Юбилей УП «Витебскторф». 100 лет торфопредприятию в г.п. Оболь Шумилинского района

Главное Экономика

ВУ «Віцебскторф» – 100 год

У кожнай арганізацыі, як і ў асобна ўзятага чалавека, ёсць свой лёс і свая гісторыя. Яны і складаюць партрэт прадпрыемства. У ВУ «Віцебскторф»  (былое торфапрадпрыемства імя Даўмана) багатая гісторыя – сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня ўтварэння.  У якім месяцы дакладна пачало працаваць прадпрыемства, звестак не захавалася, але старажылы з Обалі сцвярджалі, што торфазавод пачаў працаваць з вясны 1922 года.

Обаль здаўна славілася багатымі залежамі торфу. І першыя звесткі пра іх радовішчы адносяцца да 1913 года. Але да прамысловай распрацоўкі тарфянога пласта прыступілі ўжо ў часы савецкай улады. Торф выкарыстоўвалі як паліва.

У даваенныя гады торфазавод быў самым буйным прамысловым прадпрыемствам Шуміліншчыны, на якім працавала 449 рабочых.

 

Гістарычныя звесткі

У Шумілінскім раённым архіве захоўваецца дакумент, прадастаўлены дзяржаўным архівам БССР у 1972 годзе, дзе значыцца: «У дакументальных матэрыялах Віцебскага губернскага Саўнаргаса знойдзены наступныя звесткі па гісторыі Обальскага торфапрадпрыемства: у спісе прадпрыемстваў, падведамасных губернскаму тарфяному камітэту, за 1920 год значыцца торфараспрацоўка “Обаль-Тупіцкая”. На той час там працавалі 8 служачых, 29 рабочых. Загадчыкам прадпрыемства быў Сямён Мікалаевіч Гнядоўскі».

У архіве захаваліся вытрымкі са справаздачы Віцебскага губернскага  тарфянога камітэта: «У 1920 годзе тарфяны камітэт аб’ядноўваў пяць распрацовак: Труды, Обаль, Дымаўшчына, Гагрына, Зосіна. У справаздачным годзе ў вядзенні тарфкама знаходзіцца  сем торфараспрацовак, дзе працавалі 61 рабочы, 7 служачых, 2 машыны».

У спісе прамысловых устаноў Віцебскай губерні на 1 верасня 1922 года значыцца торфапрадпрыемства Обаль Полацкага ўезда.

 

Завод імя Даўмана

У 1928 годзе торфазаводу было прысвоена імя Анса Эрнеставіча Даўмана. У 1969 годзе ў гонар 50-годдзя ўтварэння БССР на тэрыторыі прадпрыемства быў устаноўлены бюст А. Э. Даўмана. На адкрыцці прысутнічала яго дачка Герміна Ансаўна Даўман, якая жыла ў Рызе. Яна падарыла вучням мясцовай школы партрэт свайго бацькі, які напісала сама.

 

Гістарычная даведка. Анс Эрнеставіч Даўман (партыйны псеўданім Пуйка) (26.11.1885-01.08.1920) – дзеяч рэвалюцыйнага руху Латвіі, герой Грамадзянскай вайны. У 1905 годзе ўдзельнічаў у Першамайскай дэманстрацыі ў Пскове і арганізацыі стачкі рабочых у Рызе. У час Лютаўскай рэвалюцыі 1917  года  займаў пост старшыні Нарвенскага ВРК. З лютага 1917 года камандзір партызанскага атрада змагаўся супраць нямецкіх акупантаў у раёне Нарвы. У час наступлення нямецкіх войск у лютым-сакавіку 1918 года быў камандзірам Нарвенскага партызанскага атрада, камісарам Гатчынскай дывізіі. У вайне з белапалякамі ў 1920 годзе быў камандзірам 10-й дывізіі, якая вызваляла Чэрвень, Пухавічы, Клецк, Бярозу, Брэст ад польскіх войск. Загінуў пад Брэстам, пахаваны ў Мінску. Двойчы кавалер ордэна Чырвонага Сцяга.

 

У дзве змены

У гады Вялікай Айчыннай вайны торфазавод часова прыпыніў сваю дзейнасць, усе прамысловыя будынкі былі на 40% разбураны падчас бамбёжак, бо непадалёк знаходзіўся нямецкі гарнізон. Дакументы, што былі на прадпрыемстве, згарэлі. А ў 1944 годзе, адразу пасля вызвалення Шумілінскага раёна ад фашысцкіх захопнікаў, торфапрадпрыемства пачалі адбудоўваць.

Былы работнік прадпрыемства Вільгельміна Чугунова захавала ўспаміны ўдзельніка вайны В. Т. Кажамякіна, які з 1946 года працаваў на прадпрыемстве слесарам: «На здабычы торфу працавалі ў дзве змены, у кожнай па 31 чалавеку. За сезон здабывалі па  40-45 тысяч  тон торфу. Яго сушка вялася ўручную. Акрамя пастаянных рабочых, на сезон вербавалі каля паўтары тысячы чалавек. У 1948 годзе была адбудавана фабрыка ізаляцыйных пліт з аб’ёмам вытворчасці 150 тысяч штук у год. У сярэдзіне  50-х гадоў з’явіліся  багерныя машыны па здабычы торфу. У 1961 годзе да прадпрыемстве была падведзена высакавольтная лінія, што дазволіла электрафіцыраваць многія віды работ. На здабычы торфу з’явіліся высокакаўшовыя экскаватары ТЭМП, на сушцы торфу сталі прымяняцца машыны УМС, уборку і штабялёўку выконвалі машыны УКБ і СКС. На адгрузцы торфу на балоце прымяняліся пагрузачныя краны».

 

60 тысяч за сезон 

З   сярэдзіны 60-х гадоў усе работы былі механізаваныя, працавалі толькі пастаянныя рабочыя. Аб’ём здабычы торфу павялічыўся да 60 тысяч тон за сезон. Планавалася давесці здабычу да 120 тысяч тон. Але пасля будаўніцтва Наваполацкага  нафтаперапрацоўчага завода з’явіўся новы від паліва – мазут, і попыт на кавалкавы торф рэзка знізіўся. Каб падтрымаць валавы аб’ём вытворчасці, у 1955 годзе было вырашана тэрмінова пабудаваць яшчэ фабрыку ізапліт. Пасля ўводу новай фабрыкі аб’ём вытворчасці склаў 800 тысяч метраў кубічных у год. Замест кавалкавага торфу з 1964 года вялася здабыча фрэзернага торфу для выкарыстання ў сельскагаспадарчай вытворчасці (аб’ём – каля 300 тысяч тон у год).

У пачатку 70-х гадоў з’явіліся новыя цеплаізаляцыйныя матэрыялы, такія як шкловата, а торфапліты былі лёгказгараемымі, іх прымяненне было забаронена. Фабрыка ў 1977 годзе была пераабсталявана на вытворчасць торфу нізкай ступені раскладання для экспарту з праектнай магутнасцю 20 тысяч тон у год. Праектам рэканструкцыі прадугледжвалася здабыча 160 тысяч тон фрэзернага торфу штогод. Выпуск кіпаванага торфу склаў 25 тысяч тон у год.

Делагаты слёта передовиков во главе с директором торфопредприятия имени Даумана аркадием Барцевичем (справа).

Торф кіпаваны

З  распадам СССР у 90-ыя гады і крызісам эканомікі калгасы перасталі браць торф. Торфапрадпрыемства імя Даўмана пачало спецыялізавацца на вытворчасці торфу кіпаванага на экспарт, тарфяных грунтоў. Мэтай прадпрыемства стала забеспячэнне спажыўцоў тарфяной прадукцыяй. Асноўнай сыравінай стаў верхавы торф, які здабывалі на радовішчах Обаль і Чысцік.

У верасні 2007 года торфапрадпрыемства імя Даўмана было далучана да УП «Віцебскаблгаз» і пачало называцца «Вытворчасць па здабычы і перапрацоўцы торфу ВУ «Полацкгаз». У 2015 годзе з трох торфапрадпрыемстваў (у Обалі, а.-г. Крулеўшчына Докшыцкага раёна і п. Акцябрскі Чашніцкага раёна) было створана структурнае падраздзяленне ВУ «Віцебскторф», дырэктарам якога стаў Віталь Васільевіч Няспляк.

 

Перспектыўная вытворчасць

або Забяспечыць загрузку цэхаў на сорак гадоў наперад

Сёння ВУ «Віцебскторф» – перспектыўная вытворчасць. Дзякуючы пастаяннаму развіццю і падтрымцы УП «Віцебскаблгаз» (генеральны дырэктар Пётр Пятровіч Шэршань) былі ўкаранёныя сучасныя метады здабычы торфу, арганізавана маштабная работа па мадэрнізацыі вытворчасці, абнаўленні торфаздабываючай тэхнікі, падрыхтоўцы новых палеткаў для здабычы торфу, якія пабудаваны ўласнымі сіламі.

З моманту далучэння да УП «Віцебскаблгаз» агульная плошча палеткаў павялічылася ў два разы і складае на сённяшні дзень 1006 гектараў нета, з запасам торфу 4,3 млн. тон, што дазволіць забяспечыць загрузку вытворчых магутнасцяў цэхаў па вытворчасці торфапрадукцыі на перыяд больш за сорак гадоў.

Участок добычи торфа на месторождении Сидень.

Лідар Беларусі па продажы грунтоў  

У Рэспубліцы Беларусь ВУ «Віцебскторф» з’яўляецца ліда      рам па вытворчасці і продажы грунтоў тарфяных спажыўных пад гандлёвай маркай «Дзвіна». Наладжаны выпуск больш за  60 рэцэптур грунтоў спажыўных  серыі «Універсал», «Сад», «Агарод», «Кветкі». У 2021 годзе рэалізавана  больш за 11,2 тыс. тон прадукцыі, у тым ліку на экспарт – больш за дзве тысячы тон.

 

Пераможца рэспубліканскіх конкурсаў

Сёння пастаянна вядзецца работа па пашырэнні асартыменту выпускаемых тарфяных грунтоў  «Дзвіна». Напрыклад, у мінулым годзе была створана новая серыя грунтоў «Кветкі Паазер’я» – спецыяльна для вырошчвання розных гатункаў кветак.

Спецыялісты УП «Віцебскаблгаз» з кожным годам удасканальваюць якасць грунтоў гандлёвай маркі «Дзвіна», займаюцца іх рэкламаваннем на ўнутраным рынку.  У выніку ў 2012, 2016, 2018 і 2020 гадах грунты тарфяныя спажыўныя «Дзвіна» сталі лаўрэатам конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь». А па выніках работы за 2017 год філіял стаў лаўрэатам прэміі ў вобласці якасці Віцебскага аблвыканкама, пераможцам 19-га рэспубліканскага конкурсу «Прадукты 2017 года» ў намінацыі «Угнаенні і глебагрунт».

У 2021 годзе грунты тарфяныя гандлёвай маркі «Дзвіна» сталі фіналістам у намінацыі «Вытворца ўгнаенняў», а таксама занялі 3 месца ў намінацыі «Вытворца глебагрунтоў», удастоены ганаровай прэміі спажывецкага прызнання «Народная марка Беларусі-2022».

 

Леташнія паказчыкі радуюць

Інавацыйны падыход ва ўсіх сферах УП «Віцебскаблгаз», граматная цэнавая палітыка забяспечыла філіялу стабільны тэмп росту асноўных паказчыкаў за 2021 год:

выручка ад рэалізацыі прадукцыі – склала 116%;

экспарт прадукцыі – 108%;

вытворчасць спажыўных грунтоў – 124%;

прадукцыйнасць працы – 118%;ся-рэднямесячная заработная плата – 115%.

 

Увага – моладзі

Разам са стабільнымі вытворчымі паказчыкамі УП «Віцебскаблгаз» удзяляе ўвагу і сацыяльным пытанням. Так, пастаянна праводзіцца прафарыентацыйная работа з моладдзю. А каб хлопцам і дзяўчатам было камфортна па бытавых умовах, каб яны замацоўваліся на працоўных месцах, пабудаваны тры жылыя дамы, якія знаходзяцца ў Докшыцкім раёне (24-х і 12-ці кватэрныя дамы), Шумі-лінскім (12-ці кватэрны дом).

За 2015-2022 гады ў філіял прыбылі 59 выпускнікоў, у тым ліку  ў г. п. Обаль – 11 чалавек, якія атрымалі тут сваё першае рабочае месца.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *