Красные галстуки, песни у костра и “Зарницы”. К 100-летию пионерской организации

Молодёжь Образование Общество

Чырвоныя гальштукі, песні ля вогнішча і «Зарніцы»

Статут, дэвіз і законы Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі былі прынятыя падчас X Рэспубліканскага злёту піянераў у 1990 годзе. Але сваю гісторыю піянерскі рух нашай краіны адлічвае ад 19 мая 1922 года, калі па рашэнні Усерасійскай канферэнцыі УЛКСМ была створана Усесаюзная піянерская арганізацыя.

Бацькі сённяшніх піянераў, магчыма, і не заспелі час, калі дэвіз: «Будзь гатовы! Заўжды гатовы!», выклікаў у дзіцячых сэрцах сапраўднае трапятанне. Школьніка, які забыў гальштук дома, маглі і не пусціць на заняткі, а то і наогул выключыць з радоў арганізацыі, калі яго паводзіны не адпавядалі яе прынцыпам. Злёты, конкурсы строю і песні, «Зарніцы», паходы, цімураўскі рух – работа па выхаванні падрастаючага пакалення ў духу патрыятызму, павагі да старэйшага пакалення, самаахвяравання і імкнення стаць лепшым была сістэмнай і выдатна арганізаванай.

Усё гэта добра памятае Марыя Кавалёва. І нават песню піянераў Беларусі спявае, калі хоча падняць сабе настрой. Частка біяграфіі, звязаная з развіццём піянерскага і камсамольскага руху на Шуміліншчыне, асабліва дарагая сэрцу Марыі Аляксееўны. Жанчына на працягу 12 год  была членам райкама камсамолу, загадчыкам школьнага ад-дзела. Узначальвала раённы Савет піянерскай арганізацыі. Здаецца, яна і сёння чэрпае жыццёвыя сілы з той задорнай, смелай, на ўсё здатнай маладосці, напоўненай песнямі ля вогнішча, паходамі, злётамі і планамі на светлае будучае.

– У той час шмат увагі ўдзялялася патрыятычнаму выхаванню моладзі. І патрыятызм быў сапраўдны, – успамінае Марыя Аляксееўна. – Дзеці і моладзь былі надзвычай актыўнымі, лёгка ўключаліся ў добрыя справы.

Яна памятае, як больш за 40 год таму ў Шуміліне арганізавалі факельнае шэсце. Узгадвае, якія грандыёзныя мерапрыемствы ла-дзіліся на стадыёне – з вогнішчамі да неба, песнямі і спаборніцтвамі. Адзначае маштабнасць цімураўскага руху. Усё гэта аб’ядноўвала падрастаючае пакаленне агульнымі ідэямі дабра.

Вялікую частку работы ў той час займала ваенна-патрыятычнае выхаванне на баявых і працоўных традыцыях нашага народа. Піянерскія дружыны змагаліся за права насіць імёны герояў Вялікай Айчыннай вайны. Цімураўцы бралі шэфства над ветэранамі. Удзельнікі вайны былі частымі гасцямі ў школе.

М. А. Кавалёва ганарыцца тым, што пры яе садзейнічанні ў сярэдняй школе № 1 з’явіўся куток Героя Савецкага Саюза Пятра Акуцыёнка.

– У 1962-1963 годзе я працавала там старшай піянерважатай. Памятаю, як аднойчы да нас завіталі сёстры Пятра Акуцыёнка Ганна і Антаніна. Ад іх мы і даведаліся, што малодшы лейтэнант Пётр Акуцыёнак, які нарадзіўся ў Шуміліне, гераічна змагаўся на фронце ў гады вайны і яму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза за фарсіраванне Дняпра ў раёне Лоева на Гомельшчыне, – расказвае Марыя Аляксееўна. – Мы з вучнямі пачалі збіраць матэрыялы пра нашага земляка. Родныя перадалі школе дакументы, фота-здымкі. Таксама трымалі сувязь з вайсковай часцю ў Бабруйску, дзе служыў Пётр Антонавіч.

Урачыстае адкрыццё кутка адбылося 23 лютага 1963 года. У гэты дзень прымалі ў піянеры лепшых вучняў. Таксама ладзіўся агляд атраднай песні і строю. Наведалі мерапрыемства і ваеннаслужачыя з Бабруйска. Яны падарылі школьнаму музею карціны. На адной – Пётр Акуцыёнак, на другой – фрагмент бою, на якім наш зямляк уздымае сцяг не процілеглым беразе Дняпра. На жаль, карціны не захаваліся.

Марыя Аляксееўна заўжды з задавальненнем наведвала школу, дзялілася успамінамі з дзецьмі, удзельнічала ў мерапрыемствах. Яна спадзяецца, што сённяшнія піянеры перанялі лепшыя традыцыі сваіх папярэднікаў, што яны зробяць усё магчымае, каб імёны герояў жылі, будуць шчыра любіць сваю краіну.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

Фота з архіва Марыі Кавалёвай.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *