатна падрыхтаваліся да сустрэч, – падзяліўся ўражаннямі ратавальнік Дзмітрый Бяззубенка. – Прыходзілася трымаць сябе ў гульнявым тонусе ўсе сустрэчы. Падлеткі толькі і чакалі свайго шансу, каб зраўняць лік і вырвацца наперад». Добра ацаніў турнір і настаўнік Шумілінскай СШ № 1 Ю. М. Мясаедаў. «Дзецям не стае гульнявой практыкі з моцнымі камандамі, – адзначыў Юрый Мікалаевіч. – Ім было цікава гуляць з дарослымі. У наступны раз яны дадуць яшчэ большы бой».
Перамагла ў турніры каманда раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, другой стала каманда раённага аддзела ўнутраных спраў, трэцяй – каманда адзінаццацікласнікаў Шумілінскай СШ №1. Падчас узнагароджвання пераможцаў удзельнікі турніру выказалі пажаданне, каб турнір стаў традыцыйным і праводзіўся штогод.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №101 ад 28.12.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *