Іна Грабоўская: Ты суддзя, а таму ніякіх эмоцый не павінна быць

Общество

Знайсці ісціну ў любых абставінах

9 верасня 2021 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на пасаду старшыні суда Шумілінскага раёна прызначана Грабоўская Іна Валер’еўна.

Карэспандэнт раённай газеты пагутарыў з І. В. Грабоўскай.
– Іна Валер’еўна, раскажыце, як складвалася ваша кар’ера.
– Нарадзілася ў 1977 у Мінску, неўзабаве сям’я пераехала ў Лепель. Тут я закончыла сярэднюю школы з залатым медалём. Паступіла на юрыдычны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1999 яго закончыла з «чырвоным» дыпломам. На работу ўладкавалася ў суд Кастрычніцкага раёна горада Віцебска. Спачатку стажорам, затым памочнікам старшыні суда. Я бачыла, як працуюць суддзі, і з кожным годам мне ўсё больш і больш хацелася стаць суддзёй. Шукаць, разбірацца, знаходзіць ісціну нават у самых заблытаных абставінах. У 2010 года мая мара здзейснілася – я стала суддзёй.
Працуючы суддзёй, разглядала крымінальныя і адміністрацыйныя справы. Шмат было цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Былі справы, звязаныя з распаўсюджаннем наркотыкаў. Гэта асаблівая катэгорыя, судовыя пасяджэнні і да аднаго года маглі працягвацца. Вельмі часта на лаве падсудных былі падлеткі і маладыя людзі. Адным сваім неабдуманым крокам яны зламалі сваё жыццё, а ў зале судовага пасяджэння іх бацькі і сваякі, якія не могуць стрымаць слёз. Але ты суддзя, а таму ніякіх эмоцый не павінна быць. Толькі закон, скажу нават Яго вялікасць закон, згодна з якім людзі, асуджаныя за наркатычныя злачынствы, атрымліваюць вялікія тэрміны зняволення.
– Вы ў раёне працуеце ўжо чатыры месяцы. Якія вашы асабістыя ўражанні ад нашага раёна?
– Шчыра прызнаюся, што ў Шуміліне ніколі не была, толькі праездам. Маё першае знаёмства з райцэнтрам адбылося 13 верасня, калі мяне прадставілі калектыву суда Шумілінскага раёна.
Памятаю, едзем мы ў Шуміліна, а тут поўным ходам ідуць работы па падрыхтоўцы да «Дажынак». Усюды кіпіць работа, нешта мяняецца, на вуліцах шмат рознай тэхнікі. Мне падалося, што рытм жыцця яшчэ большы, чым у Віцебску. Праўда, гэта было ўсяго толькі першае ўражанне. Як гаворыцца, пасля «Дажынак» усё стала на свае месцы – ціхі і спакойны, утульны і дагледжаны гарадок, у якім жывуць разважлівыя і спагадлівыя людзі.
– Вы не толькі суддзя, а і кіраўнік. Не сакрэт, што ў рабоце суда шмат што залежыць ад узаемаадносінаў работнікаў і спецыялістаў.
– У рабоце невялікай па колькасці арганізацыі вельмі шмат залежыць ад мікраклімату ў калектыве. Ні ў якім разе нельга гаварыць пра тое, што якасць работы суда залежыць выключна ад суддзі ці ад старшыні суда. Вялікі ўклад у агульную справу ўносіць кожны работнік. Толькі ў такім выпадку можа быць агульны поспех. Лічу, што ў калектыве суда павінны працаваць людзі, якім старшыня суда можа даверыцца ў самы адказны момант. Хачу сказаць вялікі дзякуй Алене Аляксееўне Сініцкай, якая на пасадзе старшыні суда змагла падабраць такі надзейны і прафесійны калектыў, з якім мне, маладому старшыні суда, лёгка працаваць.
– У пачатку года традыцыйна падводзяцца вынікі мінулага. З якімі паказчыкамі завяршыў 2021 год суд Шумілінскага раёна? І ўвогуле, якая сітуацыя з правапарадкам у нашым раёне, магчыма, вы заўважылі нейкія асаблівасці, характэрныя толькі для Шуміліншчыны?
– Пра выніковасць работы, на мой погляд, лепш за ўсё гавораць лічбы. Прывяду некаторыя. У мінулым годзе судом Шумілінскага раёна разгледжаны 254 грамадзянскія справы, 84 крымінальныя справы і 267 спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях. У 2021 годзе ў апеляцыйным парадку па грамадзянскіх справах адменена адно рашэнне ў частцы, па крымінальных справах зменены 2 прысуды, па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях адмен і змяненняў, якія не ўступілі ў законную сілу, пастаноў судом не дапушчана. Можна ўпэўнена гаварыць, што спрацавалі добра і кваліфікавана, і вельмі хочацца, каб сёлета паказчыкі былі не горшымі.
Я б не сказала, што ў нас нейкая асаблівая сітуацыя. Ёсць, канешне, адметнае, але з агульнай карціны мы не выбіваемся. У параўнанні з Віцебскам у нас значна менш цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Хаця сёлетні год пачаўся з непрыемнага: пры закладцы наркотыкаў у сховішча ў Віцебску быў затрыманы падлетак. Наколькі паспела прааналізаваць сітуацыю, на Шуміліншчыне такія злачынствы рэдкія.
Агульную праблему як для Шуміліна, так і ў Віцебску, бачу ў алкагалізацыі насельніцтва. Каля 80% злачынстваў здзяйсняюцца ў стане алкагольнага ап’янення. Затым людзі падчас судовага пасяджэння не раз кажуць, што ва ўсім вінавата спіртное. Вось і маё першае судовае пасяджэнне ў Шуміліне было звязана з гэтай праблемай. Разам распівалі спіртное, адзін забраў банкаўскую картку ў другога ды пайшоў з ёй у краму. У выніку крымінальная справа і пакаранне ў выглядзе штрафу памерам у 928 рублёў.
Хаця, калі казаць у цэлым, жыццё ў нас спакойнае. Можна смела выйсці ўвечары на вуліцу і не хвалявацца пра сваю бяспеку. Адзначу, што праваахоўная сістэма ў Шуміліне працуе эфектыўна.
– Знаходзячыся ў зале суда і слухаючы ваш голас у момант аб’яўлення прысуду, нават уявіць сабе цяжка, што, зняўшы мантыю, вы жывяце звычайным жыццём. Іна Валер’еўна, якая вы дома, чым любіце займацца, якія вашы жыццёвыя прыярытэты?
– (Смяецца) Звычайная жанчына. З дзяцінства імкнуся радавацца кожнай дробязі, што здараецца ў жыцці. Радуюся за свайго сына Уладзіслава, які зусім нядаўна прыйшоў з арміі, дарэчы, службу праходзіў у Мінску ў роце ганаровай варты. Радуюся, калі прыходжу дадому і мяне з радасцю сустракае мой мопс Боня і адразу патрабуе ісці на прагулку.
Захапленняў, можна сказаць, няма. Раней, калі працавала ў Віцебску, любіла чытаць. Даспадобы руская класіка: Аляксандр Пушкін, Іван Тургенеў, Фёдар Дастаеўскі. Любімага аўтара няма, чытаю пад настрой. Зараз, калі працую ў Шуміліне, а жыву ў Віцебску, проста не хапае часу. Хаця на выхадных і спрабую ўхапіць гадзіну на кнігу.
Вельмі люблю кветкі. І дома багата іх у мяне. Прызнаюся, што лепшы падарунак – гэта шыкоўны букет чырвоных руж.
– Іна Валер’еўна, што б вы пажадалі чытачам раённай газеты?
– Не сустракацца ні са мной, ні з іншымі суддзямі ў зале судовых пасяджэнняў ні ў якасці пацярпелых, ні ў якасці падсудных. А калі сур’ёзна, жыць па сумленні і па законе. І тады ўсё будзе добра. А таксама проста радавацца жыццю, пабольш усміхацца і бачыць станоўчае, што адбываецца вакол цябе.
– Дзякуй за размову.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №7 ад 28.01.2022 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *