Ищете участок под дачу? Вас приглашает садовое товарищество «Дачное» в Ужлятино Шумилинского района

Мир увлечений Общество Сельское хозяйство

Рай для гараджан

або Пра тое, як правесці лета з карысцю для душы і цела

Людзі дзеляцца на дзве катэгорыі: для адных лета – гэта Турцыя ці Анапа, для другіх – агарод і лес з суніцамі. Калі мая сяброўка-гараджанка купіла сабе дом у вёсачцы і першы раз у жыцці сабралася саджаць бульбу, нагледзеўшыся ролікаў у ютубе, я задумалася: напэўна, ёсць у працы на зямлі нейкая прыцягальная сіла, якая рана ці позна прываблівае ці не кожнага з нас. Праўда, набыць дом у вёсцы, як мая сяброўка, па кішэні не ўсім. Што рабіць?

 

Аказваецца, на тэрыторыі Шумілінскага раёна ёсць садовае таварыства з гаворачай назвай «Дачнае». Накіраваліся туды, каб на свае вочы пабачыць, як жывуць сучасныя дачнікі, даведацца, якія праблемы ім даводзіцца вырашаць і з чаго наогул варта пачынаць дачную біяграфію.

Знаходзіцца таварыства літаральна за некалькі кіламетраў ад Шуміліна – паміж вёскамі Язвіна і Ужляціна. Я адразу для сябе адзначыла добрую транспартную лагістыку: дабрацца сюды можна без праблем і на аўтобусе, і на поездзе. Гасцей дачны пасёлак сустракае шыльдай і стэндам з аб’явамі. Углыб вядзе грунтавая дарога, хоць і не ідэальная, але бачна, што ёю займаюцца – падсыпаюць, пазбаўляюць ад кустоўя абочыны.

Мы дамовіліся сустрэцца са старшынёй таварыства Тамарай Баранавай. Яе ўчастак размясціўся ля самага лесу, дзе цішыню парушаюць толькі спевы птушак і піск камароў па вечарах.

– Напэўна, гэта і ёсць край зямлі? – жартам пытаю ў гаспадыні.

– Мы яго і шукалі. Для нас гэта дакладна самае лепшае месца на зямлі, – адказвае Тамара Пятроўна.

Участак жанчына разам з мужам набыла восем год таму. За гэты час яны яго добраўпарадкавалі, давялі да ладу дом, пабудавалі гаспадарчыя памяшканні. Веранда, альтанка, лазня, газон, агарод – тут ёсць усё і для працы на зямлі, і для добрага адпачынку. Творчая натура гаспадыні не ведае стомы. На яе ўчастку безліч разнастайных ландшафтных рашэнняў – тут і казачныя персанажы, і імправізаваныя ручаі з мосцікамі, і мора кветак, і сосны з елкамі. Сцены дома, вароты і нават дарожкі ўпрыгожваюць пано з пластыкавых накрывак ад бутэлек. Вось дзе цярпенне! У стадыі распрацоўкі – фантан! Бачна, што клопату і сіл ва ўладкаванне месца людзі ўклалі нямала.

– Гэта наша аддушына. Толькі тут мы можам па-сапраўднаму адпачыць усёй сям’ёй. Так, працаваць даводзіцца шмат, але гэта суцэльнае задавальненне, – дзеліцца Тамара Баранава.

Яе як старшыню таварыства радуе, што з кожным годам усё больш участкаў займае моладзь. Яна захапляецца іх працаздольнасцю, тым, як хутка і ладна яны з усім спраўляюцца. Таварыства ажывае.

– Яны прызнаюцца, што не могуць дачакацца пятніцы, каб вырвацца з шумнага горада ў наш рай, – кажа Тамара Пятроўна пра маладых дачнікаў. –Працуюць з ранку да вечара. Вы толькі паглядзіце, якія дагледжаныя ў іх участкі.

І сапраўды – роўныя градкі, кветкі, акуратныя домікі. У адных – больш сціплыя, у іншых – нават шыкоўныя. І на кожным участку рупяцца людзі – завіхаюцца ў агародзе, нешта грабуць, фарбуюць, выкарчоўваюць лазу.

А вось Сяргей Грышчанка можа сабе дазволіць і прагуляцца. У яго ўсё зроблена. І не дзіва. Участак мужчына набыў гадоў 20 таму і за гэты час давёў яго да ідэалу. Тут двухпавярховы домік, лазня – асобны гонар гаспадара, парнікі, газоны, агарод, саджалка, калодзеж. Віцяблянін разам з сям’ёй праводзіць на дачы ўвесь вольны час. Зразумела, працы яны не баяцца. Сяргей пачаставаў бярозавым сокам уласнага прыгатавання, пахваліўся, што на перцах ужо ёсць ладныя завязі. Ну як тут не захацець набыць участак?

Пацікавіліся ў аддзеле землеўладкавання Шумілінскага райвыканкама, як гэта можна зрабіць. Кансультацыю дала начальнік Наталля Лук’янава:

– У садовым таварыстве «Дачнае» налічваецца каля 300 участкаў, занята дзесьці 130. Так што любы жадаючы лёгка можа стаць дачнікам. Для афармлення ўчастка трэба звярнуцца ў службу «адно акно» райвыканкама. Працэдура абыдзецца ў 350-400 рублёў. А калі ўчастак ужо мае кадастравы нумар, то і яшчэ танней. На кожнага чалавека можна аформіць 15 сотак. Падрабязная інфармацыя размешчана на сайце райвыканкама.

Здаецца, нічога складанага. Бухгалтар таварыства Алена Райкова адзначыла, што так званы дачны збор складае дзве базавыя велічыні ў год. На гэтыя грошы вырашаюцца агульныя для ўсіх праблемы, напрыклад, рамонт дарог. На тэрыторыі таварыства дзве кантэйнерныя пляцоўкі, тры грамадскія калодзежы.

Але многія, як, напрыклад, Сяргей Грышчанка, выкапалі і кало-дзеж, і саджалку на ўласных участках. Раз на тыдзень сюды прыязджае аўталаўка.

– Мы тут вельмі дружныя. Дапамагаем адзін аднаму, святы разам спраўляем. Вы прыязджайце да нас на Купалле. Мы і вогнішча палім, і вянкі на ваду пускаем, і спяваем, – шчыра запрашае Алена Райкова.

Алена Міхайлаўна ўчастак набыла 9 год назад. Зразумелі з мужам, што жыллё ў горадзе наўрад ці ўдасца пабудаваць, вырашылі ўладкавацца на зямлі, каб было дзе сустракаць старасць. Не ў інтэрнаце ж, дзе зараз жывуць. З той пары кожны зароблены рубель укладалі ў будаўніцтва дома. Так, далёка не ўсё яшчэ зроблена, але гаспадары ведаюць, што ім усё па сілах, бо ёсць жаданне.

Як высветлілася, некаторыя гараджане жывуць на дачах круглы год – і летам, і зімой. І ні на што не гатовыя прамяняць свой сапраўды райскі куток.

На сайце раёнкі і ў сацыяльных сетках мы размясцілі відэа і фота з маляўнічымі відамі пасёлка. Вывад напрошваецца адзін: дачы – гэта па-ранейшаму модна!

Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *