Гарпасялковая бібліятэка «Дабееўскі мох» у Шуміліне адсвяткавала 30-годдзе з дня адкрыцця

Культура Новости

«Кнігі глядзяць на мяне»

На мінулым тыдні гарпасялковая бібліятэка «Дабееўскі мох» святкавала
30-годдзе з дня адкрыцця.

Шмат цёплых слоў атрымала загадчык бібліятэкі Валянціна Сачнёва.

Кнігу заўсёды называлі аптэкай душы і крыніцай ведаў, а бібліятэку – храмам мудрасці і навукі. Такой была і застаецца бібліятэка на Брыкеце, дзе з пачатку яе адкрыцця працуе Валянціна Ільінічна Сачнёва. Раней тут была прафсаюзная бібліятэка пры торфапрадпрыемстве «Дабееўскі мох», а калі яе закрылі, была адкрыта дзяржаўная бібліятэка ў мясцовым клубе. У 1999 годзе яна атрымала новую прапіску ў будынку былой канторы торфапрадпрыемства. Пра гэтыя і іншыя старонкі гістарыі расказала вядучая мерапрыемства метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Таццяна Іваноўская.
Дырэктар Шумілінскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга Барабанава расказала пра Валянціну Сачнёву як пра прафесіянала, які заўсёды падтрымлівае навінкі, ніколі не сядзіць на месцы, спасцігае новае і вучыць гэтаму іншых. Дзякуючы бібліятэкару дзеці СШ №2 палюбілі кнігі. Яны прыходзяць сюды не толькі пачытаць, але і наведаць выставы, дапамагчы іх зрабіць. Пры бібліятэцы працуе клуб па інтарэсах «Сябры кнігі», які з цікавасцю наведваюць многія хлопчыкі і дзяўчынкі. Часта бібліятэку наведваюць маладыя мамы, людзі сталага ўзросту – усяго тут каля 700 чытачоў.
Работнік Дома рамёстваў Наталля Сцержанкова сказала шмат цёплых слоў пра Валянціну Сачнёву, разам з якой (у адным будынку) працуюць два дзясяткі гадоў. І калі трэба якая дапамога Дому рамёстваў, то бягуць да Валянціны Ільінічны – яна выслухае, дапаможа, дасць талковую і мудрую параду. Нягледзячы на тое, што Валянціна Ільінічна ідзе на заслужаны адпачынак, яе чакаюць як у бібліятэцы, так і ў Доме рамёстваў.
Цёплыя словы, падарункі, віншаванні ад калег і прафсаюзнай арганізацыі прымала ў гэты дзень Валян-ціна Сачнёва. Яна расказала пра сябе, першыя крокі прафесійнай дзейнасці ў Грабнёўскай сельскай бібліятэцы, пра свайго настаўніка і памочніка – бібліятэкара з Сіроціна Рыту Анікееўну Лапавухаву, пра ўсведамленне таго, што ўсё прафесійнае жыццё «кнігі глядзяць на мяне».
Мерапрыемства суправаджалася гульнямі, жартамі, песнямі і агульным чаяпіццем.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №24 ад 01.04.2022 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *