В субботу 25 февраля в Шумилино проводили Масленицу

Актуалии Культура

Масленіца. І я там быў — бліны еў, мёд піў
Масленічны тыдзень сёлета выдаўся як на заказ: пасля марознага зімовага надвор’я – адліга. Адразу ў паветры запахла вясной. Вось і ў суботу святкаванне масленіцы ў Шуміліне прайшло на фоне расталага снегу, вільготнага халаднаватага, але ўжо не марознага, ветру, ды і сонейка рабіла спробы парадаваць усіх, хто сабраўся на гулянні. Галоўныя дзеянні разгарнуліся ў гарадскім парку. Там размясціліся гандлёвыя рады, на высокай снежнай горцы чакала свайго часу чучала зімы, на сцэне ладзілася тэатралізаванае прадстаўленне.
Масленіца і скамарохі, Вясна-краса і злая Зіма уцягвалі гледачоў у казачна-абрадавы карагод. Конкурсы, загадкі, забавы, песні і жарты змянялі адно аднога. Дзеці коўзаліся з горкі, мераліся ў спрытнасці і хуткасці, радаваліся.
Удзельнікі свята спяшаліся пачаставацца, вядома, блінамі таксама шашлыком, поліўкай і пірагамі і ўсім, што прапаноўвалі кулінары з райспажыўтаварыства і Народнага клуба нацыянальнай кухні “Разынка”. Народ частавалі многія шумілінскія магазіны. Жыхары і госці Шуміліна куплялі беларускія сувеніры з саломкі і тканіны, дрэва і керамікі ад майстроў Дома рамёстваў.
На гарадскім стадыёне каталіся на санях. Сваіх прыхільнікаў чакаў і святочны слуп. Ахвотнікаў паспарбаваць свае сілы ў гэтым было няшмат, ды і не кожны, хто рашыўся, змог дабрацца да вяршыні. Галоўны ж прыз – певень — дастаўся неаднаразоваму пераможцу ў гэтым спаборніцтве – Валерыю Валчэцкаму, які літаральна ўзляцеў на слуп за 13 секунд (на 4 секунды пераўзышоў свой жа мінулагодні рэкорд).
Ну а аматары экстрыму паспрабавалі свае сілы ў футболе на снезе, што было не так проста з улікам плюсавога надвор’я.
Ещё чуть-чуть...
Прощай, зима!

А напрыканцы адбылося спальванне чучала, якое сімвалізавала адыходзячую зіму. Дарэчы, вядучыя нагадалі, што апошні дзень масленічнага тыдня 26 лютага – Даравальная нядзеля, калі трэба папрасіць прабачэння і дараваць родных, сяброў, знаёмых.

Такія знакавыя народныя святны захоўваюцца недзе ў глыбіні народнай памяці. Захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Таму і верыцца, што валодаюць яны магічнай сілай. Верыцца, што і сапраўды, выканаўшы абрад мы паскорылі наступленне вясны, падсілкавалі святочным агнём сонейка, якое пачне з гэтага дня свяціць ярчэй і грэць мацней.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *