Память поколений: на братские могилы советских солдат приезжают родственники из России

Общество

Памяць непадуладная часу і адлегласці. Яна жыве ў сэрцах людзей, перадаецца з пакалення ў пакаленне. І сёння, калі мінула 77 гадоў пасля Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, людзі шукаюць магілы сваіх родных, якія загінулі на франтах вайны. Шукаюць і знаходзяць. Асабліва многа замежных гасцей бывае ў Сіроцінскім сельсавеце. Гэта невыпадкова, бо з восені 1943 да лета 1944 года тут праходзіла лінія фронту, тут пачыналася аперацыя «Баграціён». У брацкіх магілах на сіроцінскай зямлі засталіся тысячы савецкіх салдат з усяго былога Савецкага Саюза.

З Калугі ў Сянькова – на магілу дзядулі

Нядаўна у вёску Сянькова на магілу свайго дзеда прыязджаў  Уладзімір Сярогін з жонкай Святланай з расійскага горада Калугі.

– Амаль два гады мы шукалі, дзе загінуў наш дзядуля Фёдар Емяльянавіч Сярогін. Са слоў бабулі Ганны Сяргееўны мы ведаем, што сям’я жыла ў в.Чулкова Разанскай вобласці. У першы год вайны дзед быў прызваны абараняць Радзіму. Ён быў сувязістам, служыў у 13-ым асобным батальёне сувязі, які з’яўляўся падраздзяленнем  2-га гвардзейскага стралковага корпусу. Фёдар Сярогін пайшоў на вайну, пакінуўшы дома жонку з трыма дзецьмі. Ад голаду і хвароб двое з іх памерлі. У жывых застаўся толькі Віктар, мой бацька.

У пошуках дзеда дапамагала наша дачка, якая адпраўляла запыты ў розныя архівы, – расказаў Уладзімір Сярогін.

Так высветлілася, што  Ф. Е. Сярогін загінуў і пахаваны ў в. Касцюкі Сіроцінскага раёна. Пошукі тармазіла тое, што такога раёна і вёскі даўно няма.  Дапамог Сяргей Мандро, аднакурснік з Віцебскай вобласці, з якім разам вучыліся ў Рыжскім ваенным вучылішчы. Сябрам-расіянам расказалі, што Сіроцінскі раён перайменаваны ў Шумілінскі, што вайсковыя пахаванні з Касцюкоў  перанесены ў Сянькова.

З Шуміліна на брацкае пахаванне ў Сянькова калужан суправаджала старшыня Сіроцінскага сельвыканкама Аксана Шынкевіч. Яна расказала, што помнік на брацкіх могілах быў усталяваны ў 1947 годзе, а перапахаванне салдат з некаторых іншых могілак адбылося ў 1960-м годзе. А ўвогуле ў брацкай магіле ў Сянькове знайшлі спачын 136 савецкіх салдат.

Па просьбе расіян у Сянькова прыехаў благачынны цэркваў Шумілінскай акругі протаіерэй Фёдар Пучынскі, які прачытаў на магіле малітву за ўсіх воінаў, што загінулі на полі бою за веру і Айчыну. Падзякаваў расіянам за тое, што яны не палічыліся з адлегласцю, знайшлі час і магчымасці прыехаць на Шуміліншчыну, каб ушанаваць памяць дзядулі, ускласці кветкі і запаліць лампадку на яго магіле.

Уладзімір і Святлана Сярогіны ўзялі жменю зямлі з магілы дзядулі, якую павезлі на магілу ягонай жонкі Ганны Сяргееўны.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *