Профсоюзы и депутаты ведут постоянный мониторинг цен в магазинах

Главное Общество Экономика

Накірунак – на айчынныя тавары

Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы ў Беларусі працягваецца маніторынг цэн на тавары першай неабходнасці і лекавыя сродкі, у якім удзельнічаюць прадстаўнікі дэпутацкага корпусу і прафсаюзы.

З рабочым візітам у нашым раёне пабывала дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Палякова, якая разам са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталляй Хамаганавай правяла маніторынг цэн у «Еўраопце» г. п. Шуміліна і мясцовай аптэцы №40 УП «Фармацыя».

У «Еўраопце» нас сустрэў дырэктар гандлёвай кропкі Уладзімір Какушкін. Пакупнікоў у другой палове дня нямнога, можна спакойна азнаёміцца з цэнамі. Па словах прадаўцоў, рэзкага павышэння цэн за апошні месяц не назіралася. А гародніна нават падзешавела: морква каштуе 78 капеек, капуста – 85, буракі – 69, бульба  розных гатункаў –  99 капеек і 1.39 руб. за 1 кг. Немалаважна, што ўся гародніна беларускай вытворчасці. А вось лімоны пакуль у нас не вырошчваюць, цана на іх паднялася на некалькі капеек (каштуюць 4.99 руб.).

Ірына Палякова адзначыла, што асартымент шумілінскага магазіна разнастайны, што цэны па некаторых пазіцыях ніжэй, чым у Мінску. Пацікавілася, ці карыстаюцца жыхары сацыяльнымі скідкамі, якія прадугледжаны для людзей на заслужаным адпачынку і мнагадзетных сем’яў. Скідка па дысконтных картах на сацыяльна значныя тавары 10% прадастаўляецца, прадукты пазначаны спецыяльнымі цэннікамі, і гэта зручна пакупнікам.

У цэнтральнай аптэцы №40 меліся неабходныя лекі беларускай вытворчасці, у якасці аналагу ёсць і даражэйшыя, замежнай вытворчасці. Асартымент і цэны адпавядаюць патрабаванням, адзначылі падчас маніторынгу. У неабходнай колькасці ў аптэцы ёсць у продажы антысэптыкі, сродкі індывідуальнай аховы. Рэалізацыя лекаў ідзе планамерна, рэзкіх скачкоў захворванняў у раёне не назіраецца, адзначыла намеснік загадчыка аптэкі Ірына Дзягілева. Разам з тым фармацэўтам рэкамендавана працаваць у масках.

«Наша задача – не толькі кантраляваць цэны, але і сачыць за тым, каб з гандлёвых сетак не прападалі тавары першай неабходнасці»,  – адзначыла Ірына Палякова.

Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *