Вечна малады Аляксандр Саладуха

Культура Новости

Вечна малады Аляксандр Саладуха

2 лютага ў раённым цэнтры культуры выступіць заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Саладуха. Мы пагаварылі са спеваком і даведаліся, чым гэты год адметны ў яго кар’еры і жыцці, якія сюрпрызы чакаюць шумілінскага гледача і як спеваку ўдаецца збіраць залы ў перыяд пандэміі.

– Пакуль іншыя толькі раскачваюцца, вы смела ідзяце ў бой. Ужо вядома, што ў Шуміліне квіткі раскупілі імгненна і выступаць вы будзеце перад поўнай залай, да слова, толькі што адрамантаванага Дома культуры.
– Я рад даць першы вялікі канцэрт на новай сцэне. Апошні раз выступаў у Шуміліне больш за 6 год таму, запомніліся шчырасць і гасціннасць, цёплы прыём гледача. Сёлета вялікі гастрольны тур стартуе ў вашым гарадскім пасёлку з прыгожай даты – 02.02.22.
– Сімвалічныя лічбы, аншлаг на першым канцэрце – ёсць усе перадумовы спадзявацца на поспех сёлетніх гастроляў. Думаецца, планы ў вас, як заўжды, грандыёзныя.
– Мы працягваем прэзентацыю новага, 13-га альбома «Молодые пацаны», якая стартавала 3 лютага мінулага года. За спінай 50 гарадоў, наперадзе – яшчэ 70. Думаем, што захопім выступленнямі яшчэ і пачатак 2023-га года. Народ засумаваў па культурным жыцці. Атмасфера на канцэртах проста фантастычная – людзі крычаць «брава», «біс», танцуюць, спяваюць разам з намі. Мы і самі праз два гады вымушанага прастою з-за пандэміі шчыра рады сустрэчы з любімай публікай.
У новай канцэртнай праграме два аддзяленні: у першым – новыя песні, у другім – залатыя хіты. У перапынку на сцэну выйдзе група «Элемент», у якой спяваюць мае сыны – Аляксандр і Антон. Яны ўжо 15 год выступаюць поплеч са мной, выконваюць песні ў стылі «ар-н-бі». Пасля канцэрта я па традыцыі абавязкова выйду ў фае, каб даць аўтограф і сфатаграфавацца з кожным, хто пажадае – буду там да апошняга чалавека. Там жа можна будзе набыць дыскі і іншую прадукцыю.
– «Здравствуй, чужая милая» прагучыць?
– Ну, канечне. Як і «Зеленые глаза», «Мы будем вместе», «Лёт лебединый» – песня, якую я выконваю з 1993 года і якая асабліва дарагая майму сэрцу. Усё будзе. Ведаю, што публіка любіць і вельмі чакае мае старыя хіты. Таксама прагучаць чатыры песні з наступнага, 14-га альбома, работа над якім ідзе поўным ходам. Першае аддзяленне закрыецца новай кампазіцыяй «Беларусь моя любимая», якая абавязкова адгукнецца ў сэрцах тых, хто, як і я, шчыра любіць сваю Радзіму. Выканаю таксама песні «Мы живы», «Листки календаря», «А много ли надо», дзве апошнія яшчэ не гучалі ў тэлеэфірах.
– Літаральна на днях вы адзначылі дзень нараджэння. Як святкавалі?
– Мне стукнула 36 (смяецца), а такія даты я святкую дома побач з самымі блізкімі людзьмі. А вось на юбілей можна сабраць і стадыён «Дынама», што я і зрабіў тры гады таму з праграмай «Александр Саладуха 6:0». Зараз я ўсіх ужо запрашаю на канцэрт на 2029 год (артысту споўніцца 70 – аўтар), які мару адзначыць таксама на стадыёне «Дынама» і які назаву «Мы живы». Хутчэй за ўсё такое імя будзе насіць і новы альбом.
– Гэта вельмі сімвалічна. А не складана быць «вечна маладым»?
– Пакуль побач любімыя людзі, пакуль мяне помняць і чакаюць, – не. На адным з нядаўніх канцэртаў, выконваючы кампазіцыю «Вечно молодой», я, як і заўжды, выбег у залу, ускочыў на поручні крэсла, працягваючы спяваць. А потым вярнуўся на сцэну і выдаў гледачам, што нядаўна стаў пенсіянерам. Гэта быў фурор, чулі б вы тыя апладысменты і ўсклікі… Цяпер гэта мая фішка. А наогул, я з дзяцінства займаюся баскетболам, ніколі не цураюся фізічнай працы, вось і перад інтэрв’ю з вамі чысціў снег ля свайго загараднага дома. У нас з жонкай чацвёра дзяцей і пяцёра ўнукаў. Але самая мая галоўная нагрузка – канцэрты. Усё гэта вымушае заўжды быць у тонусе. Расслабляцца няма часу.
– Вы адзін з нямногіх артыстаў, хто адкрыта гаворыць пра свае ганарары, не хавае інфармацыю пра даходы.
– Я нічога не ўкраў. Чэсна працую і зарабляю. Дзякуй богу, у нашай краіне ёсць усе ўмовы для гэтага. Для ўсіх, хто скардзіцца на тое, што зарабіць немагчыма, скажу: пашыце, рабяты, і ўсё будзе. Пашыце, як я. Не было гастроляў у пандэмію, я працаваў на карпаратывах. І наогул, ніколі не адмаўляюся парадаваць людзей. Толькі з 19-га на 20 год у мяне было 55 навагодніх карпаратываў. А гэта па 5–7 выступленняў за дзень. Затое і пандэмію перажыў, бо была фінансавая падушка. Больш за тое, нават альтанку і веранду ўдалося пабудаваць – жонка даўно прасіла.
– Ведаю, гэты год для вас асаблівы.
– Так. Сёлета я адзначаю 35 год творчай дзейнасці, 30 год з моманту выхаду «Здравствуй, чужая милая» і 40 год, як скончыў Мінскі медыцынскі інстытут.
– Мы не сумняваемся, што ўсё вамі задуманае абавязкова спраўдзіцца. Дзякуй за шчырую размову. Сустрэнемся на канцэрце.
Гутарыла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №6 ад 25.01.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *